“Рыцарскі падыход” на кані прагматызму

№ 38 (856) 20.09.2008 - 26.09.2008 г

Больш як 300-кіламетровую адлегласць да Мсціслава аўтобус з Мінска пераадольвае за сем з гакам гадзін, і таму думкі пра хлеб штодзённы па прыбыцці становяцца бадай непераадольнымі. Адпаведна, першыя ўражанні ад колішняга цэнтра вялікакняжацкага ваяводства ў многіх падарожнікаў ствараюць не яго касцёлы, вулачкі і пакручастыя ландшафты, а пункты грамадскага харчавання. Знаёмства з мясцовай інфраструктурай тоіць першы сюрпрыз: у кавярні вас сустракаюць дзяўчаты ў прыгожых нацыянальных строях.

 /i/content/pi/cult/175/1707/Ogonj1.jpg
 Краявід з Замкавай гары.
— Не здзіўляйцеся, гэта прадугледжвае наша праграма па развіцці турызму, — кажа намеснік старшыні Мсціслаўскага райвыканкама
Святаслаў Кусаў.
Складовай часткай праграмы з’яўляецца і свята сярэднявечнай культуры “Рыцарскі фэст”, якое сёлета прайшло ўжо другі раз і адгэтуль стане штогадовым. Як і многія іншыя аматары даўніны, карэспандэнт “К” абраў для наведвання Мсціслава менавіта дні фэсту. Прычым цікавілі яго не столькі асаблівасці сярэднявечнага ўзбраення і тактыка бугуртаў, колькі аспекты больш прагматычныя. Што дае — ці, прынамсі, можа даць у перспектыве — рыцарскае свята гэтаму гарадку, размешчанаму на самай мяжы Беларусі? Зрэшты, падобны прагматызм уласцівы таксама і раённым уладам.
— Аналізуючы перспектывы развіцця нашага раёна, можна лёгка прыйсці да высновы, што мы маем толькі два асноўныя рэсурсы, выкарыстанне якіх здолее істотна змяніць жыццё краю да лепшага, — кажа старшыня Мсціслаўскага райвыканкама Алег Чыкіда. — Па-першае, гэта ўкараненне прагрэсіўных сельскагаспадарчых тэхналогій, а па-другое — развіццё турызму. І ў абодвух напрамках мы сёння актыўна працуем. Сёлета была створана і зацверджана раённая праграма развіцця турызму, якая ставіць сабе за мэту прыцягнуць наведвальнікаў у наш край, багаты сваімі гістарычнымі здабыткамі і хараством прыроды. У свеце самыя высокія абароты капіталаў назіраюцца менавіта ў сферы турызму, таму і мы мусім навучыцца рэалізоўваць гэты свой патэнцыял. Да таго ж, немалаважны і выхаваўчы аспект: людзі ачышчаюцца душой, трапляючы ў святыні, умацоўваюцца ў сваіх патрыятычных пачуццях, знаёмячыся з нашай багатай мінуўшчынай. Вядома, рыцарскі фэст адыгрывае тут не апошнюю ролю.
Летась ён быў праведзены ўпершыню, па ініцыятыве каталіцкай парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі і пры падтрымцы райвыканкама. Сёлета ж мясцовыя ўлады цалкам узялі свята пад сваё крыло, і яго арганізатарам выступіў аддзел культуры. На фэст з’ехаліся 28 клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі і некалькі музычных і тэатральных калектываў — агулам больш за дзве сотні ўдзельнікаў.
— Можаце смела напісаць, што сёлета гэта набуйнейшы рыцарскі фэст на Беларусі, — не хаваў свайго гонару яго “выканаўчы дырэктар”, гетман Клуба ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Магілёўская дружына” Андрэй Нялюбін.
Пазбаўленне ад дэфіцыту эмоцый
На працягу аднаго уік-энда жыццё ў Мсціславе моцна змяніла свой тэмп. У ціхім заўсёды гарадку з’явілася процьма маладых (і не вельмі) людзей у даспехах розных часоў і народаў, а таксама дзяўчат у шыкоўных сукенках да зямлі. Ля муроў колішняга езуіцкага калегіума яны разбілі свой лагер, куды “простых смяротных” не пускалі. Затое турніры, бугурты, штурм замка, ашаламляльнае фаер-шоу позна ўвечары на цэнтральнай плошчы былі даступны для ўсіх. Такое ў райцэнтры не кожны дзень убачыш.
 /i/content/pi/cult/175/1707/Ogonj2.jpg

 Штурм замка.


Але тут узнікае пытанне: ці патрэбнае гэтае свята для саміх мсціслаўцаў — простых жыхароў, што звяртаюцца адзін да аднаго зусім не “месір”, як заведзена ў рыцараў?— Ведаеце, аднастайнасць для псіхікі шкодная, таму спецыялісты нават рэкамендуюць часам мэблю ў пакоі перасоўваць, — жартуе Святаслаў Кусаў. — І гэтае свята дазваляе нам пазбавіцца дэфіцыту яркіх эмоцый. Сёлета мы правялі экспрэс-апытанне сярод жыхароў: ці патрэбны ім гэты фэст? Адказы былі пераважна станоўчыя. Значыць, ён не праходзіць “міма” нашых людзей — наадварот: яны адчуваюць, што фэст робіцца дзеля іх. Думаю, цяпер вы можаце лёгка пераканацца ў гэтым на ўласныя вочы.І сапраўды, нават тады, калі апошні аўтобус з рыцарамі ўжо даўно рушыў у бок Магілёва, у гарадку ўсё яшчэ гучна абмяркоўвалі нядаўнія падзеі: штурм замка і перамогу “крыжакоў” над “літвінамі”. Пажыць трохі ў гэтым умоўным, казачным, гераічным свеце — сапраўдны адпачынак для душы.
Рыцарскі фэст — гэта не толькі дэманстрацыя баявой адвагі і шыкоўных сярэднявечных строяў, якія арганічна “ўпісваліся” ў ландшафт пакручастых мсціслаўскіх вулачак, не толькі бразгат жалеза і азарт бітвы, але і сапраўднае сямейнае свята. Большасць наведвальнікаў прыходзілі на імпрэзы фэсту менавіта сем’ямі, з малымі дзецьмі, якіх у кульмінацыйныя моманты турніраў даводзілася садзіць на плечы. І ўсе, незалежна ад узросту, атрымлівалі сапраўднае задавальненне ад шыкоўнага відовішча, якое спараджала унікальны эфект далучанасці да мінуўшчыны — куды глыбейшы за самы прыгожы расповед. Зрэшты, і гэты традыцыйны спосаб засваення інфармацыі не быў адрынуты: рыцарскім турнірам папярэднічаў гістарычны семінар з удзелам вядомых навукоўцаў, пад час якога мсціслаўцы маглі даведацца пра многія цікавыя факты сваёй даўніны.
Таму цалкам можна пагадзіцца з начальнікам ідэалагічнага аддзела Мсціслаўскага райвыканкама Вячаславам Капусціным, які сцвярджаў, што свята ладзіцца зусім не толькі для турыстаў — яно мае, у тым ліку, і выхаваўчую функцыю, “нагадвае” жыхарам Мсціслава пра іх багатую гістарычную спадчыну.
— Моладзь бачыць, што зусім неабавязкова жлукціць піва па завуголлях, — можна бавіць свой вольны час іначай, і гэта значна здаравей і цікавей, — дадае С.Кусаў. — Думаю, нашы хлопцы паглядзяць на рыцараў — прыгожых, спартыўных, без лішніх кілаграмаў, — і самі захочуць ім прыпадобніцца.
Пакуль што свае рыцары ў Мсціславе не завяліся: па словах начальніка аддзела культуры Алены Пачтавой, галоўная прычына ў тым, што ў гарадку няма лідэра, няўрымслівага энтузіяста, які здолеў бы згуртаваць вакол сябе моладзь. Але, назіраючы за тым, з якой цікаўнасцю юныя мсціслаўцы прыглядаліся да сваіх аднагодкаў у даспехах, можна спадзявацца, што праблема з часам павінна вырашыцца.
Забяспечыць фэст усім
Меры бяспекі пад час свята былі папраўдзе беспрэцэдэнтнымі: металічныя агароджы па перыметры, ветлівыя міліцыянеры з мінашукальнікамі — і поўны мараторый на продаж алкаголю. І гэта зусім не сапсавала настрой. Праблем з парадкам не стваралі і шматлікія ўдзельнікі фэсту. Падтрыманне дысцыпліны ў асяроддзі рыцараў было мудра даверана самім рыцарам, і хлопцы з Магілёўскай дружыны, якія адказвалі за бяспеку на тэрыторыі лагера, не мелі вялікіх клопатаў. Калі адзін з бугуртаў скончыўся са спрэчным вынікам, арганізатары адразу прадухілілі магчымае развіццё падзей і суцішылі жарсці, таму замест высвятлення адносін рыцары з дапамогай сваіх дам сэрца мірна выпраўлялі пацярпелыя ў бітве даспехі, рыхтуючыся да новых выпрабаванняў.
 /i/content/pi/cult/175/1707/Ogonj3.jpg
 Вогненнае шоу тэатра “Eye”
— Вы можаце самі прайсціся па
лагеры і не ўбачыце там ані смецця, ані парожніх пляшак, не пачуеце лаянку, — прапанаваў мне гетман Андрэй Нялюбін.
Запытаў у Алены Пачтавой, ці складана ёй знаходзіць паразуменне з удзельнікамі фэсту. Усё ж “рыцарская” субкультура — гэта “рэч у сабе”, са сваімі ўмоўнасцямі, якія не кожнаму зразумець. Паводле яе слоў, аніякіх праблем не ўзнікае. Галоўнае, трэба шанаваць гэтую апрычонасць — так бы мовіць, не лезці ў чужы манастыр са сваім статутам. А для таго, каб прадухіліць магчымыя непаразуменні і ўвесці ўсе так ці іначай задзейнічаныя ў правядзенні фэсту арганізацыі “ў курс справы”, у ліпені ў Мсціславе прайшоў адмысловы навучальны семінар.
Дарэчы, гэта не адзіны варты ўвагі нюанс арганізацыі такога спецыфічнага мерапрыемства. Для таго, каб шматлікія турысты не мелі праблем з размяшчэннем, у Мсціславе быў створаны банк даных вольнага жытла ў прыватным сектары.
Нечуванага наплыву турыстаў у гэтыя дні ў горадзе не назіралася, але... можна канстатаваць, што намеры арганізатараў ажыццявіліся, і вялікая адлегласць не стала перашкодай для многіх аматараў Сярэднявечча і проста святаў з арыгінальнай канцэпцыяй. Не толькі з розных гарадоў Беларусі, але таксама і з суседняй Смаленшчыны, з турфірмамі якой Мсціслаў пачынае шчыльнае супрацоўніцтва. Тургрупа, што прыехала адтуль на адзін дзень, вырашыла затрымацца надаўжэй, каб не прапусціць абяцанага ў праграме эфектнага вогненнага відовішча.
“Мы зыходзілі з уяўленняў аб патрэбах турыста”
Арганізатары фэсту з ліку прадстаўнікоў мясцовай улады ставяцца да свайго “дзіцяці” з чуласцю і папраўдзе шчырым імпэтам. Колькі было шкадаванняў, калі пад час штурму адмыслова збудаванага замка не ўдалося ўчыніць там “пажар”, запланаваны сцэнарыем для большай відовішчнасці! Але пры гэтым на Мсціслаўшчыне спадзяюцца, што сродкі, якія ўкладаюцца ў свята, калісьці будуць вяртацца — не наўпрост, дык ускосна, праз сферу абслугоўвання. Можа, гэта здарыцца нават ужо ў 2010 годзе, калі фэст пройдзе з асаблівым размахам і будзе прысвечаны юбілею Грунвальдскай бітвы, вырашальную ролю ў якой адыгралі мсціслаўскія харугвы?
Камерцыйны патэнцыял падобных святаў палягае на двух кітах: павелічэнні колькасці турыстаў і развіцці інфраструктуры. І раённая праграма, пра якую ўжо вялося вышэй, улічвае абедзве гэтыя акалічнасці.
— Распрацоўваючы яе, мы зыходзілі з уяўленняў аб патрэбах турыста: размяшчэнне, харчаванне, забавы, — распавядае Святаслаў Кусаў. Адпаведна, у сферы абслугоўвання чакаецца шмат перамен, будзем даводзіць яе да ладу. Вядома, патрэбы і зацікаўленасці ў людзей могуць быць вельмі разнастайныя, таму мы плануем развіваць розныя напрамкі турызму. Не толькі падзейны, характэрным прыкладам якога з’яўляецца гэты фэст, але таксама і спартыўны — балазе непадалёк ад Мсціслава знаходзіцца конны завод, дзе гадуюцца знаныя далёка за межамі краіны цяжкавозы. Вядома ж, грэх не
 /i/content/pi/cult/175/1707/Ogonj4.jpg

 Мясцовыя ўлады (у абліччы Святаслава Кусава) працягнулі руку рыцарству

выкарыстоўваць і той патэнцыял, які дае нам навакольная прырода. Адпачыць на рэчцы, у якой водзяцца
ракі (што не горш за любы хіманаліз сведчыць пра чысціню вады), — гэта ж такая радасць для жыхароў вялікага горада! А колькі ў нас святыняў, да якіх і сёння несупынна імкнуцца паломнікі!
Вядома, нам трэба ўмець распавесці пра сябе, каб зацікавіць турыстаў, і таму мы плануем ажыццявіць цэлы шэраг выданняў па гісторыі Мсціслаўшчыны. Праўда, цяпер стан многіх гэтых святыняў досыць праблемны. Як і наогул большасці помнікаў архітэктуры Мсціслаўшчыны — да якіх бы эпох яны не прыналежалі. Гэта тычыцца і некалькіх цэркваў у вёсках раёна (знакаміты Ануфрыеўскі манастыр стаіць у руінах), і абодвух касцёлаў горада. Нягледзячы на ўвесь свой імпэт, невялічкая каталіцкая грамада Мсціслава не мае дастаткова сродкаў, каб адрэстаўраваць храм Найсвяцейшай Панны Марыі: набажэнствы пакуль што ладзяцца ў прыбудове, а сам касцёл, вядомы сваімі унікальнымі фрэскамі, стаіць зачынены. Ніякіх зрухаў пакуль няма і адносна лёсу былога езуіцкага калегіума — хаця мясцовыя ўлады даўно мараць стварыць у яго касцёле арганную залу. А яшчэ адна па-свойму цікавая старая пабудова — пажарная каланча — па-ранейшаму стаіць закінутая.
Хаця няцяжка ўявіць, у які прывабны тураб’ект яна з часам здатная ператварыцца, даючы магчымасць турыстам убачыць з вышыні ўвесь Мсціслаў і навакольныя краявіды або проста выпіць добрай кавы.
Мсціслаўскі гатэль ужо і сёння выглядае няблага, хаця адсутнасць гарачай вады ў нумарах не дазваляе яму прэтэндаваць на “зорны” статус. Але будынак яго “продка” — колішняга гатэля “Лондан”, які месціцца непадалёк, пакуль незапатрабаваны.
Шукаць вінаватых тут не выпадае: кожнаму зразумела, што сваімі сродкамі мясцовыя ўлады ніколі не пацягнуць увесь гэты аб’ём работ. Таму райвыканкам выступіў з ініцыятывай аб наданні Мсціславу статуса горада-музея.
Варта трохі пашпацыраваць вуліцамі гарадка, каб засведчыць, што прэтэнзіі на гэты статус цалкам апраўданы: шматлікія гістарычныя будынкі розных эпох тут ствараюць адметны гарадскі ландшафт, і “навабуды” савецкіх часоў не надта шкодзяць цэласнасці ўспрыняцця прасторы. І калі давесці ўсё гэта да ладу, тур у Мсціслаў стане сапраўдным падарожжам у мінуўшчыну, магчымасцю не толькі ўбачыць яе на пажоўклых фотаздымках за музейным шклом, але і літаральна дакрануцца рукой. Як гэта, дарэчы, ужо магчыма зрабіць у гісторыка-археалагічным музеі, дзе практыкуецца адкрытае захоўванне фондаў, і завітаўшы, скажам, у “куток мадысткі”, наведвальнік можа сам адчыніць куфэрак і выцягнуць адтуль самаробныя пацеркі з ракавінак, якімі ўпрыгожвалі сябе ў ХІХ стагоддзі кемлівыя мсціслаўскія модніцы.
На Замкавай гары, адкуль горад бярэ свае вытокі, сёлета фестывальныя мерапрыемствы не праводзіліся: яна патрабуе немалых высілкаў па добраўпарадкаванні, бо каб убачыць той неверагодна маляўнічы краявід, які з яе адкрываецца, турыстам трэба прадзірацца праз крапіву і бур’ян. Але работам павінны папярэднічаць грунтоўныя археалагічныя раскопкі, якія пакуль што плёну не прынеслі: надта глыбокі тут культурны слой. Аднак у перспектыве, па заканчэнні даследаванняў, мясцовыя ўлады падумваюць пра частковае аднаўленне сярэднявечнага драўлянага замка, хай і ў трохі “муляжным” выкананні.І пры наяўнасці фінансавых уліванняў у адраджэнне гэтых зусім не мясцовага значэння помнікаў даўніны можна цалкам спадзявацца на тое, што Мсціслаў з часам стане яшчэ адным турыстычным цэнтрам, якіх не так і багата на ўсходзе Беларусі. Балазе пазітыўныя зрухі ўжо ёсць: па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, знакаміты манастыр у Пустынках неўзабаве будзе адрэстаўраваны.
У Пустынках ужо не пустынна
Наведаць знакаміты манастыр Успення Прасвятой Багародзіцы пад час рыцарскага фэсту маглі ўсе ахвотныя: у гэтыя дні туды рэгулярна ладзіліся экскурсіі з Мсціслава. Звычайна ж дабрацца ў гэты куток не так і проста: тапонім “Пустынкі” невыпадковы, і ніякіх населеных пунктаў паблізу няма. Адпаведна, і рэйсавыя аўтобусы туды амаль не ходзяць. Але ж плынь паломнікаў усё адно цячэ сюды несупынна, і каб акунуцца ў знакамітую купель, давялося прастаяць у чарзе добрыя паўгадзіны. Ладная частка машын ля манастырскай брамы маюць расійскія нумары — суседняя краіна пачынаецца праз лічаныя сотні метраў. Прычым дзяржаўная мяжа тут абазначана не толькі адмысловымі знакамі: першыя ўражанні ад Беларусі ў многіх звязаны са з’яўленнем пад коламі дасканала роўнага асфальту.
Стараннямі манахаў, а таксама добраахвотнікаў і дабрадзеяў з розных краёў манастыр пакрысе адраджаецца: яшчэ зусім нядаўна званіца, што праглядаецца ў радыусе многіх кіламетраў, не была такой снежна-бялюткай. Але ж аднавіць старадаўнюю святыню, што мае агульнанацыянальнае значэнне, але цяпер стаіць у руінах, ва ўсёй яе колішняй красе, на адным энтузіязме было б цяжкавата. І вось, ужо налета абласны бюджэт выдаткуе на рэстаўрацыйныя работы сродкі, якія адпавядаюць іх маштабам, — болей за 9 мільярдаў рублёў.
 /i/content/pi/cult/175/1707/Ogonj5.jpg
 Ля цудадзейнай крыніцы.

Ці не бянтэжыць манахаў такая папулярнасць гэтага месца — якая ў бліжэйшыя часы, без сумневу, будзе толькі расці? Запытаў пра гэта ў іераманаха Цярэнція — маладога чалавека, які пакінуў паспяховую спартыўную кар’еру і сталіцу дзеля жыцця ў зацішнай келлі. Паводле яго слоў, многія не зусім правільна разумеюць саму сутнасць манаства: яна не ў тым, каб схавацца ад свету і ўсіх яго праблем за высокім парканам. Манастыр — гэта не месца, а стан душы, пакліканне да сведчання і служэння, і таму яго насельнікі толькі рады ўсім гасцям. І нерукачынны абраз Збавіцеля, які з’явіўся на сцяне аднаго з будынкаў пасля адраджэння манастыра, могуць убачыць усе ахвотныя. А вада з цудадзейнай крыніцы многім прынесла ацаленне.
— Людзі распавядалі, што яна дапамагла ім ад бясплоднасці, — кажа іераманах Цярэнцій. — І такіх выпадкаў я ведаю, можа, ужо пяць.
Адпаведна, стома ад доўгай дарогі да Мсціслава будзе кампенсавана дзякуючы шчыльнай і цікавай праграме. І ў перспектыве гэты маршрут можа прырастаць новымі аб’ектамі. Скажам, сядзібай у вёсцы Расна, што акурат па дарозе, праўда, ужо ў Дрыбінскім раёне. Па словах начальніка аддзела культуры Дрыбінскага райвыканкама Іны Балаўнёвай, ёсць задума зрабіць там турцэнтр з музеем, гатэлем, кавярняй. Але яе ажыццяўленне будзе мець сэнс толькі тады, калі маршрут сапраўды ажыве.
Скепсіс на гэты конт цалкам можна прадбачыць, і ў пэўнай меры ён мае свае перадумовы, пра якія ўжо вялося вышэй: і аддаленасць Мсціслава ад буйных гарадоў, і досыць непрыглядны стан многіх помнікаў архітэктуры — чаго не скажаш, дарэчы, пра добраўпарадкаванне райцэнтра ў цэлым.
Цяжка не пагадзіцца з тым, што “стартавы капітал” для развіцця турызму на Мсціслаўшчыне далёка не самы спрыяльны. Але… Невялікі пакуль што досвед беларускага турызму сведчыць за тое, што ініцыятыўнасць, крэатыўнасць, працавітасць і вера ў поспех становяцца куды больш істотнымі фактарамі поспеху за пачатковыя ўмовы. І калі імпэт кіраўніцтва раёна не згасне, калі добрыя намеры атрымаюць абласную і рэспубліканскую падтрымку, — з цягам часу плён будзе.

Ілля СВІРЫН,
наш спецкар.
Мінск —Мсціслаў — Мінск