Будучыня спадчыны залежыць ад кожнага

№ 15 (1454) 11.04.2020 - 17.04.2020 г

Пытанні аховы гісторыка-культурнай спадчыны ўсё часцей выклікаюць зацікаўленасць у нашым грамадстве. У розных кутках краіны пастаянна з’яўляюцца новыя ініцыятывы і неабыякавыя энтузіясты, якія ўсведамляюць, што хочуць прымаць удзел у вызначэнні лёсу помнікаў і традыцый, дапамагаць дзяржаве ў іх захаванні, аднаўленні і выкарыстанні. Як скіраваць такі імпэт у належнае рэчышча, якімі рамкамі мусіць рэгулявацца актыўнасць такога кшталту, і чым кожны з нас можа быць карысны ў гэтай справе?

/i/content/pi/cult/793/17069/08.JPGНа гэтыя пытанні спрабавалі адказаць удзельнікі анлайн-семінара, зладжанага Беларускім камітэтам ICOMOS 27 — 28 сакавіка, які прайшоў пад назвай “Партысіпатыўнае кіраванне культурнай спадчынай: у пошуках эфектыўнай мадэлі для Беларусі”. Партысіпатыўны падыход акурат заключаецца ў пашырэнні ўдзелу ў сферы аховы спадчыны розных грамадскіх супольнасцяў — груп прафесіяналаў, жыхароў мясцін, дзе размешчаныя помнікі ці існуюць пэўныя традыцыі, прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў...

У сферы аховы спадчыны таксама пераплятаюцца інтарэсы дзяржавы, рэстаўратараў, рэканструктараў, уласнікаў аб’ектаў, інвестараў — таму неабходны дыялог між усімі гэтымі зацікаўленымі бакамі. Каб зразумець, як яго выбудоўваць, перадусім варта разабрацца, што лічыцца спадчынай у сучасным свеце, ці ўся спадчына абавязкова мусіць ахоўвацца, і хто можа браць на сябе клопат за яе зберажэнне.

Новы погляд на помнікі і традыцыі

Семінар адкрыла лекцыя кіраўніка Беларускага камітэта ICOMOS Сцяпана Стурэйкі, прысвечаная параўнанню традыцыйнага і новага падыходаў да спадчыны. Першы з іх узнік яшчэ ў ХІХ стагоддзі, у час фарміравання ў Еўропе нацыянальных дзяржаў, калі гісторыка-культурная спадчына была сімвалам і сродкам кансалідацыі нацыі, доказам права на ўладу. Адпаведна з такімі задачамі, вялікая ўвага пры такім падыходзе да помнікаў надавалася перадусім іх аўтэнтычнасці, патрэбе музеефікацыі, максімальнай фіксацыі сведчанняў даўніны.

Дзяржава, якая клапацілася аб ахове спадчыны, такім чынам замацоўвала сваё права спадкаемцы нацыянальнай гісторыі. Аднаўленне помнікаў у такім выпадку прыроўнівалася да аднаўлення гістарычнай справядлівасці. Трэба адзначыць аднак, што для Беларусі сітуацыя істотна адрознівалася ад заходнееўрапейскай, бо нашыя продкі ў той час не мелі нацыянальнай дзяржавы — таму шэраг прынцыпаў класічнага падыходу да аховы помнікаў пачаў рэалізоўвацца ў Беларусі адносна нядаўна, асабліва пасля атрымання незалежнасці.

Іншы падыход да кіравання спадчынай назіраецца ў свеце ў апошнія 20 гадоў у сувязі з запатрабаваннямі сучаснага грамадства. Ён можа суіснаваць з традыцыйным падыходам і сумяшчацца з пэўнымі яго прынцыпамі, аднак прадугледжвае ўжо не толькі неабходнасць дэкларацыі ідэнтычнасці, але і ўлічвае патрэбы эканомікі, экалогіі, развіцця рэгіёнаў. У адпаведнасці з такім поглядам, спадчына можа прэтэндаваць на званне нацыянальнай толькі тады, калі мае значэнне перадусім для прадстаўнікоў лакальнай супольнасці.

Калі для традыцыйнага падыходу ўласцівы акцэнт на нацыянальнай ідэнтычнасці, то новы погляд прадугледжвае істотную ролю лакальнага значэння спадчыны. Рэстаўрацыя помнікаў сёння ўсё часцей адбываецца не толькі дзеля захавання і музеефікацыі, але і з мэтай іх далейшага выкарыстання і рэадаптацыі для патрэб грамадства, з арыентацыяй на іх сацыяльна-эканамічны патэнцыял і ўстойлівае развіццё. Такім чынам, з вузкапрафесійнай вобласці ахова спадчыны ператвараецца ў сферу супрацоўніцтва шырокага кола зацікаўленых бакоў. Таму сёння задача адмыслоўцаў — знайсці баланс між традыцыйным і новым падыходамі, прымяніўшы ў працы са спадчынай найлепшыя і найбольш адпаведныя прынцыпы кожнага з іх.

Чым і для каго каштоўная спадчына

Спецыфіка сферы палягае ў тым, што з часам колькасць аб’ектаў спадчыны толькі расце — дастаткова звярнуць увагу на пастаяннае папаўненне спісу нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў, які штогод прырастае ўсё новымі і новымі элементамі. Нават калі гаворка ідзе пра помнікі ў класічным разуменні, якімі зазвычай лічацца архітэктурныя аб’екты — сёння ўсё часцей гучаць прапановы залічваць у катэгорыю спадчыны, напрыклад, помнікі савецкага мадэрнізму, аб чым яшчэ 30 гадоў таму не вялося нават і гаворкі.

Сярод новых канцэпцый спадчыны вылучаецца не толькі нематэрыяльная, існаванне якой заснаванае на перадачы традыцый, уменняў і навыкаў паміж удзельнікамі супольнасці, але, напрыклад, і лічбавая спадчына - то-бок, пэўная сукупнасць звестак, створаная адпачатку з дапамогай лічбавых тэхналогій: перапіска, інтэрнэт-сайты... У краінах Заходняй Еўропы атрымлівае ўсё большае распаўсюджванне індустрыяльная спадчына — пад ёй маюцца на ўвазе старыя прамысловыя збудаванні, памяшканні, раёны. На першы погляд, гэты від спадчыны даволі традыцыйны, але яго прынцыповая навізна заключаецца ў тым, што каштоўнасць гэтых аб’ектаў узнікла і была абумоўленая менавіта неабходнасцю іх рэвіталізацыі для патрэб мясцовых супольнасцяў, якія, такім чынам, атрымалі штуршок да сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця.

Даць рады падобнай колькасці адзінак спадчыны і паклапаціцца пра кожны аб’ект ніякая дзяржава паасобку не ў стане. Усё часцей паўстае пытанне, якія аб’екты мусяць лічыцца каштоўнасцю, а якія не. Таму важным з’яўляецца ўдзел грамадства ў клопаце аб помніках і традыцыях яго краіны ды вызначэнні іх лёсу — але пры ўмове наяўнасці належным чынам адукаваных і падрыхтаваных прадстаўнікоў, якія будуць супрацоўнічаць са спецыялістамі і мясцовымі ўладамі.

Адным з важных дакументаў, якія забяспечваюць такія правы супольнасцяў, з’яўляецца Рамачная Канвенцыя аб значэнні культурнай спадчыны для грамадства — так званая Канвенцыя Фару, прынятая Саветам Еўропы ў 2005 годзе. Беларусь удзельнікам канвенцыі не з’яўляецца — але многія яе прынцыпы ды ідэі ўжо рэалізуюцца і ў нашай краіне. Адбываюцца экспертныя і грамадскія нарады, грамадскія слуханні, працуе сістэма рэагавання на звароты грамадзян.

Раўняцца на найлепшых і асэнсоўваць досвед

У працы семінара прынялі ўдзел амаль два дзясяткі экспертаў у галіне гісторыка-культурнай спадчыны, культуры памяці, аховы навакольнага асяроддзя, а таксама менеджменту культуры і гарадскога развіцця. Яны адзначылі важнасць збору, інвентарызацыі, аналізу і папулярызацыі паспяховых прыкладаў удзелу лакальных ініцыятыў і супольнасцяў, а таксама звярнулі ўвагу на патрэбу павышэння ўзроўню іх ведаў і лепшага інфармавання мясцовых жыхароў аб сітуацыі са спадчынай у іх рэгіёне ці населеным пункце.

Як прыклад дзейнасці ў гэтым кірунку згадваўся і зладжаны летась Беларускім камітэтам ICOMOS конкурс “Спадчына ў дзеянні”, на якім былі адзначаныя найлепшыя праекты ў галіне рэстаўрацыі, рэканструкцыі і рэвіталізацыі за апошнія пяць гадоў — мяркуецца, што такая праца будзе працягвацца.

Семінар паклаў пачатак серыі мерапрыемстваў пад агульнай назвай “Права на спадчыну”, якія мусяць адбыцца на працягу вясны — лета 2020 года. Так, на 14 — 15 мая ўжо запланаваная канферэнцыя “Права на спадчыну і Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў”. Пазней маюць адбыцца школа-лабараторыя мадэлявання працы са спадчынай і, калі таму будзе спрыяць сітуацыя — круглы стол з міжнародным удзелам спецыялістаў у гэтай галіне.

Методыкі і практыкі прымянення новага падыходу да спадчыны ў Еўропе яшчэ толькі складваюцца, таму беларускія адмыслоўцы маюць выдатную магчымасць не слепа капіяваць замежныя ўзоры, а, скарыстаўшыся з уласнага досведу і ўзяўшы на ўзбраенне найлепшыя метады калег з іншых краін, самастойна выпрацаваць уласнае бачанне. У гэтым зацікаўленыя ўсе, хто неабыякавы да далейшага лёсу помнікаў і традыцый, якія мы мусім перадаць наступным пакаленням.