Хіт-парад даследчыкаў

№ 15 (1454) 11.04.2020 - 17.04.2020 г

Па вядомых сёння абставінах былі адменены міжнародныя навуковыя канферэнцыі, якія Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі традыцыйна ладзіць у сакавіку — красавіку. Затое ўзнікла новая форма конкурсу студэнцкіх работ. Сярод заяўленых тэм — творчасць кампазітараў ваеннага часу, музычныя творы ваеннай тэматыкі, педагогі-ўдзельнікі Вялікай Айчыннай. Вынікі конкурсу будуць падведзены да 75-годдзя Перамогі.

— Такога роду конкурс, — расказала кіраўнік Студэнцкага навукова-творчага таварыства Акадэміі музыкі, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Ала Ціхамірава, — праводзіцца ў нас упершыню. Раней нашы студэнты і магістранты ўдзельнічалі і перамагалі ў разнастайных рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах, што ладзіліся па-за межамі нашай навучальнай установы. Дык чаму б і нам не арганізаваць штосьці падобнае? Дух творчага спаборніцтва вельмі блізкі моладзі, конкурс дапамагае арыентавацца на лепшых. І ўжо адно тое, што было даслана больш за 80 заявак, — паказальнік запатрабаванасці. Прыемна, што ёсць удзельнікі з Расіі — Санкт-Пецярбурга, Саратава, з абласных цэнтраў — Брэста, Гродна, Магілёва.

Канкурсанты падзелены на пяць катэгорый: навучэнцы сярэдніх спецыяльных устаноў, студэнты-музыказнаўцы, студэнты іншых музычных спецыяльнасцяў, магістранты, замежныя ўдзельнікі. Членамі журы выступяць вядучыя спецыялісты ў галіне музычнага мастацтва, прафесура Акадэміі музыкі. Работы пройдуць папярэднюю праверку і будуць дасылацца ім па электроннай пошце — вядома, без пазначаных імёнаў аўтараў і навуковых кіраўнікоў. Распрацаваны крытэрыі адзнак, шкала балаў. Але нават папярэдні агляд дасланых работ дазваляе ацаніць шырокі ахоп навуковых інтарэсаў будучых спецыялістаў. Бо тут і беларуская музыка, і фальклор, еўрапейскае і сусветнае мастацтва, пытанні музычнай педагогікі і выканальніцкага майстэрства і, зразумела, тэматыка Вялікай Айчыннай вайны і Перамогі. Падрастаюць новыя пакаленні зацікаўленых, дапытлівых маладых даследчыкаў — і гэта радуе.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"