Анлайн-экскурсія ў супрэматызм

№ 15 (1454) 11.04.2020 - 17.04.2020 г

15 красавіка — Сусветны дзень мастацтва. І менавіта гэтым вечарам завяршаецца выстава Лазара Хідэкеля “Нас зразумеюць праз 100 гадоў” у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Відэасервіс VOKA падрыхтаваў падарунак для аматараў супрэматызму і прыхільнікаў мастацтва ва ўсім свеце: адразу пасля закрыцця выставы для наведвальнікаў на экскурсію па ёй можна будзе выправіцца ў рэжыме анлайн.

Правядзе анлайн-экскурсію адна з куратараў выставы, загадчыца аддзела сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея, кандыдат мастацтвазнаўства Кацярына Ізафатава. І гэта будзе не “спрынтарскі забег” з мільгаценнем “карцінак”, а даволі падрабязны расповед пра самога Лазара Хідэкеля — ураджэнца Віцебска, выхаванца Марка Шагала і Казіміра Малевіча ў Віцебскім народным мастацкім вучылішчы, пра яго творчасць, супрэматычную архітэктуру, заснавальнікам якой быў Хідэкель, і, шырэй, пра мастацкае аб’яднанне УНОВИС, да 100-годдзя якога ладзілася выстава.

Нават калі вы мелі магчымасць пазнаёміцца з творамі Лазара Хідэкеля ў музеі, не прапусціце дадатковую магчымасць убачыць гэта яшчэ раз — разам са спецыялістам. А галоўнае — да гэтай выставы ў азначаны час зможа далучыцца ўвесь свет.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"