Прынесці дар

№ 15 (1454) 11.04.2020 - 17.04.2020 г

Як паведаміла прэс-служба Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі, да 55-годдзя з дня нараджэння кампазітара і музыканта Алега Молчана тэлеканал БТ-3 падрыхтаваў два канцэрты яго твораў.

Першая вечарына “Алег Молчан — 55” будзе паказана акурат у дзень юбілею, 11 красавіка, і з’яднае эстрадныя песні кампазітара. Другая пройдзе роўна праз тыдзень і будзе прысвечана харавой творчасці. Назву ёй даў харавы цыкл Алега Молчана “Я нясу вам дар” — і гэтыя словы Янкі Купалы сталі шмат у чым сімвалічнымі, акцэнтуючы ўвагу на творчым прынашэнні аўтараў свайму народу. Купалавы радкі натхнілі кампазітара на стварэнне не толькі згаданага цыкла, але і пазнейшай песні “Малітва”, якая стала ўспрымацца своеасаблівым гімнам-абярэгам Беларусі. Прагучаць у гэтым канцэрце і прэм’еры духоўных твораў Алега Молчана. Гэта Трапар Божай Маці “Усецарыца” і “Ойча наш”.

Сярод выканаўцаў — мітрапалічы хор Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора пад кіраўніцтвам Віталя Сабалеўскага, акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі на чале з Андрэем Саўрыцкім, вакальны ансамбль “Чысты голас”, гурт “Бай Сіці”, ансамбль “Гуляй, казак!”, а таксама такія вядомыя салісты-“песняроўцы”, як заслужаны артыст Беларусі Анатоль Кашапараў, Вадзім Касенка. Весці абодва канцэрты будзе ўдава Алега Молчана — спявачка Ірына Відава.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"