На хвалі Молчана і немаўчання

№ 15 (1454) 11.04.2020 - 17.04.2020 г

Сёння вядомаму кампазітару і музыканту Алегу Молчану павінна было споўніцца 55 гадоў. Ён не дажыў да свайго юбілею некалькі месяцаў, але рыхтавацца да гэтай даты пачаў даўно. Днямі былі прэзентаваны новыя кампакт-дыскі з яго песнямі, выдадзеныя знакамітай расійскай фірмай “Мелодыя”.

/i/content/pi/cult/793/17064/06.JPGМузыка як жыццё

— Людзі нікуды не сыходзяць, — сказаў у рэжыме анлайн-сувязі ў час прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар фірмы “Мелодыя” Андрэй Крычэўскі. — Яны проста змяняюць форму жыцця. Для мяне Алег не сышоў. Бо гучаць яго песні — і тым працягваецца ягонае жыццё. Ён заўсёды быў вельмі пазітыўным чалавекам, з ім было лёгка. І я ўпэўнены, што мы можам адчуць гэта ў яго творах — асабліва ў тых песнях, якія выконвае Ірына Відава. Яна вельмі добра яго ведае і разумее, таму заўжды надзвычай дакладна перадае эмоцыі, якія Алег закладаў у свае творы. Дзякуй ёй за творчасць і ўсё тое, што яна робіць у памяць пра Алега. Гэта вялікі кампазітар, значны чалавек у музычнай гісторыі Беларусі. І вельмі важна, каб пра яго ведалі і памяталі.

— Кантракт на выданне, — пракаментавала падзею і падзялілася ўспамінамі ўдава Алега Молчана, спявачка і паэтка Ірына Відава, — быў заключаны амаль паўтары гады таму, яшчэ ў лістападзе 2018-га. І Алег адразу пачаў працу, працягваючы яе літаральна да апошніх дзён жыцця. Большая частка работы ажыццяўлялася ў нашай студыі, ён усё рабіў сам. На студыі “Рэй рэкардс” у Маскве было толькі звядзенне гуку, гэтым займаўся Сяргей Лаготкін. Алег ставіўся да гэтага праекту вельмі і вельмі адказна. І ўвогуле стараўся кожны дзень свайго жыцця напоўніць музычным сэнсам, пражыць не марна. Прывяду такі прыклад. Летась у ліпені ён быў ужо на лячэнні ў Бараўлянах — у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава. Але дамовіўся, каб на некаторы час яму дазволілі вярнуцца дадому, у студыю. Бо хацеў запісаць песню “У горадзе дажджы”, да якой зрабіў новую аранжыроўку. Але ў гэтай аранжыроўцы — ні кроплі змроку, толькі святло. Магчыма, менавіта праца была яго выратаваннем. І ён, нягледзячы на складаныя абставіны, не хацеў нікога падводзіць, імкнуўся ўкласціся ў запланаваныя тэрміны, не сарваць намечаныя даты. Першапачаткова альбом “На адной хвалі” павінен быў складацца з песень Алега толькі ў маім выкананні. Сапраўды, усе песні ў маім рэпертуары — выключна майго мужа. Яны вельмі далёкія ад “Песняроў”, зусім іншыя і па стылю, і па тэматыцы. Але і ў гэтым напрамку Алега чакаў поспех, бо яго кампазіцыі гучалі на ўсіх радыёстанцыях, уваходзілі ў ратацыі, перамагалі, атрымлівалі ўзнагароды. Да прыкладу, песня “Думала” атрымала радыёпрэмію “Залатое вуха”. Песня “У апошні раз” была ўганаравана прызам глядацкіх сімпатый Нацыянальнай музычнай прэміі. А беларускамоўны “Карабель маёй краіны” на словы Алеся Ліпая прынёс лаўрэацкае званне Міжнароднага фестывалю-конкурсу патрыятычнай песні “Чырвоны гваздзік” імя Іосіфа Кабзона ў Маскве. Пасля смерці Алега я дазволіла сабе крыху змяніць канцэпцыю альбома “На адной хвалі”: дадала туды наш спеўны дуэт — песню “Талісман”. Сімвалічна не толькі тое, што мы выконваем яе разам, але і сама назва: наш творчы і сямейны тандэм таксама ўспрымаецца як свайго роду талісман. Таму змянілася і вокладка кампакт-дыска: мы на ёй разам з Алегам. І гэты альбом, і ўсё, што я раблю апошнім часам, — маё прысвячэнне Алегу.

На “песняроўскай” хвалі

/i/content/pi/cult/793/17064/07.JPGКампакт-дыск “Ірына Відава і Алег Молчан. На адной хвалі” аказаўся не адзіным творчым прынашэннем да юбілею майстра. Фірма “Мелодыя” падрыхтавала таксама калекцыйны вінілавы дыск (на іх зноў вяртаецца мода) і падвойны кампакт-альбом “Алег Молчан. “Песняры”, песні, апрацоўкі”. Спалучэнне “Молчан — “Песняры” невыпадковае. І ахоплівае яно далёка не адну “Малітву”, напісаную на словы Янкі Купалы і вядомую найперш па выкананні самога Уладзіміра Мулявіна. У гэтым ансамблі Молчан працаваў больш за дзесяцігоддзе, быў яго першым музычным кіраўніком: такая пасада з’явілася ў калектыве акурат у 1998 годзе і прызначалася менавіта для яго. Увогуле ж, супрацоўнічаць з “Песнярамі” ён пачаў з 1989-га. У цыкл канцэртаў да 20-годдзя знакамітага ВІА пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мулявіна ўвайшла і рок-праграма Алега Молчана на вершы Аляксандра Лягчылава “Ave sole, альбо Слова Скарыны”. Дарэчы, яна была першай, якую Алег стварыў для “Песняроў”, і атрымала ўзнагароду ў 1990-м на колішнім Рэспубліканскім конкурсе кампазітараў да 500-годдзя Скарыны — у намінацыі “Творы буйной формы”. Так што медаль Францыска Скарыны, атрыманы кампазітарам і музыкантам значна пазней, у 2018 годзе, мае самую непасрэдную сувязь з гэтым беларускім асветнікам.

— Калісьці фірма “Мелодыя”, — распавёў заслужаны артыст Беларусі Анатоль Кашапараў, — выдавала запісы “Песняроў” мільённымі тыражамі, на той час яшчэ на грампласцінках. Добра, што яна і цяпер не забывае беларусаў, бо попыт на нашу творчасць захоўваецца. Калі ў ансамбль прыйшоў Алег Молчан, ён рабіў менавіта такія аранжыроўкі, якія і былі тады патрэбны “Песнярам”: вельмі далікатна захоўваў лепшыя традыцыі калектыва і разам з тым надаваў песням сучаснае гучанне.

— Безумоўна, Алег Молчан стварыў для “Песняроў” сапраўдныя шэдэўры, — падкрэсліў беларускі спявак Вадзім Касенка, які каля 15 гадоў быў удзельнікам ансамбля Уладзіміра Мулявіна. — Прыхільнікі калектыву даўно чакаюць гэтыя запісы. Дзе мы ні выступалі б: у Расіі, Германіі, ЗША — у нас паўсюль запытвалі такія альбомы. А тыя аранжыроўкі, якія былі зроблены Алегам у 1990-я, і дагэтуль гучаць свежа, вельмі сучасна, яны не страцілі сваёй актуальнасці, хаця менавіта такое “ўбранне” звычайна выдае дакладную “храналогію” той ці іншай песні.

Дух наватарства

— Менавіта Алег, — дадае Ірына Відава, — пачаў спалучаць беларускую народную песню з рэпам, які ў 1990-я яшчэ толькі-толькі пачынаў у нас распаўсюджвацца. Сёння такі сінтэз лічыцца чымсьці цалкам натуральным. І гэта толькі дадаткова сведчыць, што Алег быў тым наватарам, які бачыў на дзесяць крокаў наперад. Няправільна лічыць яго толькі песенным кампазітарам і аранжыроўшчыкам. Ён жа быў цудоўным джазавым піяністам (дарэчы, яго таму і запрасілі ў “Песняры”, што ўжо ведалі гэты ягоны талент — у звязцы з кампазітарскім), пісаў харавыя творы. А свой першы харавы цыкл — “Я нясу вам дар” на словы Янкі Купалы — Алег Молчан стварыў яшчэ тады, калі служыў у войску. Потым гэтую партытуру выконваў хор Белтэлерадыёкампаніі, што ўжо само па сабе можа лічыцца прызнаннем з боку акадэмічных музыкантаў. Акрамя ўласна кампазітарскай і музычнай дзейнасці, Алег меў шэраг грамадскіх абавязкаў. І таксама ставіўся да іх вельмі і вельмі сур’ёзна, з усёй адказнасцю. Так, ён адным з першых пачаў паглыбляцца ў тонкасці аўтарскага права, быў старшынёй аўтарскага савета Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці. Гэтая грань яго дзейнасці таксама атрымала прызнанне не толькі ў нас, але і за межамі. Еўразійская канфедэрацыя таварыстваў праваўладальнікаў, якая была створана ў Маскве і з’яднала прадстаўнікоў не толькі Беларусі і Расіі, але і Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кіргізіі, абрала яго сваім прэзідэнтам. А незадоўга да смерці Алег быў узнагароджаны Залатым медалём Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай маёмасці — за поспехі ў творчасці і развіцці аўтарскага права.

Памяць

— Здаецца цяпер, пасля смерці Алега, — працягвае Ірына Відава, — мы з ім не толькі не разлучыліся, але і сталі яшчэ бліжэйшымі адзін да аднаго. Здаецца, ён побач са мной заўсёды, кожнае імгненне — мы не расстаемся ні на хвіліну, бо я займаюся ўпарадкаваннем яго архіваў: разбіраю ноты, фотаздымкі, іншыя дакументы, аўдыё- і відэазапісы. Творчыя людзі не заўсёды раскладаюць усё “па палічках”, звычайна гэта робяць нашчадкі, даследчыкі. Бо захаванне памяці — гэта найперш выданне і папулярызацыя творчасці, каб тая магла даходзіць да ўсё новых пакаленняў аматараў музычнага мастацтва. Цяперашні выпуск кампакт-дыскаў — толькі невялічкая частка такой працы. Музыкай Алега Молчана зацікавілася нотнае выдавецтва “Кампазітар” у Санкт-Пецярбургу, якое з’яўляецца адным з самых прэстыжных, вядомых яшчэ з савецкіх часоў. Там будуць надрукаваны не толькі клавіры яго песень, але і харавыя партытуры, фартэпіянная творы. Пачалася праца па стварэнні сайта Алега Молчана, магу назваць яго ўжо зараз — olegmolchan.com. Ведаю, некаторыя кампазітары самі замаўляюць свае інтэрнэт-платформы, Алегу ж было не да таго. Значыць, мой першы асабісты абавязак — давесці ўсё да ладу. Канешне, музыка павінна гучаць. Так і будзе! Да цяперашняга юбілею ладзяцца два канцэрты, якія можна будзе паглядзець у тэлеэфіры [больш падрабязна пра гэта глядзіце ў матэрыяле на старонцы 2 гэтага нумара “К” — Н.Б.]. На Міжнародным фестывалі-конкурсе патрыятычнай песні “Чырвоны гваздзік” імя Кабзона сёлета заснаваны яшчэ адзін спецыяльны прыз — імя Алега Молчана. Заснаваны, у тым ліку, і маімі намаганнямі. Імя і творчасць Алега працягваюць жыць — значыць, жыве ў іх і ён.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"