“…Дом” без пажару

№ 14 (1453) 04.04.2020 - 11.04.2020 г

Ці заўсёды тыя здяйсненні таго вартыя?
Назва “Кошчын дом” цягам некалькіх пакаленняў дзяцей і бацькоў трывала асацыявалася з казкай Самуіла Маршака. Цяперашняй дзятве 0+ (а менавіта так пазначаны спектакль у афішы) бліжэй мультсерыял “Тры каты”. Наш Вялікі тэатр вырашыў “прымірыць” пакаленні бабуль і ўнукаў: паставіў “Кошчын дом” у нязвыклай для вядомага сюжэта візуальнай стылістыцы.

/i/content/pi/cult/792/17056/22_opt.jpegПрэм’ера рыхтавалася неверагоднымі тэмпамі. Дастаткова сказаць, што пасяджэнне мастацкага савета, дзе вырашаўся яе лёс (маўляў, ставіць ці не), праходзіў у сярэдзіне студзеня, калі спектакль ужо быў унесены ў афішы на 14 і 15 сакавіка. Спяшаліся да вясновых канікул, бо на той час каранавірус яшчэ не заявіў пра сябе так гучна. Усё здзейснілася ў тэрмін — і з’явілася выдатная падстава зноў ганарыцца нашымі людзьмі, гатовымі да працоўных подзвігаў. І творчай моладдзю, якая вынесла гэты цяжар на сябе: для рэжысёра Дар’і Пататурка гэта была першая самастойная праца “буйнога калібру”.

Але чым далей, тым больш пачынаеш задумвацца, ці заўсёды тыя здзяйсненні таго варты? Вось і “Кошчын дом” пакінуў самыя супрацьлеглыя ўражанні. І адначасова падштурхнуў да больш сур’ёзных разваг пра дзіцячы рэпертуар нашых тэатраў — і найперш у жанры оперы.

Спектакль цікавы найперш для вока. Маладая беларуская мастачка Кацярына Шымановіч (не блытаць з цёзкай-кампазітарам, чый балет “Джэймс і Персік-велікан” ідзе ў нашым Музычным тэатры) даўно зарэкамендавала сябе крэатыўным творцам, які не ідзе па пракладзеным шляху, а шукае новыя падыходы. Прапанаванае ёй візуальнае афармленне прыцягнула ўвагу яшчэ на згаданым мастацкім савеце. Праўда, асабіста ў мяне заставалася шмат пытанняў, наколькі будуць “чытацца”, асабліва дзецьмі, прапанаваныя ёй выявы персанажаў. Да таго ж, некаторыя малюнкі звяркоў былі нейкімі непрыгожымі, жахлівенькімі, не выклікалі ні эмпатыі, ні тым больш сімпатыі. Але праца працягвалася, многія рэчы былі дапрацаваны. Калі спачатку планавалася, што выявы ўсіх герояў артысты будуць насіць прычэпленымі да камбінезонаў, дык пазней некаторыя з тых плоскасных лялек ператварыліся ў планшэтныя — “усталі на скейтборды”. І тым самым крыху разняволілі артыстаў, далі ім больш магчымасцяў для руху.

/i/content/pi/cult/792/17056/102_opt.jpegСам па сабе зварот да лялек у пастаноўцы “Кошчына дома” не навіна. Да гэтага твора апошнім часам адзін за адным звяртаюцца расійскія тэатры, тая ж Новая опера ў Маскве яшчэ 15 гадоў таму прапанавала “лялечны музычны спектакль” — з шырмай, толькі з вялізнымі роставымі лялькамі і жывым планам артыстаў-спевакоў. Але ў нас — зусім іншыя лялькі, сумесь іх розных тыпаў. І прынцыпова іншая эстэтыка — з арыентацыяй на абстрактнае мысленне, якое так патрэбна дзецям. Абагульненыя не столькі жывапісныя, колькі “дызайнерскія” рашэнні абліччаў жывёл спрыяюць фантазіі. А да ўсяго, цудоўна стыкуюцца з многімі сучаснымі мульцікамі. Дый “базавыя” камбінезоны, для ўсіх артыстаў вырашаныя ў адным стылі, нагадваюць праславутых пакемонаў, тэлепузікаў.

Колеравая палітра — выключная: фарбы яркія, насычаныя, пры гэтым быццам пастэльныя, без флюарэсцэнтных эфектаў, якія чамусьці лічацца ледзь не абавязковымі для дзяцей. Але ўсё роўна выніковы антураж наўрад ці можна назваць цалкам ідэальным. Лялькі дастаткова цяжкія па сваёй вазе (затое матэрыял лічыцца пажараўстойлівым, што ў дадзенай казцы набывае яшчэ большую актуальнасць), не такія мабільныя, як, магчыма, хацелася б. Самым, бадай, прыцягальным атрымалася парсючковае сямейства. А незразумелымі — вожыкі, што з’яўляюцца на сцэне самымі першымі, прычым у сцэне, якой не было ні ў казцы, ні ў мульціках паводле яе, што таксама не спрыяе пазнавальнасці. Упэўнена, калі было б крыху больш часу, “карцінка” была б і сапраўды даведзена да абсалюту. Магчыма, удасканаліліся б фрагменты відэа, якія пакуль выглядаюць беднавата — нават на фоне даволі простай сцэнаграфіі з вялікіх дзіцячых кубікаў, трохвугольных “дахаў” ды іншых дэталяў “канструктара”.

Артысты выкладаюцца “на ўсе сто”. А музычны матэрыял няпросты, занята шмат юных спевакоў з Дзіцячага музычнага тэатра-студыі, якім трэба і рухацца, і лялькі ў руках трымаць. Салісты, нягледзячы на ўсе складанасці, ствараюць адметныя характары сваіх персанажаў. З тых, каго я бачыла (а ў кожнай партыі занята некалькі складаў), адзначу Алену Сало (Каза), Юрыя Балацько (Пеўнік), Алену Золаву (Котка), Дзмітрыя Капілава (Казёл) і іншых. Дырыжор Алег Лясун настолькі тактоўна вядзе аркестравую дынаміку, што ў некаторых момантах інструменты літаральна “шамацяць-шапочуць”, каб толькі не перашкаджаць вакалу. А партыі, дарэчы, разлічаны не столькі на оперную тэсітуру, колькі на эстрадную, что таксама ўскладняе работу спевакоў. Невыпадкова вялася размова пра тое, што ўдзельнікаў трэба будзе аснашчваць гарнітурай — для лепшага данясення гуку і дыкцыі, якія ў дадзеным рэгістровым полі самаадвольна “мікшыруюцца”. Няма сумневу, што з часам адшліфуюцца і ўласцівыя партытуры джазавыя штрыхі, нязвыклыя для акадэмічных інструменталістаў.

Адзінае, што немагчыма паправіць — гэта сама опера расійскага кампазітара Паўла Вальдгардта. Напісаная ў сярэдзіне 1960-х, яна была па тых часах даволі “прасунутай”, бо ўтрымлівала эстрадна-джазавыя памкненні. Разам з размоўнымі дыялогамі гэта давала падставу называць яе і аперэтай, і музычнай казкай (дарэчы, менавіта так яе азначылі ў 1965-м у Харкаўскім тэатры музкамедыі), і мюзіклам (летась у Башкірскім оперным). Улічваючы стылістыку нашага Музычнага тэатра, “Кошчын дом”, магчыма, пасаваў бы той сцэне лепей. Бо прызначэнне дзіцячага рэпертуару яшчэ і ў тым, каб фарміраваць кантынгент будучых дарослых прыхільнікаў пэўнага тэатра. Ці прывучыць такі спектакль менавіта да оперы? Сумняваюся.

Калі паўстагоддзя таму гэта музыка магла скіроўваць дзяцей да больш перспектыўных эстрадных кірункаў, дык сёння — застаецца зусім не горшым, але ўсё ж такі помнікам савецкай эпохі. На фоне меладычнай усераднёнасці, блізкай да шэрасці, бліскаюць найперш цытаты — “Шэры козлік” і “Нам не страшны Шэры Воўк”. Ёсць хібы і ў музычнай драматургіі, асабліва другой дзеі, дзе многія сцэны маглі б утрымліваць больш цікавае разгортванне.

Нарэшце, наколькі актуальна сёння сама казка С. Маршака? Так, яна можа навучыць дзяцей прытуляць бяздомных кацянятаў — да “радасці” бацькоў, якія пра тое толькі і “марылі”. Але трэба вітаць удалы піар-ход рэкламна-інфармацыйнага аддзела тэатра: напярэдадні прэм’еры праводзіўся фотаконкурс на лепшыя здымкі хатніх гадаванцаў. Дый надалей, у цёплую пору года, можна было б наладзіць супрацоўніцтва з грамадскімі аб’яднаннямі абароны жывёл.

У астатнім — у тэксце і самой сюжэтнай канве даволі многа састарэлых дэталяў, паваротаў. Пажар стагоддзе таму (а першы, самы сціслы варыянт казкі ўзнік акурат у 1922 годзе) і сапраўды мог быць прыкрай выпадковасцю, “стыхійным бедствам”. У цяперашніх рэаліях пры паўсюдна ўсталяванай сігналізацыі ён узнікае часцей за ўсё па віне саміх пагарэльцаў. Але, паводле сюжэту, пацярпелыя пачынаюць звальваць свае праблемы на іншых, быццам усе ім, прабачце, абавязаны. Дарэчы, менавіта гэтаму вучаць шматлікія расійскія “мыльныя” серыялы апошняга часу, выхоўваючы ў грамадстве пасіўнасць, утрыманства. Таму мастачка мела рацыю, калі замест барвова-чырвонага полымя змясціла на экране задніка чорныя палосы, быццам пракрэсленыя алоўкам ці фламастарам. І тым самым закцэнтавала не столькі ўласна пажар, колькі сам факт трагедыі, нейкай чорнай навалы.

Чаго нам сёння рэальна не хапае, дык гэта сучаснага рэпертуару. І лепшых еўрапейскіх твораў мінулага стагоддзя, якія, нягледзячы на свой “узрост”, і дагэтуль успрымаюцца “крутым авангардам”. Так, у канцы года павінен з’явіцца оперны спектакль “Пінокіа” нямецкага кампазітара Глорыі Бруні, якая раней плённа супрацоўнічала з аркестрам Белтэлерадыёкампаніі (у прыватнасці, яе Рэквіем выконваўся ў Сафійскім саборы Полацка). Але гэтага замала! Апошняя беларуская опера для дзяцей — “Доктар Айбаліт” Марыны Марозавай — была пастаўлена ў 2015-м. І дэманструецца настолькі рэдка, што пра яе наяўнасць многія папросту забываюць.

Беларускія карані пры жаданні можна знайсці і ў “Кошчыным доме”. Маці Маршака была ўраджэнкай Віцебска, у гэтым горадзе будучы літаратар і сам жыў у дзяцінстве. Так што сувязь сцэнаграфічнага “канструктара” ў нашай пастаноўцы з ідэямі віцебскага супрэматызму мае гістарычную аснову, хай і апасрэдаваную, бо пяці- шасцігадовы Маршак там жыў задоўга да УНОВІСа, у 1893 — 1894 гадах. А наконт музыкі (казка ўвасаблялася паўсюль, уключаючы наш ТЮГ, мае ажно тры мульціплікацыйныя версіі — 1938, 1958 і 1982 гадоў) Маршак пісаў у 1964 годзе Васілю Залатарову — заснавальніку беларускай кампазітарскай школы: “Дарэчы, ці выдадзеная Ваша цудоўная музыка да майго “Кошчына дому”? Ці захавалася яна ў Вас? Многія кампазітары пісалі музыку да маіх казак, але ніхто не перасягнуў Вас лаканічнасцю, грацыяй і душэўнай чысцінёй, якая так патрэбна мастацтву для дзяцей”.

Ёсць над чым задумацца. Дык якую наступную беларускую оперу будзем ставіць? Не, я не супраць замежных: іх таксама трэба планамерна засяляць у наш оперны дом — без “пажару” і крыкаў: “Хутчэй! Гарым”. Але давайце абіраць сярод іх лепшыя — тыя, што прывучалі б гледача да сучаснай мастацкай мовы не адно на візуальным ўзроўні сцэнаграфіі і касцюмаў, як гэта атрымалася зараз, а па ўсіх параметрах, пачынаючы з музыкі.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"