Сёння і заўжды

№ 14 (1453) 04.04.2020 - 11.04.2020 г

У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў экспануецца жывапісны цыкл гродзенскага мастака Сяргея Грыневіча “Вялікодны трыдзень”. Тым часам як уся астатняя прастора Цэнтра на Някрасава занята выставай мастакоў-аматараў “Я Манэ. Я Шышкін. Я Малевіч”, Грыневічу адшкадавалі залу, як мастаку-пераможцу леташняга глядацкага галасавання.

/i/content/pi/cult/792/17053/012.JPGНе хачу пакрыўдзіць аматараў, але большасць наведвальнікаў ідзе гэтымі днямі ў Цэнтр найперш дзеля твораў прафесіяналу, якія набылі сенсацыйны розгалас ужо пры першым экспанаванні.

/i/content/pi/cult/792/17053/013.JPGТрыдзень — гэта Вялікі чацвер, Вялікая пятніца і Вялікая субота. Тры дні, што папярэднічаюць Вялікдню на Страсным тыдні. За гэтыя тры дні Хрыстос спазнаў катаванне, смерць на крыжы і пахаванне. А ў нядзелю Збаўца, паводле біблейскай легенды, паўстаў з мёртвых. Мастак узяўся адлюстраваць галоўныя эпізоды Трыдзенства. Да згаданых сюжэтаў мастакі звярталіся на працягу многіх стагоддзяў. Здаецца, сказаць выяўленчай мовай нешта новае пра Хрыстовы страсці, проста немагчыма. Усё сказана, усе сэнсавыя адценні выяўлены, усе эмацыйныя акцэнты расстаўлены. Але Сяргей Грыневіч здолеў зрабіць амаль немагчымае. Каб паказаць драматызм біблейскага аповеда ён скарыстаў складаныя ракурсы і неўласцівую чалавечаму воку перспектыву. У такім ракурсе ўбачыць Хрыста можна толькі калі гледачу самому вісець на адным з суседніх крыжоў. Альбо трэба скарыстоўваць дрон. Нязвыклыя ракурсы знаходзіць мастак і для сцэны Таемнай вячэры і П’еты. Сюды ж дадаюцца і раздражняючыя вока анілінавыя фарбы. Карціну мастак будуе як спынены кадр відэашэрагу. Маўляў, працяг будзе… Дасягаецца ўражанне, нібыта драматычная дзея адбываецца не на палатне, а на тваіх вачах. Не тысячагоддзі таму на Блізкім Усходзе, а тут і зараз. Праўда, каб гэта адчуць, трэба загадня настроіцца на пэўную эмацыйную хвалю.

Пабываць на згаданай выставе Сяргея Грыневіча — тое самае, як у касцёл у нядзелю схадзіць. Нездарма гэтыя творы ўжо называюць шэдэўрамі сучаснага сакральнага мастацтва. Трыдзень — сёння і заўжды, так бы я акрэсліў сэнс гэтага сакральнага цыкла

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"