Французскія жарты з беларускім адценнем

№ 14 (1453) 04.04.2020 - 11.04.2020 г

Нядаўняе прафесійнае свята ў Тэатры-студыі кінаакцёра сустрэлі прэм’ерай спектакля “Ох, ужо гэта Ганна!” Пастаноўка аднайменнай камедыі становішчаў Марка Камалеці — самага, бадай, “раскручанага” французскага драматурга-камедыёграфа сучаснасці — ажыццяўлялася пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі.

/i/content/pi/cult/792/17052/010.JPGТакога роду п’есы — сапраўдны кландайк для антрэпрыз: дастаткова запрасіць кагосьці з медыяасоб, вядомых па тэлеэкране, — і фінансавы поспех забяспечаны. Вядома, каранавірус унёс свае папраўкі, і сёння чакаць аншлагаў не даводзіцца, але з тым, што падобныя спектаклі без праблем збіраюць гледачоў і становяцца сеансамі смехатэрапіі, спрачацца не мае сэнсу. Галоўнае, каб той сэнс меў сам спектакль!

Паставіў яго Алег Кірэеў — лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за стварэнне ў гэтым тэатры спектакля “Хто смяецца апошнім” паводле аднайменнай п’есы Кандрата Крапівы. Тая камедыя сацыяльнага ўхілу мела, дарэчы, сваю разыначку ў прачытанні: дзеянне было размеркавана паміж рознымі дзесяцігоддзямі нашага недалёкага мінулага, атрымліваўся ў поўным сэнсе “Смех скрозь слёзы”. Дый на гэты раз нельга сказаць, што смех у зале пераследуе ўсю “... Ганну” з пачатку да канца. Гэта не так: усмешка ўзнікае хіба раз-пораз. Але добры настрой ствараецца — яшчэ і таму, што спектакль “перарастае” забаўлянку на тэму адзюльтэра і імкнецца ўзняцца да мастацкай асацыятыўнасці. У гэтым яму дапамагаюць найперш сцэнаграфія Лідзіі Малашэнка і музыка Валерыя Воранава.

Замест звыклага “сярэднеарыфметычнага” інтэр’ера — своеасаблівае прывітанне віцебскаму УНОВІСу і запаветам супрэматызму. Падсвечаныя квадраты-прастакутнікі: белы, чырвоны, сіні, жоўты — адыгрываюць ролю сценавых панэляў, хаця ў тэксце фігуруюць традыцыйныя шпалеры. Журнальны столік ператвараецца то ў штосьці накшталт будаўнічай люлькі, то ў падабенства арэляў. Яркасць, фантазійнасць сцэнічных строяў адпавядае дзягілеўскім “Рускім сезонам”, з якімі супрацоўнічаў Леон Бакст — мастак родам з Гродна.

/i/content/pi/cult/792/17052/011.JPGУ музыцы, якая адразу “заводзіць” неабходны тэмпарытм і “дырыжыруе” настроем гледачоў, — неверагодная гульня тэмбравых фарбаў, сачыць за якой часам нават больш цікава, чым уласна за сцэнічнымі падзеямі. І гэты пошук новых інструментальных адценняў выбудоўвае незаўважны масток да творчасці Яўгена Глебава: раней толькі ён з беларускіх класікаў умеў так спрытна “рабіць свята” літаральна некалькімі пікантнымі гукавымі штрыхамі. Узнікаюць таксама паралелі з творчасцю Альфрэда Шнітке, Гія Канчэлі, якія гэтак жа ўдала працавалі і ў галіне авангарда, і ў кінамузыцы, якая здаўна лічылася “прыкладным” жанрам. Пры гэтым Валерый Воранаў прысутнічаў хіба на першых восеньскіх чытках п’есы, а далей вярнуўся ў Германію (колішні выпускнік нашай Акадэміі музыкі, ён жыве на дзве краіны і прызнаны ў розных кутках свету) і дасылаў напісаныя фрагменты па інтэрнэце.

Удала спалучае тэмпарытм з настроем сучасная па стылі харэаграфія Ірыны Шырокай: тут і танцы седзячы, і выйгрышныя эстрадныя элементы, і розныя тыпы хады, пластыкі, знітаваныя і з характарамі герояў, і з эмацыйным пасылам, уласцівым той ці іншай сітуацыі.

На жаль, мне давялося паглядзець толькі адзін акцёрскі склад. Сярод яго вылучаецца Вера Палякова (Жаклін), якая знайшла гармонію паміж вытанчанай эратычнасцю і адкрытай гратэсковасцю асобных мізансцэн, нідзе не парушыўшы межы добрага густу. А таксама Антон Жукаў (Рабэр), які ўвасабляе “тыпаж Савелія Крамарава” і адначасова інтэлігентную пародыю на гэтае амплуа, малюючы няўпэўнена-сціплаватага “палкага каханка”. Такую ж шматзначнасць, супярэчлівасць, аб’ёмнасць у характары сваёй гераіні, пэўна, павінна б была дасягнуць і Вольга Дзятлоўская (Брыжыт). Спадзяемся, з часам і Ягор Лёгкін (Бернар) набудзе больш бляску, феерычнасці, каб камедыйная лёгкасць не абцяжарвалася грувасцкасцю.

Недастаткова зразумела пакуль, якой хацеў бачыць рэжысёр цэнтральную ролю служанкі Ганны. З прыгажуні Алесі Пухавой паспрабавалі зрабіць “жанчыну без узросту”. Можа, яно і няблага, ды навошта пазбаўляць цудоўную артыстку ўласцівага ёй жаночага шарму? Той часам і спрабуе прабіцца, дзякуючы таленту актрысы, але так і застаецца да канца не выяўленым. Адной з лепшых сцэн становяцца прадчуванні гераіні — яе “сон наяве”. Але ўсведамлення, што перад намі гэткі Фігара ў жаночым абліччы — з унутраным энерджайзерам і бязмежнай фантазіяй чараўніка, не ўзнікае.

Што ж, спектакль яшчэ будзе набіраць абароты і, хочацца верыць, зайграе такой жа палітрай акцёрскіх знаходак, як і яго мастацкае “афармленне”.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"