Гордае “Я” — не для дылетанта

№ 14 (1453) 04.04.2020 - 11.04.2020 г

Чацвёрты раз праходзіць агульнабеларуская выстава “Я Манэ. Я Шышкін. Я Малевіч”. Экспазіцыя ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Прыняць удзел у выставе мог кожны мастак, дакладней — кожны, хто лічыць сябе мастаком. Мае такі мастак прафесійную адукацыю, досвед удзелу ў выставах, працуе выключна дзеля ўласнага задавальнення ці зарабляе мастацтвам грошы — для арганізатараў выставы не мела значэння. Не было таксама абмежаванняў па відах мастацтва, тэматыцы твораў, тэхніцы выканання. Жывапіс, графіка, пластыка, фатаграфія, відэа… — што заўгодна. Галоўнае — заплаціць унёсак на права ўдзелу, выстаяць жывую чаргу і паспець здаць сваю работу, пакуль экспазіцыйная плошча яшчэ не запоўнена “пад завязку”.

/i/content/pi/cult/792/17051/09.JPGНазываючы рэчы сваімі імёнамі, выставу гэту трэба класіфікаваць як самадзейную, як агляд творчасці дылетантаў. Ад дыпламаваных прафесіяналаў, якія самі ў такой акцыі ні ў якім разе ўдзельнічаць не стануць, але тым не менш яе прагледзілі, я чуў розныя меркаванні. З большага стаўленне паблажлівае. Маўляў, чым бы дзіцё не цешылася, абы не плакала (не піло гарэлкі ды іншае). Ёсць меркаванні, што “Я Манэ, Я Шышкін, Я Малевіч” — суцэльная прафанацыя, бо прывучае да думкі, нібыта мастацтва — гэта лёгка, што пры наяўнасці аднаго толькі натхнення можна зрабіць нешта вартае глядацкай увагі, а майстэрства, прафесіяналізм — справа другасная ды і не надта патрэбная. Хтосьці лічыць, што такога роду акцыі для кагосьці могуць стаць першым крокам у прафесію і ў Творчасць ужо з вялікай літары. Я ж схіляюся да думкі, што гэта добрая арт-тэрапія, сродак знайсці самога сябе ў прасторы самоты; магчымасць рэалізацыі якога ні ёсць, але творчага патэнцыялу ў сітуацыі, калі і работа не цікавая, і побытавая завядзёнка цісне на псіхіку.

Я да такой думкі прыйшоў, калі некалькі гадоў таму малады чалавек, што зарабляе на хлеб рабочай спецыяльнасцю, а ўвесь вольны час аддае будаўніцтву дома для сваёй сям’і, раптам запытаўся ў мяне, якую з мінскіх студый выяўленчага мастацтва я яму б параіў. Хачу, кажа, маляваць, часу на гэта няма — але знайду.

Тое, што заняткі мастацкай ці якой іншай творчасцю могуць быць для чалавека душэўным апірышчам у няпростых жыццёвых сітуацыях, заўважылі адмыслоўцы сацыяльнай псіхалогіі. Прычым заўважылі даўно. На Захадзе, дзе ўрбанізацыя раней чым у нас змяніла менталітэт грамады і пахавала патрыярхальны побыт, самадзейная творчасць недзе яшчэ з 80-х гадоў разглядалася менавіта з гэтых пазіцый. Людзей збіралі ў гурткі па інтарэсах не дзеля захавання нацыянальных асаблівасцяў народнага мастацтва, а дзеля стварэння ілюзіі еднасці ў грунтоўна раз'яднаным грамадстве. Пра гэта я чуў ад нашых этнографаў, якія паездзілі па свеце і мелі сумоўе са сваімі замежнымі калегамі.

Дарэчы, сярод тых, хто выставіўся на сёлетнім форуме амбіцыйных дылетантаў, ёсць асобы, якія дзякуючы выдатнай працавітасці і здольнасці да творчага росту, былі б не лішнімі і на выставах прафесійнага мастацтва. Прынамсі, відаць, што ёсць у іх і развіты густ і вартыя мастацкія арыенціры. Хіба што дыплома БДАМ ці Глебаўкі не стае. Ну дык Марк Шагал з Язэпам Драздовічам ды Казімір Малевіч з Міколам Чурлёнам таксама “акадэмій не канчалі”. Прынамсі, прэстыжных. У любым выпадку, каб заявіць “Я Манэ, Я Шышкін, Я Малевіч!” (спіс можна доўжыць паводле густу), трэба смеласць мець. Творчую смеласць.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"