Здзівіць, каб віталі стоячы!

№ 38 (856) 20.09.2008 - 26.09.2008 г

Пад час Дзён культуры Беларусі ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр балета нашай краіны двойчы паказваў сваю нядаўнюю прэм’еру — аднаактовы балет “Пахіта”, а таксама разгорнутую канцэртную праграму, складзеную з лепшых фрагментаў розных спектакляў і асобных харэаграфічных нумароў. Поспех нашых артыстаў сведчыў: беларускі балет знайшоў сваіх новых прыхільнікаў на афрыканскім кантыненце.

Цэнтральныя партыі пад час гастрольных паказаў выконвалі вядучыя салісты тэатра, сярод якіх — Вольга Гайко, Антон Краўчанка, Дзяніс Клімук, Ігар Артамонаў, Юлія Дзятко, Канстанцін Кузняцоў. Не паспеўшы вярнуцца з далёкай паездкі, 18 верасня трупа паказала на сцэне Палаца Рэспублікі балет “Рамэа і Джульета” С.Пракоф’ева ў пастаноўцы дырэктара — мастацкага кіраўніка тэатра, народнага артыста СССР, прафесара Валянціна Елізар’ева. А ўжо раніцай 19-га рушыла ў Брэст — на Міжнародны тэатральны фестываль “Белая вежа”.
Нягледзячы на такую занятасць, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Юлія ДЗЯТКО і Канстанцін КУЗНЯЦОЎ знайшлі час, каб падзяліцца сваімі ўражаннямі ад паездкі ў Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку.
— Канцэртная праграма, паказаная ў далёкай краіне, — распавёў Канстанцін Кузняцоў, — сабрала сапраўды адметных артыстаў Беларускага балета. Асабліва прыемна, што было шмат фрагментаў са спектакляў Валянціна Елізар’ева, бо яны даюць уяўленне не толькі пра выканальніцкі ўзровень, але і пра стан харэаграфіі ў нашай краіне, пра асаблівасці нацыянальнага мастацкага мыслення, пра тую высокую канцэптуальна-філасофскую планку, якая падтрымліваецца ў сучасных спектаклях. Можна было прасачыць і пераемнасць традыцый — зноў-такі, выканальніцкіх і балетмайстарскіх. Бо ў першым аддзяленні праграмы, якую мы паказвалі, следам за класічнай “Пахітай” ішло “Уяўленне ружы”, пастаўленае Раду Паклітару — вучнем Валянціна Мікалаевіча. А потым — Дывертысмент са “Шчаўкунка” самога Елізар’ева.
— Цікава, як жа ўспрымалі “Уяўленне ружы”? Бо гэтая харэаграфічная мініяцюра разлічана, у першую чаргу, на падрыхтаванага гледача, знаёмага з аднайменнай класічнай пастаноўкай. Нумар Раду Паклітару — тонкая, дасціпная пародыя на рамантычны арыгінал.
— Глядзелі вельмі ўважліва. І нават неяк, як нам падалося, насцярожана. Наша публіка звычайна рэагуе больш непасрэдна: адразу пачынаюцца ўсмешкі, а там — гэткая пранікнёная цішыня. І ніводнага пляскання ў далоні пад час танцаў! У нас заведзена іначай. Мы, артысты, ужо прызвычаіліся, што літаральна кожная ўдалая варыяцыя падтрымліваецца апладысментамі, а ў асобных нумарах публіка пачынае нават пляскаць акурат у такт. У іх — іншыя традыцыі. У час выступлення — поўная цішыня, яны быццам накопліваюць свае эмоцыі для фіналу, а ў канцы — вітаюць стоячы.
Увогуле, публіка падобная да еўрапейскай. Дый сам тэатр — сучаснага высокага ўзроўню.
— Усе тэатры, — прадоўжыла Юлія Дзятко, — знутры падобны адзін да аднаго — не зразумець, у якой ты краіне. Здараецца, нават не задумваешся, дзе знаходзішся, бо для артыста сцэна — гэта ўжо цэлая краіна.
— Ці ж паспелі штосьці паглядзець, акрамя сцэны?
— Нам была прапанавана экскурсія ў аўтэнтычную вёску. Уражанні? Мабыць, так пачуваюць сябе іншаземцы, калі трапляюць у нашы Дудуткі: усё вельмі цікава, каларытна. І хочацца вярнуцца туды яшчэ, каб пабыць даўжэй і больш уважліва пазнаёміцца з адметнай нацыянальнай культурай.
— Двух дзён, — дадаў Косця, — зусім мала, каб напоўніцу адчуць “смак” краіны. Але калі ўдаецца хаця б крыху дакрануцца да чужой спадчыны, пачынаеш яшчэ больш цаніць сваю.

Надзея БУНЦЭВІЧ