Беларускі тэатр: прэм’еры, гастролі, адмены

№ 13 (1452) 28.03.2020 - 03.04.2020 г

Сусветны дзень тэатра, які адзначаўся 27 сакавіка, стаў нагодай для сустрэчы ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь. Былі падведзены пэўныя вынікі мінулага года, ішла гаворка і пра тыя карэктывы, якія ўносіць у тэатральнае жыццё эпідэміялагічная сітуацыя. Пра свае планы расказалі прадстаўнікі вядучых сталічных тэатраў.

/i/content/pi/cult/791/17041/IMG_1514_opt.jpegНачальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга сваё выступленне пачала з аптымістычнага сцвярджэння, што “нягледзячы на ўсе часы і абставіны, тэатр — мастацтва вечнае, і такім, спадзяюся, застанецца”. Яна дала невялікую справаздачу па мінулым годзе.

Летась прайшлі фестывалі “М@rt. кантакт”, “Белая вежа”, “ТЕАРТ”, “Славянскія тэатральныя сустрэчы” і Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі. Акрамя таго, Міністэрствам культуры быў праведзены конкурс рэжысёрскіх эксплікацый, а спіс тэатральных арганізацый, якія могуць прыняць у ім удзел, быў пашыраны — цяпер маладыя рэжысёры змогуць ажыццявіць свае пастаноўкі і ў тэатрах мясцовага падпарадкоўвання, і ў прыватных арганізацыях і праектах. З улікам рэжысёрскіх пажаданняў першыя пяць пастановак адбудуцца сёлета, наступныя — у 2021 годзе: памер бюджэтных субсідый на новыя пастаноўкі ў 2020 годзе вырас амаль на дзесяць працэнтаў.

ШТО АКТУАЛЬНА Ў СЁННЯШНІХ УМОВАХ

Асобна была ўзнятая тэма таго, у якім рэжыме працуюць тэатры з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі. Ірына Дрыга паведаміла:

— Нашы тэатральна-відовішчныя арганізацыі працуюць у адпаведнасці з тымі рэкамендацыямі, якія дало Міністэрства аховы здароўя. З улікам гэтых рэкамендацый адменены альбо перанесены на больш позні тэрмін праекты з удзелам замежных творчых калектываў і выканаўцаў. І тычыцца гэта як дзяржаўных арганізацый, так і прыватных. Спектаклі з удзелам беларускіх выканаўцаў арганізуюцца ў тым фармаце, у тых умовах, калі ўласнікі пляцовак здольныя забяспечыць выкананне ўсіх супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў, рэкамендаваных Міністэрствам аховы здароўя.

Адменены міжнародныя фестывалі, якія планаваліся на бліжэйшыя месяцы, —
“М@rt. кантакт” і Міжнародны фестываль тэатраў лялек, а мерапрыемствы Нацыянальнай тэатральнай прэміі будуць праведзены ў другім паўгоддзі, ужо ў новым тэатральным сезоне.

— Многа пытанняў паступае ў Міністэрства культуры і тэатры наконт вяртання білетаў, — расказала Ірына Дрыга. — У адпаведнасці з Кодэксам аб культуры Рэспублікі Беларусь калі грамадзянін здае білет па сваёй ініцыятывае, то яму вяртаецца не менш 75-ці працэнтаў яго кошту. У выпадку, калі спектакль адмяняецца ці перанесены, то, як правіла, вяртаецца поўны кошт. 25 сакавіка на сайце Міністэрства культуры была апублікаваная інфармацыя пра парадак вяртання білетаў разам з кантактнымі тэлефонамі супрацоўнікаў білетных службаў, да якіх можна звярнуцца ў спрэчных сітуацыях.

“ТУТЭЙШЫЯ”, ШАГАЛ, АНЛАЙН — У КУПАЛАЎСКІМ

Купалаўскі тэатр сёлета адзначае 100-гадовы юбілей. Планамі на юбілейны год падзялілася намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Святлана Шыцікава. Яна расказала, што ў бліжэйшы час з’явяцца дзве новыя пастаноўкі. У спектаклі “En souvenir de Шагал”, прэм’ера якога адбудзецца ў маі, без слоў распавядаецца пра жыццё і творчасць Марка Шагала. Адноўлены легендарны спектакль “Тутэйшыя” па п’есе Янкі Купалы гледачы ўбачаць у чэрвені. А на канец года запланавана прэм’ера спектакля “Ідылія” па п’есе Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка тэатра Мікалая Пінігіна. Акрамя таго, 6 чэрвеня плануецца правесці “Дзень Купалаўскага тэатра” у Мінскай гарадской ратушы, а 11 чэрвеня ў Вязынцы — Першы музычна-тэатральны фестываль “Паўлінка”. Таксама ў чэрвені “Кароль Лір” будзе паказаны ў Нясвіжскім замку. На 14 верасня на галоўнай сцэне тэатра рыхтуецца спецыяльная юбілейная праграма, прысвечаная гісторыі тэатра.

— На гэты час ёсць няпэўнасць з гастролямі, — расказала Святлана Шыцікава, — але ў планах Купалаўскага — паказ аднаго з самых папулярных нашых спектакляў “Рэвізор” у Даўгаўпілсе, Варшаве і Любліне. Пакуль яшчэ разлічваем у красавіку паказаць “Паўлінку” і “Рэвізора” ў Магілёве, у маі — “Паўлінку” у Барысаве, у чэрвені — “Пінскую шляхту” ў Маладзечне. Таксама на закрыцці фестывалю “Белая вежа” ў Брэсце будзе сыграны “Кароль Лір”.

Асаблівую ўвагу ўсім чытачам варта звярнуць на наступную інфармацыю. Наш славуты тэатр абвясціў Тыдзень Купалаўскага анлайн. У Сусветны дзень тэатра 27 сакавіка можна было ў вольным доступе ўбачыць у інтэрнэце прамую трансляцыю спектакля “Паўлінка”. Хто прапусціў гэтую трансляцыю, яшчэ можа паглядзець тры іншыя пастаноўкі (яны будуць ісці ў запісе): 29 сакавіка — “Школа падаткаплацельшчыкаў” па п’есе Луі Вернэя і Жоржа Бэра ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна, 31 сакавіка — “Вельтмайстар-акардэон” па песнях Марка Мермана ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна, і 2 красавіка — “Ураджай” па п’есе Паўла Пражко ў пастаноўцы Дзмітрыя Цішко.

Паводле слоў Святланы Шыцікавай, любы чалавек зможа абсалютна бясплатна і без рэгістрацый і тэрытарыяльных абмежаванняў падключыцца да трансляцый. Спасылкі будуць даступныя на сайце тэатра і яго акаунтах у сацыяльных сетках з 18 да 22 гадзін у дзень паказу.

ВЯЛІКІ ТЭАТР БУДЗЕ ЗДЗІЎЛЯЦЬ

Планамі на гэты год падзяліўся і Вялікі тэатр оперы і балета — пра іх расказала начальнік службы маркетынгавых камунікацый тэатра Таццяна Аляксандрава. Рыхтуецца тры вялікія прэм’еры: на 23 і 24 мая запланавана опера Джакама Пучыні “Вілісы”, якая ў тэатры атрымала другую назву “Фатум”. Над пастаноўкай працуе наша знакамітая спявачка Аксана Волкава, для якой “Вілісы” стануць дыпломнай работай у якасці рэжысёра. І нягледзячы на пэўныя складанасці з пастановачнай групай, якая павінна прыехаць з іншых краін, работа над спектаклем не прыпыняецца.

На 3—4 чэрвеня прызначана прэм’ера балета “Пер Гюнт” Эдварда Грыга. Над ім працуе малады беларускі харэограф Сяргей Мікель. Да таго “Пер Гюнт” у афішы тэатра быў больш за 40 гадоў таму. У цяперашняй версіі абсалютна новая музычная рэдакцыя, у пастаноўцы задзейнічаны таксама салісты оперы і невялікі хор. Прэм’ера оперы “Фауст” павінна адбыцца 19—20 ліпеня — абяцаюцца незвычайная сцэнаграфія і вялікая роля ў спектаклі пластыкі і харэаграфіі. Як бачна, Вялікі тэатр сёлета вырашыў падоўжыць свой тэатральны сезон.

На жаль, даводзіцца адмяніць праект “Балетнае лета ў Вялікім”, бо ў ім былі запланаваны і пастаноўкі з удзелам іншаземных артыстаў, і спектаклі замежных калектываў. Гледачы з нецярплівасцю чакалі сустрэчы на беларускай сцэне з балетнай трупай Нацыянальнай літоўскай оперы і з “Кіеў-мадэрн-балетам”. Таццяна Аляксандрава выказала спадзяванне, што мы зможам убачыць іх трохі пазней. А вось “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў” пройдуць, як і планавалася, 26—27 чэрвеня, а за тыдзень да іх у Мірскім замку пакажуць балет “Лебядзінае возера”.

— На пантоне будзе пабудавана сцэна, — расказала Таццяна Аляксандрава, — і вось у такім незвычайным антуражы на вольным паветры мы прадставім “Лебядзінае возера” гледачам двойчы.

Толькі што ў Вялікім тэатры адбылася прэм’ера дзіцячай оперы “Кошкін дом” — “спектакля ў стылі супрэматызму”, унікальнага ў тым сэнсе, што для тэатра гэта першая пастаноўка з маркіроўкай “О+”. Таццяна Аляксандрава зазначыла, што пасля цяперашняга зацішша гэтая пастаноўка яшчэ абавязкова атрымае гучны рэзананс і стане папулярнай сярод бацькоў і дзяцей. На канец года рыхтуецца яшчэ адзін дзіцячы спектакль — “Пінокіа” на музыку Глорыі Бруні.

Ужо восенню, у новым сезоне, Вялікі тэатр плануе аднавіць балет “Шчаўкунок” у пастаноўцы Валянціна Елізар’ева, і згадаць такім чынам выдатнага сцэнографа Яўгена Лысіка — 90 гадоў з дня яго нараджэння будзе адзначацца 17 верасня. Таксама на восень плануюцца вялікія гастроі па Францыі, Аўстрыіі і Германіі.

ВЯРТАННЕ Ў РОДНЫЯ СЦЕНЫ

Сяргей Кавальчык — мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага — расказаў пра свой галоўны клопат: завяршаецца рэканструкцыя будынку тэатра і нарэшце спектаклі — а іх 24, плюс казкі — змогуць вярнуцца на родную сцэну. Канкрэтнай даты яшчэ няма, але фінал рамонту ўжо бачны. Да адкрыцця тэатр рыхтуе пастаноўку “Братоў Карамазавых” — праца над ёй зараз ідзе. Яшчэ на гэты год запланавана прэм’ера рок-оперы на музыку Цімура Каліноўскага “Граф Монтэ-Крыста”. Акрамя таго, паводле слоў Сяргея Кавальчыка, і тэатр імя М. Горкага падуладны “модзе на рымэйкі”: да 70-гадовага юбілею Аляксандра Ткачонка будзе адроджаны легендарны спектакль “Единственный наследник” у пастаноўцы Уладзіміра Маланкіна. “І мы падумалі, што ніхто не адновіць пастаноўку лепей, чым народная артыстка Беларусі Вольга Міхайлаўна Клебановіч, якая іграла калісьці з першага да апошняга спектакля”, — зазначыў Сяргей Кавальчык.

Да навагодніх святаў тэатр імя М. Горкага плануе паставіць “Казку пра цара Салтана”, а на восень у планах — гастролі па поўдні Расіі: Стаўрапаль, Растоў, Валгаград і Краснадар.