Конкурс

№ 13 (1452) 28.03.2020 - 03.04.2020 г

Да 16 красавіка падоўжаны тэрмін прыёму заявак на ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе “Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва” ў 2019 — 2020 гадах.

Арганізатары запрашаюць далучыцца да вельмі важнай справы: абгрунтавана адзначыць тое, чым можа ганарыцца Беларусь у выяўленчым мастацтве. У конкурсе прадугледжаны і матэрыяльныя формы заахвочвання: лаўрэаты атрымаюць грашовую прэмію ў памеры 100 базавых велічынь і спецыяльную ўзнагароду. Іх мастацкія творы будуць рэкамендаваны да закупак у калекцыі дзяржаўных музеяў. Па выніках конкурсу адбудзецца мастацкая выстава ў Палацы мастацтваў і будзе выдадзены каталог твораў. Абмежаванняў па ўзросце няма, але прадстаўнікі творчай моладзі, якія будуць адзначаныя ў намінацыях, змогуць прэтэндаваць на заахвочванні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Арганізатарамі конкурсу выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі і абласныя выканаўчыя камітэты, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь. У адборачную камісію і журы запрошаны вядомыя эксперты і спецыялісты, прафесійныя мастацтвазнаўцы, мастакі, крытыкі, з рознымі пазіцыямі адносна крытэрыяў і рэйтынгаў.

Конкурс праводзіцца па намінацыях: “Жывапіс”, “Графіка”, “Скульптура”, “Дызайн”, “Актуальнае мастацтва” (арт-аб’ект, інсталяцыя), “Мастацкая фатаграфія”, “Манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, “Мастацтвазнаўства і крытыка”, “Творчы дэбют”.

Заяўкі прымаюцца дырэкцыяй конкурсу — Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь (вул. Карла Маркса, 12, тэл.: 226-09-22, 226-05-32, эл.адрас: info@histmuseum.by).

На сайце музея можна азнаёміцца з ІНСТРУКЦЫЯЙ аб парадку арганізацыі і правядзення рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва” ў 2019 — 2020 гадах і іншымі матэрыяламі: http://histmuseum.by/by/news/2302/.