Буду рады памыліцца

№ 13 (1452) 28.03.2020 - 03.04.2020 г

11 сакавіка група экспертаў, у складзе якой быў і аўтар гэтых радкоў, сабралася ў Нацыянальным гістарычным музеі, каб калегіяльна вызначыць, якія работы з ліку тых, што прапанаваны аўтарамі на Нацыянальную прэмію ў галіне выяўленчага мастацтва, могуць прэтэндаваць на статус намінанта. Членам камісіі былі раздадзены спісы твораў, а самі творы дэманстраваліся на маніторы. Тыя, што набралі большую колькасць станоўчых адзнак, трапілі на наступны этап конкурсу. Звычайная, нават руцінная працэдура. Аднак па яе завяршэнні члены камісіі звярнуліся ў Міністэрства культуры. Сэнс звароту ў тым, што выбіраць фактычна не было з чаго, што прадстаўленыя работы ў большасці сваёй не адпавядаюць высокім патрабаванням конкурсу. І гэта выклікае занепакоенасць за стан і будучыню нашага мастацтва.

/i/content/pi/cult/791/17039/2020-03-26 17-30-11_opt.jpegПотым была сустрэча членаў камісіі з супрацоўнікамі міністэрства, адказнымі за гэты сегмент культуры. У выніку зацікаўленай гаворкі прынята рашэнне падоўжыць прыём работ на конкурс яшчэ на месяц у спадзяванні, што удзел у творчым спаборніцтве возьмуць мастакі, так бы мовіць, першага шэрагу. Адразу пасля тае нарады я патэлефанаваў некаторым сваім знаёмым, чый удзел у конкурсе на Нацыянальную прэмію ўяўляецца мне пажаданым, і запытаўся, чаму яны праігнаравалі такое важнае мерапрыемства. І шмат хто адказаў, што пра гэтую прэмію чуе ўпершыню. Значыць трэба зрабіць выснову, што нешта недапрацавалі адказныя за арганізацыю, што інфармаванне не было належным чынам наладжана. Зрэшты, час выправіць сітуацыю яшчэ нібыта ёсць.

Вернемся, аднак, да работ, з якімі камісіі гэтым разам давялося працаваць. Я не аднойчы меў магчымасць пераканацца, што мастакі і самі, без падказкі звонку, здольныя аб’ектыўна ацаніць уласныя талент і прафесіяналізм, а таксама ўзровень адпаведнасці сваёй творчасці эстэтычным запытам і культурніцкім прыярытэтам грамады. Калі мастак нясе сваю работу на выставу ці прадстаўляе яе на конкурс, ён можа і не мець упэўненасці, што тая трапіць у экспазіцыю альбо атрымае ўзнагароду, але не сумняваецца, што яна вартая і таго, і другога.

Вось і аўтары работ, якія справакавалі ліст, былі на поўным сур’ёзе ўпэўнены, што гэтыя рэчы адпавядаюць фармату Нацыянальнай прэміі. А гэта значыць, што ў прафесійным асяродку моцна панізілася планка якасці, што да гледача пачалі ставіцца без належнай павагі. Найперш гэты злом адбыўся ў свядомасці адмыслоўцаў, а потым у рэальных палотнах, скульптурах, графічных аркушах. Чаму так здарылася? Чаму пасля заканчэння акадэміі мастак са спакойным сумленнем нясе на суд глядацкай грамады работу, якую ў часе вучобы пасаромеўся б выставіць на курсавым праглядзе? Чаму набыўшы ў нашай акадэміі прафесійныя навыкі і веды, з якімі будзеш запатрабаваным у якой заўгодна краіне свету, мастак не жадае парупіцца дзеля роднай глядацкай аўдыторыі?

Магчыма прычыну трэба шукаць у тым, што чалавеку паводле сваёй натуры ўласціва імкнуцца дасягнуць мэты пры найменшых высілках. Можна год працаваць над палатном манументальных памераў і на тэму злабадзённую, а потым не знайсці пакупніка. А можна за гэты час даволі лёгка напісаць некалькі дзясяткаў краявідаў ці нацюрмортаў, збыць якія значна прасцей.

Да таго ж не першы год ладзяцца салоны, дзе, каб прабіцца ў лаўрэаты, зусім не абавязкова дэманстраваць высокі прафесіяналізм і, як гаварылі ў савецкі час, трымаць руку на пульсе грамадства. Я не супраць таго Восеньскага салона і ўдзячны спонсарам гэтай культурніцкай акцыі, якая дазваляе голасна заявіць пра сябе амбіцыйнай творчай моладзі. Кепска тое, што салон, у які ўкладаюцца сродкі недзяржаўнай камерцыйнай структуры, у маштабах краіны не ўраўнаважаны такой жа маштабнай акцыяй, якую б ладзіла некамерцыйная дзяржаўная. І якая б была накіравана на захаванне і развіццё нацыянальнай мастацкай школы, умацаванне пазіцый рэалізму і адлюстраванне ідэйных пастулатаў беларускай нацыі.

Я кажу не пра альтэрнатыву, але пра раўнавагу. Бо інакш мы маем перакос, які і адбіўся ў сітуацыі з адборам твораў на Нацыянальную прэмію. Як гэта ні крыўдна, але сёння ў мастака часта не толькі няма матывацыі развівацца ў працаёмкім творчым напрамку, удасканальваць майстэрства, але нават патрэбы скарыстоўваць патэнцыял, напрацаваны ў часе навучання ў акадэміі.

Амаль упэўнены, што мне запярэчаць, скажуць, што я нагнятаю змроку, між тым як свеціць сонца, хіба што з-за хмар. Буду рады памыліцца…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"