У адыходзе ад шаблонаў

№ 13 (1452) 28.03.2020 - 03.04.2020 г

Днямі сваю поўную праграму абвясціў фестываль “Славянскі базар у Віцебску — 2020”
Міжнародны форум павінен адбыцца з 13 па 21 ліпеня. Падрыхтоўка ідзе поўным ходам — усе спадзяюцца на лепшае. Правесці нас па фестывальнай праграме мы папрасілі дырэктара Міжнароднага фестывалю мастацтваў Глеба Лапіцкага. Для яго ў якасці дырэктара гэта будзе толькі другі “Славянскі базар”. Глеб Лапіцкі — не проста новы, а яшчэ і малады дырэктар, да таго ж сам музыкант, спявак, лаўрэат розных конкурсаў. Але і чалавек з некалькімі адукацыямі і вопытам кіраўніка ў сферы культуры. Зразумела, слаўныя фестывальныя традыцыі варта захоўваць, але ж трэба і павевам часу адпавядаць, і здзіўляць пастаянна нечым новым.

/i/content/pi/cult/791/17037/014.JPG— Вам амаль столькі ж гадоў, колькі і “Славянскаму базару”. А якія асабіста ў вас былі стасункі з фестывалем да таго, як вы сталі яго дырэктарам?

— Я віцябчанін, і для мяне “Славянскі базар” існаваў заўсёды: я не ведаю, як у Віцебску ды без яго. Больш за тое, як спявак я і сам некалькі разоў спрабаваў трапіць у конкурс маладых выканаўцаў. У тыя часы купляў білеты і спецыяльна хадзіў на конкурсныя фестывальныя канцэрты. А яшчэ памятаю свой першы канцэрт на “СБ” у амфітэатры — больш дакладна памятаюць, мае бацькі. Мне было гадоў пяць, і мы сям’ёй пайшлі на выступленне Юрыя Шатунова — на другой песні я заснуў і праспаў да самага канца (смех). З дзяцінства “СБ” для мяне заўсёды асацыяваўся са святам і гасцямі — бо на гэты час да нас прыязджалі сябры маіх бацькоў і ўсе хадзілі на канцэрты.

—Пад вашым кіраўніцтвам адзін фестываль ужо адбыўся, зараз ідзе падрыхтоўка да наступнага. Якія задачы вы перад сабой ставіце, у якім накірунку рухаецеся?

— Самае галоўнае — “Славянскі базар” стабільна развіваецца і дагэтуль цікавы публіцы. Зараз стараемся атрымліваць зваротную сувязь ад нашых гледачоў і фарміраваць праграму летняга свята так, каб людзі на яе пайшлі. Не так даўно мы праводзілі апытанне ў сацыяльных сетках, і частка канцэртаў гэтага года — напрыклад, праграма дыска-хітоў — будзе складацца якраз з таго, за што людзі галасавалі. Канешне, перамагла ў апытанні Мадонна — “каго б гледачы хацелі ўбачыць на фестывалі", недалёка ад яе і Rammstein (смех). Але ж многія меркаванні мы здолелі сапраўды ўлічыць.

— Якія новаўвадзенні, новыя праекты і фарматы з’явіліся ў мінулым годзе і прадоўжацца сёлета?

— Што новага пачалося з мінулага года — мы запусцілі праект, які называем “Плошча Перамогі” — такі пяцідзённы фестывальны пікнік на віцебскай Плошчы Перамогі, пляцоўцы для маладой і незвычайнай творчасці, для маладой музыкі: усё прайшло выдатна, і сёлета “Плошча Перамогі” таксама ёсць у праграме. Летась упершыню мы правялі “Уверцюру да фестывалю: ад класікі да рока” — на адной сцэне віцебскага амфітэатра злучылі зорак сусветнай оперы і рок-музыкантаў: гэтым канцэртам я нават крыху ганаруся, бо лічу яго сапраўдным укладам у культуру — у ім выступілі такія славутыя артысты як Алесандра Сафіна, Сумі Чо, Венсан Нікло, Джо Лін Цёрнэр. Дарэчы, ніхто не верыў, што ў нас атрымаецца прывезці ў Віцебск Сумі Чо — але мы гэта зрабілі, і эмоцыі ва ўсіх проста зашкальвалі. І сёлета “Уверцюра” будзе, але на гэты раз з рок-музыкай трох краін — Беларусі, Украіны і Расіі: “Воплі Відаплясава”, “Чыж і кампанія”, Аляксандр Іваноў і “Ронда”, беларуская сенсацыя — група “Молчат Дома” ды іншыя.

Таксама ў 2019-м у рамках “СБ” мы правялі фестываль харавой музыкі — ён пройдзе і сёлета, і адкрыецца на сцэне абласной філармоніі канцэртам Хора Валаамскага манастыра. Як звычайна, імкнемся не абмяжоўвацца толькі амфітэатрам і толькі папулярнай музыкай. Увогуле, пад час фестывалю адбудзецца недзе каля 160-ці мерапрыемстваў, і толькі нейкая іх частка на самых вялікіх сцэнах. Дарэчы, мы трохі перафармаціраваліся, і цяпер у амфітэатры будуць толькі вялікія шоу, а пад сольныя канцэрты аддаем КЗ “Віцебск”.

Вярнулі на фестывальныя сцэны і вялікі джаз — у мінулым годзе была джазавая праграма “Леанід Пташка і сябры”, а сёлета нас чакае “Ноч джаза з Ігарам Бутманам”.

— Калісьці ў прэс-цэнтры па вечарах адкрывалася джаз-кафэ, як зараз справы з гэтай традыцыяй?

— Мы яе адрадзілі — тры ночы запар у будынку Дырэкцыі фестывалю ладзілі джэм-сэйшны. Але сёлета там будзе блюз-кафэ са смаленскай групай Outback — з ёй пазнаёміліся якраз у рамках праекта “Плошча Перамогі” — яна падцягне туды і музыкантаў з Масквы, з Санкт-Пецярбурга.

— А чаму выбар зроблены на карысць менавіта смаленскай блюзавай групы, а не нейкай беларускай?

— Мы шмат у чым адштурхоўваемся ад прапаноў — нам іх паступае вельмі многа: ад нашых калектываў прапаноў не было, а ад смаленскага была. Увогуле, хачу сказаць, што ў інтэрнэце фестывальная тэма моцна актывізавалася — можа і таму, што я вельмі паслядоўна вяду сваю дзейнасць у сацсетках і з фестывалем мы зрабілі вялікі крок у SMM-індустрыі: толькі і паспяваем чытаць тое, што нам пішуць. Ужо стараемся адыходзіць ад шаблонаў нават у такіх статусных мерапрыемствах, як, напрыклад, закрыццё фестывалю — паглядзіце, колькі новых, маладых артыстаў было летась! І не лічым па-даўнейшаму, што павінны толькі зняць і паказаць канцэрты па тэлевізары — ужо звяртаем увагу і на інтэрнэт, бо людзі актыўна ім карыстаюцца. І па выніку мы маем шэсць з паловай мільёна праглядаў мінулагодніх фестывальных мерапрыемстваў, а за год 600 тысяч наведванняў нашага сайта. Сам час патрабуе падобнага падыходу.

— За амаль 30-гадовую гісторыю на фестывалі было ўжо многае і самае рознае. Ці можаце вы яшчэ чым-небудзь здзівіць публіку?

— Самае складанае — гэта здзівіць саміх віцябчан: у мяне ёсць адчуванне, што мы імкнемся прыдумаць нешта новае ў першую чаргу менавіта для іх. Бо астатнія, хто пабываў на фестывалі раз ці два, абавязкова здзівяцца, а нашы мясцовыя гледачы, сапраўды, ужо многае бачылі.

— Але сёлета яны ўбачаць ізноў Філіпа Кіркорава…

— Так, і гэта зараз вельмі актуальны артыст, запатрабаваны. Нават калі ўжо цяпер паглядзець на продажы білетаў, відавочна, што з выбарам гэтага артыста мы не памыліліся. Бо Кіркораў стварае вялікае і паўнавартаснае шоу. Хаця іншыя зоркі ў яго статусе ўжо могуць проста выйсці на сцэну і сам-насам паспяваць у мікрафон, Філіп не такі — ён укладвае і сілы, і сродкі. Вось уявіце сабе — на фестываль прыязджае сем фур нашых дэкарацый, а ён на сваё шоу яшчэ дадаткова вязе пяць фур. Вось такое ў яго стаўленне і адказнасць перад гледачом. І таму канцэрт Кіркорава пройдзе менавіта ў амфітэатры, на вялікай сцэне.

— А якім мерапрыемствам вы яшчэ даеце амфітэатр, акрамя, зразумела, традыцыйных праграм адкрыцця-закрыцця і конкурсу маладых выканаўцаў?

— Там пройдзе ўверцюра — вялікі рок-канцэрт, праграма “Залаты хіт” — такая рэтра-дыскатэка, асобная праграма — “Зоркі Еўрабачання”, канцэрт маладзёжных хітоў Like party, шоу Валерыя Меладзе — з удзелам груп “ВІА Гра”, MBand і іншых, канцэрт шансона і вечар КВН — якраз летась упершыню мы аддалі сцэну камандам вышэйшай лігі КВН, і атрымалася выдатна — самі ігракі былі ўражаны, казалі, што ў іх такога яшчэ ніколі не было, каб адначасова смяяліся шэсць тысяч чалавек. Ізноў вернем паўнавартасныя сольныя выступленні ў другія аддзяленні конкурсных канцэртаў — у першы дзень Дзмітрый Малікаў адсвяткуе на “СБ” свой 50-гадовы юбілей, а ў конкурсны дзень сусветных хітоў выступіць Томас Андэрс. Таксама, я лічу, будзе вельмі цікавы канцэрт пад эгідай Саюзнай дзяржавы, увесь прысвечаны кінашлягерам — з папулярным аркестрам Сяргея Жыліна “Фанограф-Сімфа-Джаз” выступяць беларускія і расійскія ўдзельнікі шоу “Голас” і “Голас. Дзеці”. У прынцыпе, на сайце ўжо з’явілася праграма ўсіх канцэртаў — можна зайсці і ўдакладніць, што-дзе-калі.

Праграма сцэны КЗ “Віцебск” таксама напоўнена канцэртамі. Спачатку прыгожай казкай там стане дзіцячы конкурс, а потым пройдуць канцэрты Максіма Аверына, Крысціны Арбакайтэ, Ціны Караль, Алега Газманава, Лаліты, Алёны Ланской, там жа “Ноч джаза з Ігарам Бутманам” і своеасаблівы Дзень Грузіі — канцэрт ансамбля “Арсіані” з удзелам Вахтанга Кікабідзэ.

— Разумею, што ўсё ахапіць зараз немагчыга, але на што яшчэ ў праграме вам хацелася б звярнуць увагу?

— У нас па-ранейшаму вялікая выставачная праграма на самых розных пляцоўках, у нас арт-батлы і перформансы. Лейтматывам фэсту “На сямі вятрах”, які традыцыйна праходзіць на вуліцах Суворава і Талстога — сёлета мы называем яго “На сямі кубах” — стане 100-годдзе УНОВИС. У тэатральнай праграме мы бярэм кірунак на замену антрэпрызных спектакляў рэпертуарнымі, па-ранейшаму аддаем пляцоўкі і лялечнаму тэатру. У гэтым годзе, акрамя ўсяго, у нас будзе вялікі вечар балета, прысвечаны знакамітаму балетмайстару, ураджэнцу Віцебска Валерыю Панову, з удзелам зорак танца з Беларусі, Расіі, Ізраіля, Францыі, Германіі і гэтак далей. Дарэчы, вядучым праграмы стане гісторык моды Аляксандр Васільеў.

Дадаем сёлета яшчэ і вялікі спартыўны праект — зладзім чэмпіянат Беларусі па футболе сярод артыстаў і прысвяцім яго 60-годдзю футбола ў Віцебску. У філармоні ізноў жа адбудзецца танцавальны Dream dance fest — у нас развіваецца танцавальны рух. Пералічыць усе мерапрыемствы, канешне, складана.

— Як зараз размяркоўваюцца лічбы паміж дзяржаўным фінансаваннем і даходамі ад продажаў квіткоў, як увогуле справы з фінансамі?

— Калі коратка згадаць гісторыю, то з 92-га па 95-ты гады фестываль быў вялікім прыватным камерцыйным праектам, а ў 95-м стаў дзяржаўным і пачаў фінансавацца з фонду Прэзідэнта. Зараз мы ўжо не фінансуемся з гэтага фонду, і ў нас няма таксама і нейкіх замежных грошай: прыкладна дзесяць працэнтаў бюджэту — гэта дзяржаўныя грошы Рэспублікі Беларусь, астатняе — грошы Саюзнай дзяржавы. Каля 90 працэнтаў выдаткаў на фестываль пакрываецца за кошт пазабюджэтных сродкаў — ад спонсараў, партнёраў і ад рэалізацыі білетаў — то-бок, Дырэкцыя сама зарабляе. Гледачы, купляючы білеты, кампенсуюць недзе працэнтаў 50—60. Але ўсё роўна фестываль застаецца сацыяльным праектам для краіны — кошт квіткоў значна ніжэйшы, чым калі б гэта быў звычайны канцэрт у якім іншым горадзе. Мы шукаем розныя шляхі, у тым ліку і дамаўляемся з артыстамі па-рознаму, але стараемся, каб усім наведванне нашых канцэртаў было “па кішэні”, як кажуць.

Дарэчы, магу прывесці вам яшчэ некаторыя цікавыя лічбы: у 2019-м годзе мы прадалі 72 тысячы білетаў, на фестываль у Віцебск прыехала 300 тысяч чалавек — уявіце сабе, у Віцебск прыехаў яшчэ адзін Віцебск! Больш за восем тысяч чалавек афіцыйна перасяклі мяжу Беларусі па бязвізавым рэжыме, каб трапіць на “СБ”! Сёлета больш зручна гэта зрабіць з дапамогай білетных аператараў жыхарам Латвіі, Літвы і Эстоніі, але і іншыя краіны могуць скарыстацца такой магчымасцю.

— Зараз адмяняюцца многія мерапрыемствы. “Славянскі базар у Віцебску” яшчэ няхутка, у ліпені, але...

— Я разлічваю на лепшае, і практычна ўпэўнены ў ім. Канешне, у артыстаў многа пытанняў. А я ўсім кажу — што, складзем рукі і будзем сядзець, а потым за два тыдні рыхтаваць фестываль? Не, мы не маем права спыніць работу, і павінны ўсё зрабіць на вышэйшым узроўні, нязалежна ад абставін.