Такая розная Папоўка

№ 13 (1452) 28.03.2020 - 03.04.2020 г

Аграгарадок, у якім працуе вучаніца Кірчука і хутка зменіцца бібліятэкар
Нягледзячы на асобныя нюансы, у цэлым працэсы, што адбываюцца ў сферы культуры гэтага населенага пункта, мне спадабаліся. Ну а некаторыя абставіны, якія маюць у ёй месца, выклікалі не тое, каб неразуменне, і не тое, каб моцнае здзіўленне. Хутчэй у аграгарадку Папоўка я знайшоў пацверджанне таму, што нават “выпадковыя” людзі могуць добрасумленна і вынікова працаваць у той галіне, якая ім не блізкая…

/i/content/pi/cult/791/17032/08.JPGМаторчыкі ды мурашы

Калісьці Васькавіцкі сельскі клуб знаходзіўся ў вёсцы Васькавічы, але некалькі гадоў таму ён, як і Васькавіцкая бібліятэка-філіял № 5, перамясціўся ў размешчаны непадалёк аграгарадок Папоўка ў адрамантаванае памяшканне. І сёння гэтыя дзве ўстановы абслугоўваюць вышэйзгаданыя населеныя пункты ды яшчэ вёску Ганчароўка.

Васькавіцкі клуб Марыя Драйчукова ўзначаліла зусім нядаўна - у пачатку мінулага чэрвеня, а да таго яна дзесяць гадоў загадвала Сацыяльна-культурным цэнтрам у аграгарадку Ржаўка. Вышэйшую адукацыю Марыя Сяргееўна атрымала ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Танка, скончыўшы яго завочна. Яе спецыяльнасць — “Сусветная і айчынная культура. Фальклор”.

— Сярод маіх выкладчыкаў быў Іван Кірчук, вядомы беларускі этна- музыкант і фалькларыст, — успамінае загадчыца. — Калі не памыляюся, навучэнцы нашай групы — яго апошнія студэнты: выпусціўшы нас, ён з універсітэта сышоў, бо закрылі кафедру этналогіі і фалькларыстыкі, дацэнтам якой Іван Іванавіч з’яўляўся. Сказаць пра яго магу толькі самае добрае: вельмі просты ў зносінах чалавек і прафесіянал найвышэйшага ўзроўню. Пад настрой і цяпер уключаю песні яго этна-трыа “Троіцы”. Канешне, выкарыстоўваю ў сваёй працы тыя веды ў галіне нацыянальнай абрадавай культуры, што атрымала ад Кірчука.

/i/content/pi/cult/791/17032/07.JPGУ ВСК дзейнічаюць два дзіцячых гуртка — мастацкага чытання “Пятрушка” і вакальны ансамбль “Непаседы”, а яшчэ тры аматарскіх аб’яднанні: два дарослых — сямейны клуб “Суседачкі”, клуб аматараў песні “З песняй па жыцці” і дзіцячы экалагічны клуб “Мурашы”. Апошнія разам з “Непаседамі” прымаў самы актыўны ўдзел у абрадавых мерапрыемствах, што праводзіць установа. А “фронтмэны” іх — народны фальклорны ансамбль “Вясковачкі” і ансамбль народнай песні “Чапурушкі”.

— Дарэчы, найстарэйшай артыстцы “Вясковачак” — Еве Рыгораўне Неплашовай — 84 гады! — уступае ў гутарку мастацкі кіраўнік калектыву Марына Самусенка, да слова, колішняя загадчыца клуба. — Увесь склад ансамбля — людзі ўзроставыя, але ўсе яны — сапраўдныя маторчыкі!

Нягледзячы на тое, што авалодаць вакалам, які практыкуе “Вясковачкі”, цяперашняму маладому пакаленню няпроста, бо традыцыйныя напевы, мясцовая аўтэнтыка нялёгка даюцца, — такія жадаючыя ёсць. Таму і перспектывы далейшага развіцця ансамбля, справа захавання тутэйшага музычнага фальклору Марыі Драйчуковай туманнымі не здаюцца. Прычым у творчую дзейнасць тых жа “Чапурушак” уліваюцца як жыхары Папоўкі, так і Васьковічаў, вёскі Міхайлава ды самога раённага цэнтра Слаўгарада!

— Гульнявыя праграмы, танцавальныя вечары, тэматычныя канцэрты, абрадавыя святы ў нас праходзяць вельмі часта, усё тут грыміць і звініць падчас мерапрыемстваў, — у адзін голас заяўляюць мае суразмоўцы. — Наведвальнікі жартам нават наракаюць, маўляў, іх столькі, што надакучылі ўжо! І ўсё роўна на чарговыя прыходзяць!

Ажыўленне пануе і на святах вуліц Папоўкі, калі кожны год на Тройцу ўшаноўваюць якую-небудзь адну (усяго іх у аграгарадку чатыры).

На ёй узводзіцца агульная пляцоўка, уладкоўваюцца падвор’і, упрыгожваюцца дамы, праходзяць выступы калектываў клуба, а пажылым на такіх імпрэзах — асаблівыя ўвага і пашана.

Калектывы ВСК і гастралююць шмат: з апошніх памятных выездаў спадарыні Драйчукова і Самусенка адзначылі фестываль “Ільняная карусель” у Карме, Смаленскую вобласць, а таксама паездку ў Чэрыкаў — на занальны этап абласнога агляду-конкурсу “Не старэюць душой ветэраны”. Ужо ў Магілёве адбыўся яго гала-канцэрт. Адпаведна, і колькасць грамат са званнем лаўрэатаў у творчай скарбонцы клуба ўзрасла.

— А крытыку ў свой адрас прымаеце? — пытаюся я.

— Канешне.

— Уваход у клуб мог бы быць... прыгажэйшы, ці што? І пляцоўка перад ім.

— Як толькі я прыйшла сюды працаваць, — кажа Марыя Драйчукова, — адразу падумала пра тое, што тэрыторыю каля клуба трэба акультурыць. Разбіць клумбы, кветнікі, усталяваць розныя драўляныя формы, упрыгожыць фігурнымі камянямі. Пацяплее і за дэкарыраванне возьмемся.

— А бабулям з “Вясковачак” хацелася б навейшыя касцюмы набыць, — дзеліцца іншай марай Марына Самусенка.

І ўсё ж — на сваім месцы

Перш чым зрабіць “справаздачу” аб размове з бібліятэкарам Васькавіцкай бібліятэкай-філіялам № 5 Вольгай Сцепаненка, заўважу, што начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слаўгарадскага райвыканкама Галіна Васільеўна Купрыянцава папрасіла мяне з разуменнем паставіцца да тых акцэнтаў, якія, на яе думку, маглі б быць расстаўлены маім візаві. Я і паспрабаваў гэта зрабіць.

Вольга Сцепаненка на пасадзе бібліятэкара кніжніцы Папоўкі працуе трэці месяц. І паралельна вучыцца на чацвёртым курсе Аршанскага дзяржаўнага каледжа чыгуначнага транспарту Беларускай чыгункі. У будучыні яна і бачыць сябе дзяжурнай па чыгуначнай станцыі.

— Сёй-той з маіх сваякоў працуе на чыгунцы, — тлумачыць Вольга Ігараўна свой выбар і дадае. — Ды і заробкі там добрыя.

Жыве спадарыня Сцепаненка ў Слаўгарадзе. Выйшаўшы з дэкрэтнага адпачынку, працы па сэрцы ў горадзе яна не знайшла. Затое выявілася свабодная вакансія ў аграгарадку.

— Мне падабаецца больш рухомы лад жыцця, я не люблю сядзець на адным месцы, — паведамляе яна. — І хочацца з людзьмі мець кантакты. А бібліятэка... Сёння ўсё ёсць у тэлефонах, з інтэрнэту можна кніжкі спампоўваць. Таму людзі спехам забягаюць да нас, возьмуць кнігі і хутка сыходзяць, кантактаў тут не шмат.

Але камунікацыю маладая мама наладзіла. Напрыклад, з трыма вучаніцамі сёмых — восьмых класаў мясцовай школы не проста вядуцца размовы, але прыдумляюцца і праводзяцца розныя мерапрыемствы. За гарбатай з пірагамі яны могуць абмеркаваць прафесію візажыста, абклаўшыся літаратурай, звязанай з дадзенай тэмай. Дарэчы, ідучы ў бібліятэкары, Вольга Ігараўна не меркавала, што на гэтай пасадзе ёй нямала ўвагі давядзецца надаваць імпрэзам:

— Не думала, што яшчэ павінна прымаць удзел ва ўсялякіх канцэртах і ў арганізацыі святочных мерапрыемстваў, якімі клуб займаецца сумесна з бібліятэкай. Першыя пару месяцаў мне было вельмі цяжка. Але калі ёсць такое патрабаванне, значыць, трэба яго выконваць.

Да цяжкасцяў у працы Вольга Ігараўна адносіць і тое, што неабходна пастаянна забяспечваць прырост чытачоў. Гэта значыць пераконваць тых, хто да кнігі абыякавы ці ў каго на яе няма часу, запісвацца ў бібліятэку. На сярэдзіну сакавіка ў ёй налічвалася 150 чалавек. Абслугоўванне чытачоў адбываецца і проста па месцы іх пражывання. Так, у Ганчароўку, дзе жывуць чатыры чалавекі, спадарыня Сцепаненка перыядычна дастаўляе газеты і часопісы двум старэнькім бабулям. Радуюць іх і прывазнымі канцэртнымі праграмамі, што рыхтуюць клуб і кніжніца. Асноўная ж маса яе чытачоў — менавіта бабулі. Творы беларускіх аўтараў і літаратуру на беларускай мове часцей бяруць школьнікі, а не дарослыя. Пра яе папулярызацыю бібліятэкар выказала наступнае меркаванне:

— Сёння моладзь выбірае спецыяльную літаратуру. Дапусцім, я і мае знаёмыя чытаем кнігі па псіхалогіі. І калі б яны выдаваліся на мове — з чым я не сутыкалася — быць можа, мы чыталі б на ёй. У маі Вольга Ігараўна скончыць каледж і з бібліятэкай развітаецца. Цікава, хто прыйдзе ёй на змену?

***

Розныя людзі працуюць сёння ў нашай культуры, рознымі шляхамі яны трапляюць у яе ўстановы, рознага хочуць дамагчыся, будучы ў іх. Студэнтка і проста прыгажуня Вольга Сцепаненка бібліятэкарам апынулася па волі выпадку. Але чалавек гэты з сумленным стаўленнем да той справы, якой жыццё дакладна не прысвеціць, мяне падкупіў. І менавіта слова “шчырасць” падыходзіць да ўсіх без выключэння прадстаўнікоў сферы культуры, што сустрэліся мне на зямлі Слаўгарадчыны.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"