Што развяжа дырэктару клуба рукі?

№ 13 (1452) 28.03.2020 - 03.04.2020 г

На пытанні газеты “Культура” адказвае начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Дзяніс ЯЗЕРСКІ.

/i/content/pi/cult/791/17031/06.JPG— Дзяніс Уладзіміравіч, на новай пасадзе вы — усяго толькі трэці месяц. Тым не менш, якія прыярытэты дзейнасці паспелі для сябе вызначыць? І якую долю тут займае культура абласнога цэнтра, а якую — культура сяла?

— Прыярытэтным, безумоўна, з’яўляецца выкананне паказчыкаў Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”, якая дзейнічае апошні год і тычыцца ўсіх нюансаў культурнай галіны Гомельшчыны. Папярэднія вынікі былі неблагія, таму хочацца здабыткі не толькі захаваць, але і памножыць… Як вялікая рака сілкуецца невялічкімі ручаямі, так і гарадскую культуру (у тым ліку, і абласнога цэнтра) жывіць вясковая мастацкая аўтэнтыка. Менавіта ёй ганарыцца кожны народ. Нашы карані — таксама ў далёкай мінуўшчыне. У вобласці працуюць выдатныя этнаграфічныя калектывы, асабліва — у Прыпяцкім Палессі. Да прыкладу, элементы вясновага абраду “Юраўскі карагод” вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна, якая сёлета адзначае 500-годдзе, уключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Як вядома, гэта першы па ліку элемент, які стаў для вобласці такім уганараваным, а для краіны ў цэлым — ужо трэці. Не магу не згадаць такія знакавыя міжнародныя фестывалі “Кліч Палесся” і “Берагіня”. Мы ганарымся імі і ўсяляк падтрымліваем… Яшчэ раз падкрэслю, вясковая культура жывіць гарадскую, таму прыярытэты — ёй, а не абласному цэнтру.

— Гомельшчына — вобласць асаблівая. У свой час яна значна пацярпела ад чарнобыльскай навалы, таму патрабуе ад мясцовых уладаў падвоенай увагі. Як вырашаюцца пытанні з заменай састарэлых камп’ютараў у клубах і бібліятэках, з набыццём новай аўтатэхнікі для мабільнага забеспячэння аддаленых і маланаселеных паселішчаў?

— На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацый культуры і адукацыі штогод выдаткоўваюцца бюджэтныя сродкі. За 2016 — 2019 гады набытыя гукавое, узмацняльнае абсталяванне, музычныя інструменты на суму больш як 30 мільёнаў рублёў. Летась за кошт бюджэту і пазабюджэтных грошай закуплена 83 адзінкі музычных інструментаў на суму 242,2 тысячы рублёў. А светлавога і гукавога абсталявання — 153 адзінкі, агульная сума — 412,6 тысячы рублёў. Больш чым на паўтара мільёна рублёў набыта камп’ютарнай тэхнікі, іншых асноўных сродкаў. На 2020 год запланавана выкарыстаць на набыццё 524 тысячы рублёў. Натуральна, установам культуры пастаўлена задача прыцягваць для ўмацавання ўласнай базы і пазабюджэтныя грошы. Набыццё аўтатранспарту сёння — таксама ў прыярытэтах, але з улікам таго, што цяпер у рэспубліцы ствараюцца цэнтры па абслугоўванні ў тым ліку і ўстаноў культуры, сёлета зрабіць гэта будзе цяжкавата…

— Дарэчы, Дзяніс Уладзіміравіч, раскажыце падрабязней пра новыя цэнтры.

— У адпаведнасці з даручэннем урада ў краіне падрыхтавана нарматыўная база для стварэння рэгіянальных цэнтраў, якія, калі разабрацца, узаконьваюць сістэму цэнтралізаваных бухгалтэрый і гаспадарчых груп, што існавалі пры аддзелах культуры, адукацыі, спорту і гэтак далей. На абласным узроўні і ў буйных гарадах ствараюцца галіновыя цэнтры, у раёнах у адзін кулак сканцэнтруюцца спецыялісты для абслугоўвання ўстаноў і аддзелаў у частцы гаспадарчага і фінансавага суправаджэння. Інакш кажучы, аўтсортынг для абслугоўвання…

— Маецца на ўвазе рамонт будынкаў і догляд за станам аўтатэхнікі?

— Так. Кіраўнік установы культуры не будзе займацца закупкамі. Ён толькі на пачатку года ўзгадняе план закупак, вызначае фінансавы кірунак сваёй установы і накіроўвае заяўкі ў згаданы цэнтр. Менавіта ён і будзе вырашаць пытанні, звязаныя з пастаўкамі, мантажом і рамонтамі. Паўтару, з’яўляюцца нарматыўныя дакументы, якія рэгламентуюць дзейнасць спецыялістаў. Не менш важна і тое, што ў цэнтры, як у новай установе, значна павышаецца заробак. Тут ужо чуткі пайшлі, што людзі з фінансавых аддзелаў райвыканкамаў пабягуць працаваць у гэтыя цэнтры. У кіраўніка ўстановы культуры літаральна развяжуцца рукі. Ён будзе займацца адно толькі творчасцю ці навучальным працэсам, калі гаворка, скажам, пра дзіцячую школу мастацтваў. Прынамсі, галава не будзе балець, як пафарбаваць, адрамантаваць, пабудаваць.

— Між іншым, “К” у свой час прапаноўвала такі варыянт аб’яднаных гаспадарчых груп. Асаблівай падтрымкі не атрымалі. На ўсё, як аказваецца, патрэбна часавая адлегласць.

— Пасля з’яўлення гэтых цэнтраў, пасля пэўнай прыціркі ўсіх працэсаў пагаворым і пра мабільныя ўстановы культуры.

— Па якіх крытэрыях ацэньваеце эфектыўнасць работы ўстаноў культуры? Назавіце тых, хто ва ўсім імкнецца паказаць прыклад.

— Крытэрыі ўсім вядомыя: ахоп насельніцтва культурным абслугоўваннем, колькасць мерапрыемстваў і іх наведвальнікаў, далучэнне розных узроставых груп да культурнага працэсу, колькасць аматарскіх аб’яднанняў і гурткоў, узорных і народных самадзейных калектываў, захаванне пераемнасці традыцый, узаемадзеянне з іншымі арганізацыямі… Паказчыкаў шмат. Але, як лічу, самае галоўнае ў тым, каб работніку культуры верылі, каб за ім ішлі, ва ўсім бралі прыклад. І я вельмі задаволены, што такіх спецыялістаў на Гомельшчыне вельмі шмат. Калі называць, дык трэба называць усіх, а для гэтага месца ў газеце не хопіць.

— Гомельшчына — яшчэ і вобласць, унікальная адмысловымі аб’ектамі культуры. Маю на ўвазе гомельскі філіял Веткаўскага раённага музея, клубны комплекс у Зашыр’і Ельскага раёна, музейная вясковая сядзіба ў Чабатовічах Буда-Кашалёўскага раёна… Нідзе болей падобнага я не бачыў. Ці будзе працягнуты спіс яркіх раённых брэндаў?

— Канешне будзе. Пра Юраўскі карагод я ўжо казаў. Не менш знакамітымі ў нас сталі абрады Ваджэння і Пахавання стралы ў Казацкіх Балсунах Веткаўскага раёна. Гэта таксама нашы сталыя брэнды. Запісаны дыск старадаўніх абрадавых песень у выкананні фальклорнага гурта Пераслоўскага дома культурна-сацыяльных паслуг Ельскага раёна. У Новапалескім сельскім клубе Лельчыцкага раёна аформлены пакой, дзе спяваюць носьбіты песеннага фальклору пасёлка Новае Палессе. Мы ствараем уніфікаваную інфармацыйную базу пра ўсе гэтыя праявы аўтэнтычнасці. Многае робіцца і для таго, каб рэкламна-інфармацыйныя матэрыялы пра нашу турыстычную прывабнасць (гаворка не толькі пра абрадавыя гурты, але і пра нашы нефармальныя раённыя музеі, дамы рамёстваў, мастацкія галерэі) змяшчаліся на старонках замежных СМІ.

— Гомель спрадвеку славіўся рок-калектывамі, што пачалі грымець у прамым і пераносным сэнсах у 1970-х на дрэваапрацоўчым камбінаце Навабеліцы. Многія знакамітыя на ўсю краіну гурты на сёння дзейнічаюць пры ўстановах культуры. Як будзе развівацца гэты рух? Ці адродзіцца ўнікальны фэст Metal Crowd у Рэчыцы?

— Так, уклад гомельскіх музыкантаў у развіццё айчыннага рока — неацэнны. Але давайце згадаем у сувязі з гэтым і мазыран — знакаміты гурт “Адлюстраванне”. Ён таксама стаў легендай. У Рэчыцы таксама рок быў у пашане. Але час не стаіць на месцы. У сённяшняй моладзі — іншыя куміры, а ў модзе — новыя музычныя напрамкі. Маю на ўвазе рэп, дзе асноўная сэнсавая нагрузка прыпадае на тэкст, а мелодыю замяняе рытм. Таму рок-гурты ва ўстановах культуры — ужо не такая масавая з’ява. Тым не менш, рок-канцэрты ў нашых клубах гучаць пастаянна. А Metal Crowd, заснаваны ў Рэчыцы ў 2005 годзе, сёлета ўлетку павінен адбыцца. Не варта забывацца на тое, што ў розныя гады ў гэтым знакавым фэсце бралі ўдзел музыканты з Бразіліі, Венесуэлы, Польшчы, Чэхіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Казахстана, Фінляндыі, Турцыі, Італіі, Германіі, Швейцарыі, Славакіі, Балгарыі…

— Вернемся да тэмы турызму. Залатое турыстычнае кольца Гомельшчыны… Ці дасягнута тут, на ваш погляд, шчыльнае ўзаемадзеянне паміж культурай і турызмам? Што для такога спалучэння трэба рабіць?

— Вельмі шчыльна супрацоўнічаем з упраўленнем спорту і турызму, з турыстычнымі кампаніямі Гомельшчыны, якія збольшага працуюць на ўязныя наведванні вобласці. У бліжэйшы час павінна прайсці пры Савеце Міністраў міжгаліновая экспертна-каардынацыйная рада па турызме на тэрыторыі Гомельскай вобласці. Пытанне мяркуецца разгледзець і на ўзроўні аблвыканкама. Цудоўна разумеем, што турызм на сёння — адзін з эканамічных патэнцыялаў. Установы культуры тут павінны адыгрываць адну з вядучых роляў. Працуем над тым, каб павялічыць колькасць атэставаных экскурсійных гідаў, ствараем турыстычна-інфармацыйныя цэнтры…

— Некалькі гадоў таму падчас камандзіроўкі давялося начаваць у веткаўскай гасцініцы. У інтэрнэтаўскай рэкламе нумары выглядалі шыкоўнымі (Ветка — адзін з маршрутаў турыстычнага кольца Гомельшчыны), а на справе не ўсё так добра аказалася: тэлевізар не працаваў, штосьці нечакана адламалася ў ваннай…

— Натуральна, трэба развіваць і гасцінічны, рэстаранны бізнес, іншыя кірункі, што спрыяюць прыцягненню турыстаў.

— Палац Козел-Паплеўскага ў Чырвоным Беразе — гонар вобласці. І па вартасці. Сядзіба Аўраамавых у Хойніках стала годным краязнаўчым музеем. А як быць з палацам Горватаў у Нароўлі?

— Жыць трэба з улікам фінансавых магчымасцяў. Не пакідаем надзеі праз аўкцыён знайсці пакупніка нараўлянскага палаца. Мясцовы райвыканкам прыняў 3 снежня 2017 года рашэнне аб адчужэнні гэтай невыкарыстоўваемай маёмасці. Праектны філіял Белрэстаўрацыі ацаніў аб’ект. Спачатку цана дасягала 254 тысячы беларускіх рублёў. Потым яна зніжалася на 20, 50, 80 працэнтаў. Сёлета камітэт дзяржмаёмасці аблвыканкама правядзе паўторны тур продажу.

— Які спектакль бачылі днямі ў драмтэатры, якую кнігу цяпер чытаеце, якая музыка прываблівае?

— Быў у абласным драматычным тэатры даўно. Днямі абавязкова знайду нішу ў працоўным графіку, каб патрапіць туды, бо прэм’ера аднаго са спектакляў атрымалася досыць рэзананснай… Музыку люблю любую, класічную і папулярную, але абавязкова якасную. Слухаю яе і дома, і ў машыне… Наконт літаратуры. Цяпер у мяне на стале ляжыць нядаўняе выданне Алеяксандра Карлюкевіча і Уладзіміра Ліхадзедава “Родники памяти”. Кніга, якую мне падараваў міністр інфармацыі, мае 7 раздзелаў, у якіх гаворка вядзецца пра самыя розныя куточкі Беларусі. З задавальненнем кніжку чытаю і вывучаю. Вельмі цікавая падача гістарычных фактаў, у тым ліку і пра Вялікую Айчынную вайну. Словам, цудоўны падарунак!

— Перспектыўныя планы, мары і спадзяванні? Якой увогуле бачыцца абласная культура ў бліжэйшай будучыні?

— Вялікіх планаў перад сабой не стаўлю. Трэба больш падрабязна разабрацца з тымі праблемамі, што ёсць у нашых установах культуры, пашукаць шляхі іх найбольш эфектыўнага вырашэння, дзе трэба — аказаць дапамогу. Працэс вывучэння становішча — пакуль самы галоўны. Аднак у любым выпадку магу зазначыць, што мы ніколі не адмовімся ад іміджавых міжнародных фэстаў, ад знакавых рэспубліканскіх мерапрыемстваў. Актыўна займаемся і падрыхтоўкай да святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі. Гэта асноўныя нашы перспектыўныя задачы.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"