Чуць і разумець без слоў

№ 12 (1451) 21.03.2020 - 27.03.2020 г

Танцавальная спадчына Талачыншчыны
Танцавальны фальклор — багатая і разнастайная старонка народнага жыцця, яго неад’емная арганічная частка. Многае з народнай скарбніцы знікла беззваротна, нямала проста сцерлася з людской памяці, а нешта назаўсёды сышло з традыцыйнага паўсядзённага ўжытку. Каб захаваць і перадаць у наш час традыцыйную нематэрыяльную культуру беларусаў, трэба стварыць цікавы прадукт, які б задавальняў эстэтычныя патрэбы рознаўзроставага насельніцтва, каб кожны чалавек быў творцам і актыўным транслятарам нацыянальнай ідэі.

Адной з адметнасцяў Талачынскага раёна з’яўляюцца мясцовыя танцы, якія старанна захоўваюцца і перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Наш фальклор яскрава адлюстроўвае жыццё, побыт і працоўную дзейнасць народа; увасабляе яго нацыянальны характар, спосаб вобразнага мыслення; уменне перадаваць глыбінны сэнс праз рухі карагодных, парных і іншых танцаў. Сёння вядзецца карпатлівая работа па адраджэнні і захаванні мясцовых танцаў, па наданні ім статусу нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці.

У раённым куфры шмат яскравых і цікавых мясцовых побытавых танцаў: “Крыўлянская кадрыля” (5 каленаў), “Полька-бабачка”, “Нарэчанька”, “Падэспань”, “Кракавяк”, “Дустэп”, “Каробачка”, “Сямёнаўна”, “Сербіянка” і гэтак далей; гульнёвы карагод “Чарнавусы каралёк”; карагоды “Вось Пакрова прыйшла”, “Ой вясна, вясна вясёлая”, “У карагодзе мы былі”, “На вуліцы дзеўкі гуляюць”, “Зарадзі Божа жыта густа”, “Дзеўкі ў луг ішлі”, “Рамашкаўская лявоніха”.

Ва ўсе часы і эпохі беларуская зямля шчодра адорвала свет таленавітымі асобамі, якія вучылі іншых любові да народнага танца, да фальклору. Узорам адраджэння танцавальнай спадчыны Беларусі з’яўляецца прыклад нястомнай творчай дзейнасці Міколы Козенкі — этнографа, педагога, даследчыка, аўтара і мастацкага кіраўніка рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” шэрагу іншых знакавых фестываляў, заснавальніка першага ўзорнага дзіцячага фальклорна-этнаграфічнага гурта мётчанская “Берагіня”. Менавіта Мікола Аляксеевіч разглядае нашы танцы як унікальную танцавальную з’яву з непаўторнымі элементамі і малюнкамі. Шмат танцаў змешчаны ў кнізе “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў, Віцебскае Падзвінне”, том 2, Мінск ,“Беларуская навука” (2004).

У лютым 2020 года ў Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур прайшоў рэспубліканскі семінар-практыкум “Рэпертуар рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” і яго мастацкае ўвасабленне”. Мікола Козенка, як адзін з ініцыятараў і арганізатараў семінара, адзначыў, што танцавальная спадчына — тая невычэрпная крыніца, без якой не можа існаваць ніводная нацыянальная культура. Таму жыццёва неабходна працаваць з гэтым неацэнным каштоўным матэрыялам, займацца яго далейшым пошукам, даследаваннем, карпатлівай і асцярожнай апрацоўкай для пастаяннага карыстання і ўвядзення ў рэпертуар.

Адна з галоўных мэтаў семінара па арганізацыі і правядзенні XI фэсту “Берагіня” — садзейнічанне захаванню, развіццю і папулярызацыі традыцыйнай беларускай харэаграфіі. Фестываль скіраваны на далучэнне дзяцей, падлеткаў, навучэнскай і працоўнай моладзі, творчых айчынных суполак і суполак беларусаў замежжа да традыцыйных форм народнага мастацтва Бацькаўшчыны шляхам вуснага пераймання, а таксама — падтрымку носьбітаў аўтэнтычнай народнай спадчыны. Удзельнікі семінара з самых розных куткоў Беларусі мелі магчымасць наведаць майстар-клас па побытавых танцах. Заварожваў рытм, вабілі індывідуальнасці. Больш за гадзіну мы сачылі за танцамі “Ганно”, “Грыца”, “Каханачка”... Пры гэтым былі выкарыстаны элементы полькі, якая існуе на Талачыншчыне. У лёгкіх рухах Мікалая Аляксеевіча я ўбачыла адчуванне прыгажосці жыцця, эмацыянальнасць, тэмперамент. Ён сапраўды майстар сваёй справы: хораша і даступна паказаў сістэму навучання традыцыйнаму фальклорнаму танцу без выкарыстання спецыяльных харэаграфічных тэрмінаў і поз, да кожнага ўдзельніка семінара давёў, што танцы — гэта, у першую чаргу, уменне без слоў чуць і разумець іншага чалавека.

Таццяна СПАТКАЙ, намеснік дырэктара Талачынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці