Сорак клёцак-калабашак ды капейка

№ 12 (1451) 21.03.2020 - 27.03.2020 г

Вясна на Гарадоччыне — ад Саракоў да Вербнай
Найбольш значным святам у сакавіцкім веснавым календары Гарадоччыны з’яўляюцца Саракі, якія адзначаліся, па словах мясцовых інфарматараў, 22 сакавіка. Сэнс гэтай веснавой дзеі вяскоўцы звязвалі з прылётам сарака птушак. Канешне ж, сярод іх найперш называлі шпакоў. Такая прыхільнасць тлумачыцца, відаць, тым, што шпакі прысутнічалі ў жыцці чалавека кожнай вёскі, у той час як буслянкі маглі знаходзіцца далёка не ў кожным паселішчы. А за шпакамі павінны былі прыляцець іншыя птушкі, галоўнае, каб было іх сорак назваў.

/i/content/pi/cult/790/17025/022.JPG"...пяклі булачкі"

На Саракі на Гарадоччыне гатавалі печыва. На гэты конт ёсць вельмі добры этнаграфічны запіс, зроблены ў 1995 годзе ў вёсцы Марчанкі ад Алімпіяды Баранавай, 1938 года нараджэння, якая распавяла, што калі жыла на хутары Казітнік, то на Саракі “…пяклі булачкі, звалісь калабашкі. Клалі капейку туды, хто найдзець, тады будзіць шчаслівы. Гаворюць: сорак клёцак-калабашак - шык у печ!...” Гэтыя “калабашкі” прызначаліся ў ежу чалавеку, хатняй жывёле іх не давалі. Што цікава, на гэтым хутары выпякалася сорак падобных булачак, у той час як у іншых вёсках іх колькасць магла быць рознай. Але ў Гарадоцкім раёне існавалі і яшчэ назвы падобных вырабаў. Гэтыя “калабашкі” маглі называцца булачкамі, пышкамі, і ў іх таксама клалі манетку. І калі Саракі прыпадалі на посны дзень, то ўсе яны былі поснымі. Пры працэсе выпякання “калабашак” важным з’яўлялася захаванне абавязковага моманту ў звычаёвай святочнай абраднасці. Як і ва ўсякай важнай справе адвечны працаўнік, укладваючы капейку ў печыва, праецыраваў свае спадзяванні і зычанні на лепшае жыццё для сваіх нашчадкаў, бо, зразумела ж, гэтыя пачастункі прызначаліся найперш дзецям. Лічылася, што той, каму трапілася “калабашка” (ці булачка або пышка) з капейкай, будзе шчаслівы.

Гуцыкалкі і лён

Як сведчаць фальклорна-этнаграфічныя запісы, на Саракі на Гарадоччыне ладзіліся арэлі. Звычайна прымацоўвалі вяроўку ў халодных гаспадарчых пабудовах (гумно, пуня і іншыя), клалі на яе дошку і гушкаліся (як гаварылі мясцовыя жыхары — “калыхаліся”) і стараліся ўзляцець як мага вышэй. Гушканне на арэлях як можна вышэй павінна было спрыяць таму, каб лён урадзіўся найдаўжэйшы. Тут неабходна адзначыць, што замест літаратурнага тэрміна “арэлі” на Гарадоччыне найчасцей выкарыстоўвалі ў якасці тэрмінаў слова “качэлі”, але разам з гэтым існаваў і такі тэрмін як “гуцыкалкі”: казалі, што хадзілі “гуцыкацца на гуцыкалках”. (Запісана ад Л. Іўлевай у вёсцы Первамайка).

За Саракамі неўзабаве надыходзілі красавіцкія святы. Гэты пералік святочных дат пачынаецца з Дабравешчання. Мясцовыя жыхары да гэтага свята ставіліся з належнай пашанай. У гэты дзень не працавалі. Не працавала і зямля.

Дабравешчанскі хлеб

Да Дабравешчання лічылася за грэх “чапаць” зямлю, якая, як меркавалася, яшчэ адпачывала. Таксама нічога не рабілася і на само свята, нават не запальвалі агонь. А пасля гэтай даты ў залежнасці ад надвор’я пачыналася праца на палетках. Пры першых палявых работах, ці то гэта аранне, ці сяўба, селянін браў з сабой на пашу хлеб (ці булку), які выпякаўся адмыслова да гэтага дня. Як глыбока і ёміста адзначалі вяскоўцы, палеткі засявалі “Благавешчанскім хлебам”.

З Дабравешчаннем у народзе звязаны цікавыя прыкметы. Калі да гэтага дня з рэк ці азёр не сыдзе лёд, то гаварылася, што шчупак разаб’е яго хвастом. Але ў народзе існавала і іншае меркаванне: шчупак разбівае лёд хвастом на Ляксея (Алексія) (30 сакавіка па новым стылі), што ў многім залежала ад таго, якой была вясна.

А з забаронай працаваць у гэты дзень звязана наступная прыказка: “Дзевіца касу не пляцёт, пціца гняздо ня ўець, шчука хвастом лёд не разбіваець. Нічога нельзя дзелаць, такій празнік...” (Запісана ў вёсцы Вярэчча ад Ніны Мандрык, 1927 года нараджэння, Надзеі Шаўня, 1935 года нараджэння.)

Дажыць да першай травы

За тыдзень перад Вялікаднём адзначалася Вербная. Усе стараліся ў гэты дзень наведаць царкву і пасвяціць вербачку. З гэтай пасвянцонай вярбой вярталіся дадому і ставілі ў куце або клалі за абразы, дзе яна захоўвалася да наступнай вербнай нядзелі. З Вербніцай у мясцовага насельніцтва звязана і такое меркаванне, што зіма яшчэ можа вярнуцца. “…Вербніца — зіма ўзад вернецца”. Паводле тлумачэнняў інфарматараў, у свойскай жывёлы ўжо з’явіўся прыплод, усіх трэба было карміць, а кармы заканчваліся. Для селяніна вялікай праблемай было нарыхтаваць сена, салому на ўвесь доўгі стойлавы перыяд для кароў, коней і іншых. І перад пачаткам выгану жывёлы на пашу паўсюль адчуваўся недахоп кармоў. Вось і стараўся селянін з усіх сіл, каб толькі дацягнуць свойскую жывёлу да першай травы. Далей тыя ж інфарматары працягвалі: “…Хадзілі ж свянціць. Верба крёст - сякець да слёз Верба бела - сякець за дзела Верба сіня б’ець па спіне.” З гэтага вынікае, што на Гарадоччыне пасля асвячэння ў царкве вярбой сцябалі не толькі чалавека, але і свойскую жывёлу, каб усе былі здаровыя: і людзі, і жывёла.

Старт хлебаробскім турботам

Гэтыя веснавыя святы клалі пачатак не толькі наступным святочным датам народнага календара, але і напружанай фізічнай працы селяніна. Яму трэба было ўпраўляцца не толькі са свойскай жывёлай, але і шчыраваць на сваіх палетках. З надыходам вясенняй пары кожны дзень быў напоўнены адвечнымі турботамі рупліўца. Нездарма ж у народзе кажуць, што летні дзень год корміць, а вясенні дзень кладзе пачатак усяму дабрабыту. Як вясной падрыхтуешся, летам папрацуеш, увосень збярэш, так і зіму пражывеш. Гэта і было жыццёвай філасофіяй чалавека, спрадвеку звязанага з зямлёй. І ён яе не толькі ўрабляў, але, можна сказаць, і пеставаў.

Таццяна ЦЯПКОВА, навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі