Ён любіў нас, маладых, і тэатр

№ 12 (1451) 21.03.2020 - 27.03.2020 г

Здавалася, што ён будзе жыць заўсёды. Апантаны, шчыры, цікавы, бадзёры Валянцін Іванавіч Ермаловіч — мой дарагі настаўнік, сябра, дарадца. Ён памёр раптоўна, вымавіўшы толькі адно слова: “Сэрца”. Гэта адбылося 22 снежня 2004 года. Хаця праз тры месяцы ён рыхтаваўся адзначыць сваё 80-годдзе. Не паспеў…

/i/content/pi/cult/790/17023/019.JPGПазнаёміўся я з Валянцінам Іванавічам Ермаловічам летам 1974 года, калі паступаў на тэатральнае аддзяленне Магілёўскага культасветвучылішча. Я, вясковы хлопчык са Слонімшчыны, які з дзяцінства марыў стаць акцёрам і рэжысёрам, неяк прачытаў у газеце аб’яўку, што ў далёкім Магілёве ёсць такое вучылішча, куды пасля 8-га і 10-га класаў прымаюць хлопчыкаў і дзяўчынак. Сабраў чамаданчык і паехаў у невядомы вялікі горад на Дняпры. Тады мне яшчэ не было і 16-ці гадоў. Знайшоў я гэтае вучылішча, здаў дакументы і… дачакаўся ўступных экзаменаў. Але перад тым абітурыентам неабходна было расказаць верш, кавалачак прозы і паказаць сцэнічны эцюд. Верш і прозу я ведаў, а вось што гэта за эцюд — першы раз чуў. За некалькі хвілін да паказу я атрымаў кансультацыю ў дзяўчат, якія паступалі разам са мной. Яны былі больш вопытныя ў тэатральнай справе, бо ў сваіх гарадах наведвалі драмгурткі і народныя тэатры, таму добра ведалі, што такое эцюд і як яго трэба паказваць.

На хаду прыдумаў свой уласны эцюд і пайшоў перад прыёмнай камісіяй на маленькай спецыяльнай сцэне яго паказваць. Сюжэт эцюда быў вельмі просты і нават смешны: я пайшоў у грыбы, там убачыў лісіную нару, пачаў чакаць, калі ліса адтуль вылезе, каб яе злавіць за хвост. Замест нары — паклаў на сцэне крэсла. Гэта дазвалялася. У прыёмнай камісіі сядзелі чалавек восем. Сярод іх быў і Валянцін Іванавіч Ермаловіч. Усе ўважліва глядзелі, што я буду паказваць. І вось у самы адказны момант эцюда, калі нібыта ліса “выскачыла” з нары і я кінуўся яе “лавіць”, крэсла ад майго падзення паляцела проста на прыёмную камісію. Але я не разгубіўся, а паказаў эцюд да канца. Пасля падзякаваў усім за ўвагу, выйшаў на калідор. Адразу падумаў, што ўсё — мяне не дапусцяць да асноўных экзаменаў. Але выйшла наадварот. Памятаю, выступаў Валянцін Іванавіч, які перад абітурыентамі сказаў, што лепш за ўсіх эцюд паказаў Чыгрын.

/i/content/pi/cult/790/17023/020.JPGТак я стаў навучэнцам Магілёўскага культасветвучылішча. Але рэжысуру ў нас выкладаў не Валянцін Ермаловіч, а Леанід Багам’я, якога ў 60-гадовым узросце нечакана скасіў інфаркт. Гэтыя рэжысёры сябравалі. Больш вопытны Валянцін Іванавіч бываў у нас на занятках і рэпетыцыях, дапамагаў маладому рэжысёру і выкладчыку Леаніду Багам’і. Вельмі часта Валянцін Ермаловіч гутарыў са мной, цікавіўся маім жыццём, называў мяне сваім земляком, заходнікам. Мне ад гэтага было цяплей і лягчэй. А яшчэ Валянцін Іванавіч заўсёды размаўляў на беларускай мове. І ўсе навучэнцы, якія з ім гутарылі, стараліся размаўляць таксама па-беларуску.

Даведаўшыся, што я пішу вершы, Валянцін Іванавіч аднойчы мне сказаў: “Я гутарыў са сваім сябрам паэтам Аляксеем Пысіным пра цябе. Заўтра ў памяшканні рэдакцыі “Магілёўская праўда” будзе пасяджэнне абласнога літаратурнага аб’яднання. Выберы найлепшыя вершы і схадзі туды…”

Я вельмі хваляваўся, бо ўпершыню выносіў на суд свае яшчэ кволыя першыя творы. У рэдакцыі сустрэлі мяне шчыра і добразычліва. За сталом моўчкі сядзеў Аляксей Васільевіч Пысін. Маўчаў ён і тады, калі ўсе па чарзе чыталі свае вершы (пераважна рускамоўныя). Пасля паэты паміж сабой пачалі спрачацца і нават сварыцца. Напрыканцы літаб’яднання загадчык ідэалагічнага аддзела газеты таварыш Ізотаў даў слова Аляксею Пысіну. Аляксей Васільевіч ціха сказаў: “З усіх вершаў, якія тут прагучалі, мне найбольш спадабаліся вершы Сярожы Чыгрына. Іх я і буду прапаноўваць на нашу літаратурную старонку”.

Праз некалькі дзён я атрымаў ад Аляксея Пысіна ліст, дзе ён прасіў тэрмінова прыслаць два вершы, выбраныя з усіх мной прачытаных для літстаронкі. Я даслаў адзін верш пра хлеб. Ён і быў надрукаваны ў магілёўскай абласной газеце.

За тры гады вучобы ў Магілёве з Валянцінам Ермаловічам і Аляксеем Пысіным мне давялося не раз прымаць удзел у літаратурна-музычных вечарынах і сустрэчах з чытачамі. У Магілёўскім абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянцін Ермаловіч быў адказны за нумары мастацкай самадзейнасці, а Аляксей Пысін — за літаратурную частку. Дзе мы толькі на Магілёўшчыне не былі! Дзе мы толькі не выступалі! Гэта быў рамантычна-светлы і найцікавейшы час майго юнацтва. З ініцыятывы Аляксея Пысіна мы разам з Валянцінам Ермаловічам выдавалі ў вучылішчы рукапісны літаратурны часопіс “Лучынка”. Знайсці б цяпер хоць адзін нумар…

Валянцін Ермаловіч вельмі любіў беларускую паэзію. Ён вучыў мяне дэкламаваць вершы са сцэны. Асабліва ў той час мой настаўнік захапляўся паэзіяй Янкі Непачаловіча. Неяк паехалі выступаць на Краснапольшчыну. У сельскім Доме культуры сабралася поўная зала людзей. На першым радзе сядзелі кіраўніцтва мясцовага калгаса, Аляксей Пысін, Валянцін Ермаловіч. А я на сцэне чытаю Янку Непачаловіча:

Хоць нельга і розум, і сэрца

Пакласці на шалі,

Ды ўсё ж чалавек пазнаецца

Па крупнай дэталі…

/i/content/pi/cult/790/17023/voklalka_opt.jpegЗала прыціхла. Аляксей Пысін, апусціўшы галаву, нешта думаў, а пасля сказаў: “Добра, Сярожа, добра!..” У гэты вечар мы яшчэ паказалі жарт Л. Родзевіча “Збянтэжаны Саўка”, дзе я іграў Саўку, мае аднакурснікі Генадзь Гавароўскі — жабрака, а Валянціна Паўлоўская — Магрэту. Зала ад смеху проста грымела. Нас выклікалі некалькі разоў на біс. А пасля канцэрта Валянцін Іванавіч мяне абняў і сказаў: “Малайчына!”

У 1977 годзе я скончыў Магілёўскае культасветвучылішча і пайшоў у войска. Пасля войска паступіў у Белдзяржуніверсітэт. З Валянцінам Ермаловічам сувязі на пэўны час згубіліся. Аля пасля мы зноў з ім выпадкова сустрэліся ў Мінску ў Доме літаратараў. З яго слоў і са слоў краснапольскага краязнаўцы Леаніда Васільевіча Лабаноўскага я даведаўся, што ў канцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя Краснапольскаму народнаму тэатру пагражала закрыццё. І Валянцін Іванавіч, жывучы ў Магілёве, вырашыў узначаліць гэты калектыў. Працуючы выкладчыкам рэжысуры Магілёўскага культасветвучылішча, ён адначасова ўзваліў на свае плечы і гэтую нялёгкую ношу: рабочыя дні ў вучылішчы, выхадныя — у Краснаполлі. Гутарыў з аматарамі сцэны, пераконваў, вяртаў надзею. Вывучаў здольнасці ўжо вядомых краснапольцам выканаўцаў, адкрываў новыя імёны. А там — адна прэм’ера, другая, трэцяя… І — поспех! Заслужаны поспех! І тады, як гэта ў нас часта бывае, знайшліся зайздроснікі, ледзь не хапугам аб’явілі Ермаловіча: маўляў, дзве зарплаты заграбае. Паляцелі пасквілі ў Міністэрства культуры БССР. І адабралі тады ў Валянціна Іванавіча рэжысёрскі аклад.

Ды не адабралі волю, нават не пахіснулі яе. Ён па-ранейшаму прыязджаў у выхадныя дні ў Краснаполле і з яшчэ большым запалам працаваў і працаваў. Рабіў гэта не дзеля славы, не. Яму не давалі спакою трапныя словы Максіма Гарэцкага, што заселі ў памяці: “Пакажыце беларусу са сцэны, хто ён, чым ён мог быць, гукніце яго са сцэны да новага жыцця…” І ён гукаў. Гукаў праз вобразы герояў сваіх спектакляў паводле п’ес беларускіх драматургаў. А восенню 1987 года мне ў Слонім з Магілёва ад Валянціна Ермаловіча прыйшоў пакет. Адкрываю — а там афіша да спектакля “Снатворны Мак”, праграмка спектакля, фотаздымкі сцэн з гэтай пастаноўкі і пісьмо. У ім мой старэйшы сябра пісаў, што “Краснапольскі народны тэатр упершыню ажыццявіў пастаноўку спектакля па п’есе твайго земляка Кандрата Лейкі “Снатворны Мак”. Я быў страшэнна ўзрадаваны і здзіўлены пастаянным імкненнем Валянціна Іванавіча да новага.

Ён заўсёды быў у пошуку. На сцэну “выцягваў” не тое, што ўжо было абкатанае іншымі творчымі калектывамі, а нешта новае, забытае, арыгінальнае. Так сталася і з п’есай Кандрата Лейкі “Снатворны Мак”. Сапраўды, яе ніхто ніколі не ставіў. Яна была выдадзена асобнаю кніжачкай у Вільні ў 1912 годзе і прысвечана вясковым дзецям Слонімскага павета. А сцэнічнае жыццё атрымала ў Краснаполлі праз 75 гадоў пасля яе выдання. Ды і ігралі ролі ў гэтым спектаклі дзеці з маладзёжнай студыі народнага тэатра. Да сённяшніх дзён больш ніхто так і не ажыццявіў пастаноўкі “Снатворнага Маку”.

Краснапольскі народны тэатр Валянцін Ермаловіч узначальваў 14 гадоў. За гэты час калектыў тэатра прымаў удзел у абласных, рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных аглядах-конкурсах, выступаў па тэлебачанні, на розных фэстах і сустрэчах. І адусюль прывозіў дыпломы і прызавыя месцы, быў узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР, станавіўся лаўрэатам прэміі камсамола Беларусі і Магілёўшчыны. А рэжысёр тэатра Валянцін Ермаловіч атрымаў званне заслужанага работніка культуры Беларусі.

Пасля Краснаполля Валянцін Іванавіч працаваў рэжысёрам Бялыніцкага народнага тэатра юнага гледача, а потым — рэжысёрам народнага тэатра “Валянцін” Магілёўскага гарадскога цэнтра культуры і адпачынку. Ён планаваў пасля свайго 80-годдзя падрыхтаваць і выдаць кнігу “Запіскі рэжысёра народнага тэатра”. Прасіў майго аднакурсніка, журналіста і пісьменніка Міхася Карпечанку з Бялынічаў быць рэдактарам гэтай кнігі. Дарэчы, у 2002 годзе Міхась даслаў мне ў Слонім сваю кніжку п’ес “Дачка волі”. Уступнае слова да гэтай кніжкі напісаў Валянцін Ермаловіч. Даведаўшыся, што Міхась дасылае мне сваю кніжку, пасля ўступнага слова Валянцін Іванавіч дапісаў пару слоў: “Дарагі Сяргей. Вельмі рады за тваю актыўнасць на ніве беларускага адраджэння. Жадаю поспехаў і надалей! В. Ермаловіч. 8 мая 2002 г.”

Валянцін Іванавіч заўсёды любіў казаць: “Мы дзейсна павінны ўсведамляць словы Якуба Коласа: “Трэба шырыць ідэю тэатра, несці яго ў самыя нізіны. Беларус, як мне здаецца, мае вялікую здольнасць да тэатра”.

Валянцін Ермаловіч адчуваў сэрцам гэтую кранальную здольнасць, гэтае духоўнае яднанне сцэны і залы. І ганарыўся, што ён — беларус. А я буду заўсёды ганарыцца, што ён быў маім настаўнікам і старэйшым сябрам.

І апошняе. У 2014 годзе разам з Міхасём Карпечанкам з Бялыніч я падрыхтаваў і выдаў кнігу ўспамінаў пра Валянціна Ермаловіча “Ачышчэнне душы”. А ў 2015 годзе ў гонар Валянціна Ермаловіча ў Магілёве была адкрыта мемарыяльная шыльда.

Ермаловіч Валянцін Іванавіч (17. 3. 1925 — 22. 12. 2004)

Нарадзіўся ў вёсцы Малыя Навасёлкі Дзяржынскага раёна. Рэжысёр, акцёр, педагог. Заслужаны работнік культуры Беларусі (1988). Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1950, курс К. Саннікава). Акцёр Пінскага (1950—1954) і Магілёўскага (1954—1956) абласных драматычных тэатраў, выкладчык Магілёўскага вучылішча культуры (1956—1985). Адначасова — кіраўнік Магілёўскага народнага тэатра Палаца культуры завода штучнага валакна (1961—1969), тэатральнага калектыву медыцынскіх работнікаў Магілёўскай абласной псіхіятрычнай бальніцы (1971—1977), Краснапольскага народнага тэатра (1978—1992), рэжысёр Бялыніцкага народнага тэатра юнага гледача (1993—1998), з 1992 года быў кіраўніком народнага тэатра “Валянцін” Магілёўскага гарадскога Цэнтра культуры і вольнага часу.

Сяргей ЧЫГРЫН

Фота з архіва аўтара