Хто сказаў “Мя-ў!”

№ 12 (1451) 21.03.2020 - 27.03.2020 г

Некалькі гадоў таму мы з жонкай наведалі Каталонію. У часе шпацыру па Барселоне на славутым бульвары Рамбла, які называюць “самай прыгожай вуліцай свету”, прыдбалі ў якасці сувеніра шыльдачку з выявай коткі і надпісам па-англійску “A HOME without CAT is just a HOUSE” (“ДОМ без КОТКІ ўсяго толькі БУДЫНАК”). І трэба ж было сустрэць так далёка ад свайго дома такі вось хатні афарызм! Яно і насамрэч так. Я зараз не памятаю, якая мэбля ці абоі былі ў нашым доме ў той ці іншы час, а ўсіх катоў і котак, што жылі побач з намі, памятаю па імёнах, знешнасці, характары, нават па тэмбры і інтанацыях голасу — Мурзік, Блэкі, Цігры, Балі, Фокса. А яшчэ кацяняты Лобзік і Лапка, якіх аддалі, як прынята казаць, “у добрыя рукі”. Цяпер гаспадыняй у нашым жытле лічыць сябе котка Нэля.

/i/content/pi/cult/790/17020/015.JPGДалёка не на ўсе мастацкія выставы, што адбываюцца ў Мінску, знаходзіцца час. Але выставу “Джаз! Каты! Вясна!” наведаў нават двойчы. Праходзіць яна ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (пляцоўка на праспекце Незалежнасці). Ладзіцца другі год запар. Прапанаваць сваю котку для гэтага праекта маглі не толькі прафесійныя мастакі, але і тыя, хто ніколі ў жыцці не трымалі ў руках ні пэндзля, ні алоўка — адно што мелі натхненне праз захапленне згаданым шэдэўрам жывой прыроды.

Сярод удзельнікаў выставы — прафесіяналы і аматары, дарослыя і дзеці. Ходзячы па выставе, не адразу зразумееш, дзе дыпламаваны майстар імітуе стылістыку “наіўнага” мастацтва, а дзе творца без мастацкага досведу інтуітыўна, магчыма, нечакана для сябе самога, робіць рэч даволі прафесійную — адпавядаючую крытэрыям пэўных выяўленчых напрамкаў. У творчасці людзьмі рухаюць пачуцці, самае моцнае з якіх — любоў. А котак любяць усе. Прычым, мала хто здолее патлумачыць, за што канкрэтна.

Асабіста я патрапіў на выставе на партрэт кацяня, вельмі падобнага на таго першага ў нашым доме, з якім яшчэ мае дзеці гулялі як з жывой лялькай. Ды і падобная на Нэлю котка таксама тут ёсць.

/i/content/pi/cult/790/17020/016.JPGАкрамя работ чыста эмацыйных запомніліся таксама творы канцэптуальна дакладныя. Гэта нізка Сяргея Стальмашонка, дзе ў выглядзе катоў і котак прадстаўлены зоркі рок-музыкі. Упрыгожваюць выставу “ачалавечаныя” жывёлы Таццяны Гардашнікавай. У экспазіцыі не толькі жывапіс і графіка, але і ўзоры пластыкі на самы розны густ — ад гранічна рэалістычнай скульптуры, выкананай у “вечным” матэрыяле (бронза, мармур), да драўляных і тканінных цацак для дзяцей і дарослых.

Выстава працуе да канца месяца. Дарэчы, падобная мастацкая выстава пра катоў, котак і кацянят адбываецца зараз і ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь. Нават некаторыя аўтары тыя ж. Экспазіцыйныя магчымасці названай установы, зразумела, не такія, як у Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, але і тут ёсць на што паглядзець. Прынамсі, згаданая вышэй Таццяна Гардашнікава тут прадстаўлена больш шырока.

Адзін вядомы ілюстратар казаў, што калі стамляешся ад кнігі, над аздобай якой працуеш, дык сняць напругу і стому можна ўзяўшыся маляваць котак. Ну, а калі гэта не дапамагае, дык не дапаможа, мабыць, нішто.

Калі перанесці гэтыя развагі творчай асобы на побытавыя сітуацыі, дык скажу, што калі вам не цікава глядзець на котак, хатніх ці дзікіх — усё адно, калі вас не захапляе іх грацыёзнасць, незалежны характар, здольнасць прыцягваць увагу і лезці ў душу — значыць вы альбо стаміліся, альбо захварэлі. У любым выпадку ў жыцці трэба нешта мяняць…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"