Галоўным з мастацтваў з’яўляецца музыка

№ 12 (1451) 21.03.2020 - 27.03.2020 г

VI Міжнародны фестываль “Уладзімір Співакоў запрашае…” Ён з’яднаў розныя віды мастацтваў. Але іх прадстаўніцтва, што цалкам зразумела, аказалася няроўным. Ганна Аглатава, Уладзімір Співакоў, аркестр "Віртуозы Масквы".

/i/content/pi/cult/790/17016/010.JPGЗаснаваўшы і ўзначальваючы два аркестравыя калектывы — Нацыянальны філарманічны Расіі і Дзяржаўны камерны “Віртуозы Масквы”, маэстра “запрашае” на свой фэст-оперу, балет, драматычны тэатр, літаратуру. Усё гэта — бліжэйшыя сябры інструментальнай музыкі, з якімі тая падтрымлівае даўнія сувязі і самае шчыльнае супрацоўніцтва. Дый увогуле, самы разнастайны мастацкі і жанравы сінтэз — тэндэнцыя часу. А Уладзімір Співакоў і сам схільны да інструментальнага тэатру, у чым пераканаў той жа канцэрт адкрыцця.

Дзіва і цуд — розныя рэчы

Ці звяртае хто ўвагу на аркестр, калі з ім саліруе оперная дзіва? А тут усё было іначай. І не таму, што спявачка, маўляў, “не дацягвала”. Наадварот! Ганна Аглатава бездакорна і лёгка, бы гуляючы, выводзіла моцартаўскія юбіляцыі ды шалёныя белькантавыя фіярытуры рамантызму. Але Адзіна, Нарына, Разіна ды іншыя гераіні, сольныя нумары якіх яна спявала, атрымліваліся ў яе бы сёстрамі-блізнятамі ці нават лялькамі на адзін твар. І ў кожнай арыі мы бачылі найперш бліскучую спявачку, а не адрозныя характары яе гераінь.

У аркестра ж на кожны твор — свая выканальніцкая разыначка. Імклівая палётнасць тэмпу, вастрыня штрыхоў надалі ўверцюры да “Вяселля Фігара” крыху “перчыку”, а выведзеныя на першы план падгалоскі быццам імітавалі з’яўленне ўсё новых дзеючых асоб. Класіцысцкая дакладнасць моцартаўскага Дывертысмента спалучалася з амаль рамантычнай выразнасцю, адточанасцю кожнай дробязі. Пачатак другога аддзялення змяніў меладычнае багацце на агульныя формы руху, уласцівыя Сімфоніі Бакерыні. У яе фінале аркестранты знайшлі шмат барочнага, звязанага з Вівальдзі, падкрэслілі спалучэнне таямнічага з пагрозлівым, намалявалі дынаміку развіцця ад нервовага да ўсур’ёз трагічнага. Затое ва ўверцюры да “Сіньёра Брускіна” Расіні з густам “пахуліганілі”, пастукваючы па пультах смыкамі, дырыжорскай палачкай, а ў фінале і ўвогуле затупацелі па падлозе. Нічога сабе 40-гадовы юбілей калектыву! Прыёмы інструментальнага тэатра ператварылі кожнага ўдзельніка ў нязмушанага падлетка: невыпадкова канцэрт завяршала “Танга кахання” П’яцолы.

Ці адужаў Дзюжаў?

Другі фестывальны вечар праходзіў на сцэне сталічнай філармоніі. Большасць гледачоў ішла “на Дзмітрыя Дзюжава”: знакаміты акцёр, вядомы па сваіх кінаролях, чытаў “Яўгена Анегіна”. Шмат было і музыкантаў, якія прыйшлі “на Сяргея Пракоф’ева”. Так, гэта была не літаратурна-музычная кампазіцыя паводле аднайменнай оперы П.Чайкоўскага, а сціслыя аркестравыя нумары, напісаныя да не здзейсненага спектакля 1936 года і пазней выкарыстаныя кампазітарам у іншых партытурах. Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Беларусі дырыжыраваў Аркадзь Берын. Але музыкі было надта мала! Бо стваралася яна для Маскоўскага камернага тэатра, дзе планавалася інсцэніроўка, а цяпер была выкарыстана для монаспектакля, пазбаўленага яркага відэашэрагу.

Замест галерэі яскравых характараў мы ўбачылі і пачулі Дзюжава, які дэманстраваў не філігранныя пераўвасабленні ва ўсё новых герояў, а сябе любага: маўляў, я ж напамяць умею чытаць! На жаль, гэта было адзінае, што магло ўразіць. Бо ў астатнім… Чытанне паходзіла на нягеглае парадыраванне — ажно да крыўляння, артыст пераходзіў то на шэпат, “праглытваючы” словы, то на фарсіраваны крык, ужываў камічны фальцэт у абмалёўцы жаночых персанажаў. Адчуўшы сябе Анегіным, раз-пораз выціраў нос рукой. Сапраўды, як іначай перадаць партрэт гэтага, паводле Пушкіна, “дэндзі лонданскага”? Хапала і іншых непаразуменняў. Ленскі паўстаў гэткім местачкоўцам, схільным да п’янства. Таццяна атрымлівала шлейф узнёсла піетэтных інтанацый, ажно з прыдыханнем. І раптам праз жорсткую, бязлітасную іронію ў голасе станавілася нейкай жаласнай, прабачце, ідыёткай. Было відавочна, што рэжысёр Антаніна Кузняцова імкнулася да новага ўвасаблення многіх старонак рамана, але, пэўна, пасля леташняга пастаноўчага працэсу многае страцілася, а іншае, наадварот, стала гіпербалізаваным.

Дык чаго мы яшчэ не бачылі?

Трэці сталічны вечар фестывалю (бо былі яшчэ канцэрты У. Співакова ў Магілёве і Гомелі) быў аддадзены харэаграфіі. Гала-канцэрт называўся “Зоркі сусветнага балета. Ад класікі да мадэрну”. Ва ўступным слове адзін з нямецкіх гасцей, які ўпершыню наведваў Мінск сем гадоў таму, адзначыў наша “высокае стаўленне да мастацтва танца” і сказаў, што ў цяперашнім канцэрце “будуць прадстаўлены сучасныя стылі, якія рэдка ці ніколі раней не сустракаліся ў Беларусі”. Смелая заява! Бо насамрэч толькі два нумары ў поўнай меры мелі дачыненне да contemporary dance, на якім цалкам спецыялізуецца наш IFMC — Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску. Уласна мадэрна не было зусім, усё астатняе спавядала ў асноўным неакласіку. Так што пагодзімся хіба з тым, што працы многіх замежных харэографаў мы і сапраўды раней жыўцом не бачылі. Канцэрт увогуле акцэнтаваў артыстаў — сапраўды выдатных, а не харэографаў, імёны якіх нават не аб’яўляліся вядучай, хаця былі прапісаны ў праграмцы.

Добра, што было шмат сучасных мініяцюр, але творчай фантазіі дзесьці было болей, дзесьці — меней. Ціхая кульмінацыя прыпала на “SSS” з яго пластычным мікстам на музыку Накцюрна Ф. Шапэна. І на кампазіцыю “Пасля дажджу”, дзе заварожаная “агучаная цішыня” Арва Пярта, аздобленая праз святло своеасаблівым “тэатрам ценяў”, атрымала эфект запаволенага харэаграфічнага рапіда з адчуваннем высакароднасці, радасці, любові. Адным з самых выйгрышных нумароў быў “Буржуа”, дзе куплетнасць правакавала тыя ж паўторы працоўнай завядзёнкі. Міжволі ўзгадаўся “Клерк” нашага Канстанціна Кузняцова, яшчэ больш яркі і арыгінальны па пластыцы. Параўнанні выклікала і сцэна з “Рамэа і Джульеты” Нацыянальнага балета Партугаліі: пастаноўка нашага Валянціна Елізар’ева — куды больш цікавая па лексіцы, героі ў ёй “дыхаюць” разам з музыкай, а не насуперак. Узгадаліся і фіналы нашых гала-канцэртаў у пастаноўцы Вольгі Костэль, бо яна заўжды прыдумляла нейкую агульную канцэпцыю, драматургію, паклоны з разыначкай ад кожнага ўдзельніка, нават новую беларускую музыку для гэтага замаўляла. Таму вельмі шкада, што абедзве нашы балетныя пары былі запрошаны толькі з фрагментамі “Лебядзінага возера” і “Дон Кіхота”, каб “умацаваць” класічны складнік канцэрта.

“Дарослыя” дзеці

Канцэрт стыпендыятаў і ўдзельнікаў праграм Міжнароднага дабрачыннага фонду У. Співакова праходзіў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі — па запрашальніках. І, падобна канцэрту адкрыцця, трансляваўся ў запісу тэлебачаннем, таму яго змагла паглядзець уся краіна. А вось у залу прарваліся далёка не ўсе жадаючыя. Месцы ў зале прадастаўляліся найперш профільным навучальным установам, але частка ўладальнікаў квіткоў не ўцяміла свайго шчасця. Як можна быць гэткім “сабакам на сене”? Бо гэта і сапраўды быў адзін з лепшых фестывальных вечароў.

Скрыпка, габой, балалайка (ахвотнікаў да яе паболее пасля заўзятага музіцыравання дзевяцігадовай Насты Цюрынай з Тамбова), баян, саксафон, акардэон — інструменты змянялі адзін аднаго. Стылі — таксама: ад класіка-рамантычных твораў да сучасных, ад апрацовак рускіх народных песень і “Сіняй хустачкі”, выкананне якой прысвячалася 75-годдзю Вялікай Перамогі, да джазавых кампазіцый. А колькі новай, далёка не самай “раскручанай” музыкі прагучала! Нязменнай, за выключэннем аднаго нумара, заставалася бліскучы канцэртмайстар Соф’я Меншыкава (яна ж выступала і сольна) — навучэнка Цэнтральнай музычнай школы пры Маскоўскай кансерваторыі.

Усе юныя музыканты — сапраўдныя зорачкі. Але ж было заўважна, што творы некаторым з іх прапаноўваліся крыху “на выраст”. Таму з тэхнікай усе спраўляліся бездакорна, а вось глыбіня кампазітарскай задумы, здаралася, была спасцігнута далёка не ўсімі. Гэта нармальная з’ява для вучэбнага працэсу: менавіта ў дзяцінстве і юнацтве вывучваецца асноўны рэпертуар, які потым узбагачаецца ўсё новымі дэталямі інтэрпрэтацыі. Але для фестывальнага канцэрта некаторыя выкладчыкі, магчыма, маглі спыніцца на творах, больш блізкіх дзіцячай псіхалогіі. У гэтым сэнсе з лепшага боку вылучаліся нашы ўдзельнікі — дзесяцігадовы Федзя Громаў, які займаецца ў Сяргея Тумаркіна (лаўрэат міжнародных конкурсаў, той падрыхтаваў суцэльную плеяду цудоўных габаістаў для нашай і іншых краін), і 11-гадовая акардэаністка Ульяна Астанковіч з Магілёва, што вучыцца ў Раісы Сінялобавай. Шкада толькі, што нашы стыпендыяты выконвалі па адным творы (асабліва патрабавала працягу імклівая п’еса “На цягніку”), а расійскія — па два — тры, а то і чатыры. Навошта мы такія сціплыя?

Не дырыжыруйце фінал

Затое відавочнае беларускае адценне атрымаў шыкоўны заключны канцэрт, дзе прагучалі творы польскіх кампазітараў Кшыштафа Пендэрэцкага, Мілаша Магіна (невядомага ў нас, але папулярнага ў свеце) і Майсея Вайнберга, які меў прамое дачыненне да Беларусі. Камерны аркестр Kremerata Baltica і саліст — французскі піяніст Люка Дэбарг, лаўрэат і папраўдзе сенсацыйнае адкрыццё XV Міжнароднага конкурса імя П. Чайкоўскага ў Маскве — ігралі без дырыжора, разумеючы адзін аднаго па позірках, няўлоўных жэстах і самім дыханні музыкі. Ці ж гэта не сімвалічна? Бо замест таго, каб “дырыжыраваць фінал”, лепей галасаваць за працяг такіх творчых празарэнняў.

…Пасля канцэрта, баючыся віруса, арганізатары нікога не пускалі да французскага госця. Але наш малады цымбаліст Дзмітрый Калаціла ўсё ж узяў у яго аўтограф, які той занатаваў на старонках расійскага часопіса “Музыкальная жизнь”, дзе былі змешчаны фота абодвух музыкантаў, бо яны адначасова выступалі ў Маскве, толькі ў розных залах. Таксама сімвалічна! Значыць, трэба тую сімволіку ўсё больш актыўна рухаць у рэальнасць. У тым ліку, праз фестывальныя праграмы.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"