“Славянскі базар”: ад замка да амфітэатра

№ 12 (1451) 21.03.2020 - 27.03.2020 г

У мінулую суботу ў Лідзе — культурнай сталіцы Беларусі 2020 — прайшлі фінальныя мерапрыемствы нацыянальных адборачных тураў да міжнародных песенных конкурсаў фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”. Па выніку творчых спаборніцтваў у XVIII Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе “Віцебск — 2020” нашу краіну прадставіць Ангеліна Ламака, а ў XXIX Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні — Раман Волазнеў.

/i/content/pi/cult/790/17014/07.JPGТрадыцыя ладзіць фінал нацыянальнага адбору ў фармаце сапраўднага шоу і паказваць яго ў горадзе, які мае статус культурнай сталіцы Беларусі, пачалася яшчэ летась — тады гэта была Орша. Сёлета конкурс гасцінна і на высокім узроўні прымала Ліда. Ідэя яго пераносу з Мінска ў рэгіёны выглядае вельмі ўдалай — для не самых вялікіх гарадоў такія канцэрты становяцца сапраўднай падзеяй і выклікаюць вялікую цікавасць гледачоў, а устаноў, якія на належным узроўні могуць забяспечыць арганізацыю мерапрыемства, і па-за межамі сталіцы хапае. Цэнтрам фестывальнага жыцця 14 сакавіка стаў Палац культуры горада Ліда — там цягам аднаго дня прайшлі два конкурсныя канцэрты. Але ж Ліда акрамя ўсяго слаўная і сваёй старажытнай гісторыяй — артысты, якія прыехалі з ўсёй Беларусі, убачылі не толькі Палац культуры: жараб’ёўка ўдзельнікаў адбылася ў Лідскім замку, пабудаваным яшчэ ў XIV стагоддзі, у гістарычным антуражы, тэатралізавана і святочна. Госці Ліды, асабліва самыя юныя, атрымалі шмат уражанняў і ад самога замка, і ад музея, размешчанага ў замкавай вежы, і ад музейных рарытэтаў.

І дзённая дзіцячая праграма, і вечаровая дарослая прайшлі з якасным гукам, святлом і дэкарацыямі, з добрымі вядучымі і шоу-балетам, з зорнымі гасцямі і з прададзенымі білетамі. Тэлеканал “Беларусь-3” вёў прамую трансляцыю: такім чынам значна пашырыў аўдыторыю нацыянальнага адбору і адпаведна ўзняў яго аўтарытэт. На працягу многіх гадоў канкурсантаў адбіралі не настолькі публічна і не ладзілі з гэтага шоу, цікавасць да конкурсаў “Славянскага базару” была не самай высокай. Цяпер жа хапае сіл, сродкаў і ўменняў арганізаваць цалкам годнае відовішча яшчэ на такім папярэднім этапе: ёсць і каго з задавальненнем паслухаць — у лік 20-ці фіналістаў трапілі толькі лепшыя, ёсць і інтрыга, за якой цікава сачыць — дзякуючы адкрытаму электроннаму галасаванню членаў журы, ёсць і святочная атмасфера і добрае тэхнічнае забеспячэнне. І гэта сапраўды шанс паказацца на тэлеэкране, паказацца ў тэлешоу — няхай пакуль і не такім папулярным, як расійскі “Голас” — многім юным і проста маладым беларускім артыстам.

/i/content/pi/cult/790/17014/08.JPGНесумненна, менавіта яны былі ў цэнтры ўвагі, але ж настрою і зорнага бляску мерапрыемству надавалі і вядучыя — Дзмітрый Карась і ўладальніца Гран-пры мінулагодняга дзіцячага конкурсу “Віцебск — 2019” Ксенія Галецкая ў першым конкурсным канцэрце, Дзяніс Дудзінскі і Кацярына Раецкая — у другім, дарослым. А яшчэ вялікая каманда папулярных артыстаў, многія з якіх былі ў журы, а ў свой час і самі ўдзельнічалі ў конкурсе віцебскага фестывалю — Інна Афанасьева, Аляксей Хлястоў, Яўген Курчыч, Тэа і Вольга Рыжыкава, група “Da Vinci”, Жанэт, Іван Вабішчэвіч, Аляксей Грос, Іван Зданюк. Журы дзіцячага конкурсу ўзначальвала першы намеснік міністра культуры Беларусі Наталля Карчэўская, журы дарослага — дырэктар прадзюсарскага цэнтра “СПАМАШ” Анжаліна Мікульская.

МАЛЕНЬКІЯ, АЛЕ АРТЫСТЫ

Дзіцячы конкурс “Славянскага базару ў Віцебску”, як і ўсе падобныя конкурсы такога высокага ўзроўню, — даўно справа няхай і маленькіх, але прафесійных артыстаў. Як правіла, усе дзеці навучаюцца музыцы і спевам, пастаянна выступаюць у конкурсах і тэлешоу, прадстаўляюць у гэтых спаборніцтвах свае прадзюсарскія цэнтры, вакальныя студыі і да таго падобнае. Так і ў сёлетнім адборы ў гэтым сэнсе ўсе былі прафесіяналамі — многія ўжо неаднойчы ўдзельнічалі ў адборах на “Славянскі базар” і “Еўрабачанне”, многія маюць званні лаўрэатаў і пераможцаў міжнародных конкурсаў, многіх мы бачылі і на беларускім тэлебачанні, і ў расійскім тэлешоу “Голас. Дзеці”.

/i/content/pi/cult/790/17014/mitya.jpgНапрыклад, пераможцы сёлетняга адбору 13-гадовай Ангеліне Ламака толькі з трэцяга разу ўдалося трапіць на “Славянскі базар”. Для 12-гадовай Марыі Альхафез з Гомеля, выхаванкі вакальнай студыі “Нюанс” і лаўрэата многіх міжнародных конкурсаў, і трэцяя спроба трапіць на фестывальную сцэну Віцебска не стала ўдалай — хаця выступіла яна выдатна, як сапраўдная стыльная і модная зорка сучаснай музыкі. Арына Пехцерава з Магілёва, якой 13 гадоў споўнілася менавіта 14 сакавіка ў Лідзе і якая стала трэцяй у выніковай табліцы, таксама не першы раз і ў гэтым адборы, і ў еўрабачаньскім, і таксама ўжо зорка: яе моцны і гнуткі вакал нікога не пакідае абыякавым — не згубіўся нават у розгаласным дуэце са спявачкай Наргіз Закіравай, не згубіўся і ў тэлешоу “Голас. Дзеці”. Дарэчы, Арына Пехцерава — выхаванка таго ж магілёўскага прадзюсарскага цэнтра “Ангелы добра”, што і 8-гадовы Міця Пухоўскі, для якога журы вызначыла толькі чацвёртае месца. Але мне падаецца, калі б галасавалі гледачы, то перамог бы менавіта Міця. Гэты юны, але вельмі ўпэўнены ў сабе і абаяльны артыст зусім нядаўна ззяў у праекце “Голас. Дзеці” з песняй “Вдоль по Питерской”, а на лідскай сцэне менавіта Міці ўдалося двойчы выклікаць у публікі авацыі — і не толькі дзіцячым абаяннем, а менавіта прафесійным выступленнем і той артыстычнай харызмай, якой не навучыш! (З магілёўскага ж цэнтра “Ангелы добра” паходзіць і ўладальніца Гран-пры віцебскага фестывалю 2017-га года Марыя Магільная). Далей па суме балаў ішла 11-гадовая Елізавета Мея з Жодзіна, у якой сярод гледачоў была сур’ёзная група падтрымкі, — і яна таксама запомнілася з добрага боку, асабліва выкананнем першай песні — “Завіруха” з рэпертуару ансамбля “Верасы” — у цікавым “прыджазаваным” варыянце.

Паўтаруся, усе дзесяць фіналістаў былі людзьмі невыпадковымі на сцэне, на поспех кожнага працуюць і бацькі, і настаўнікі, і студыі з прадзюсарскімі цэнтрамі, і стылісты з грымёрамі, і танцоры — па меры таго, у каго на што хапае сродкаў. І ў Лідзе ў нейкіх канкурсантаў былі магчымасці выступіць у суправаджэнні танцавальнай групы і паказаць сапраўдны нумар, а хтосьці быў адзін на адзін з мікрафонам, але пры гэтым выклікаў авацыі. Дарэчы, падзялюся назіраннем пра конкурсны рэпертуар — па ўмовах у першым туры павінна была быць песня на беларускай мове, і прагучала нямала менавіта сучасных, актуальных твораў аўтарства, напрыклад, Uzari, Naviband, Кірыла Гуда. Але ж трохі засмуціла колькасць даволі невыразных і нават няўцямных песень не самых вядомых беларускіх аўтараў, якія для спаборніцтва абралі што дзеці, што больш дарослыя канкурсанты.

/i/content/pi/cult/790/17014/angelina.jpgТакім чынам, на сцэне фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”, які пройдзе з 13 па 21 ліпеня, нашу краіну прадставіць Ангеліна Ламака. Ёй журы яшчэ пасля выканання першай песні выставіла адзнакі, якія дазволілі дзяўчынцы далёка адарвацца ад канкурэнтаў. Гэткія ж высокія балы Ангеліна атрымала і за другую кампазіцыю, што сярод бацькоў іншых канкурсантаў нават выклікала пэўную незадаволенасць і падазрэнні: так што нецікавым і нейкім лялечным гэты дзіцячы конкурс не назавеш — усё па-сапраўднаму, страсцей хапала! Ангеліна Ламака зараз вучыцца ў мінскай гімназіі № 192 і ў лепельскай школе мастацтваў, сваім родным горадам называе Віцебск. Была фіналісткай адбораў не толькі на “Славянскі базар”, але і на “Еўрабачанне” і “Новую волну”, удзельнічала ў тэлеконкурсах “Я пою” на тэлеканале АНТ — бо паходзіць са шматдзетнай сям’і, і ў праекце тэлеканала “Мір” “Во весь голос”. На сцэне лідскага Палаца культуры яна не проста спявала, але і паказвала нумары з шоу-балетам і дарагімі касцюмамі. Магчыма, і гэта паўплывала на тое, што журы аддало перавагу Ангеліне. Пажадаем удачы юнай таленавітай артыстцы! (яе фота — на першай старонцы газеты).

ЛЕПШЫЯ З ЛЕПШЫХ

У маладзёжным конкурсе таксама было дзесяць фіналістаў. Усе яны прайшлі папярэдні адбор, усе маглі пахваліцца нейкімі ранейшымі дасягненнямі і перамогамі. Напрыклад, Вольга Булай, якая прадстаўляла Новалукомль, але цяпер жыве і вучыцца ў Мінску, у 2017-м годзе ўжо атрымала Гран-пры фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. І яна толькі на два балы адстала ад пераможцы адбору — Рамана Волазнева, які ў свой час адзначыўся ў многіх дзіцячых конкурсах (больш падрабязна чытайце ў маім інтэрв’ю з Раманам). Таксама пераможцам конкурсу выканаўцаў эстраднай песні ў Маладзечне ў 2016-м годзе стаў Аляксандр Саванец. Аліна Чыжык з Гродна была лаўрэатам другой прэміі маладзечанскага фестывалю, фіналісткай праекта “Акадэмія талентаў” на АНТ, удзельніцай украінскага тэлешоу “Х-фактар”.

Усе гэтыя артысты, а яшчэ і Павел Козіч — студэнт Універсітэта культуры — рэальна прэтэндавалі на перамогу і набралі найбольшую колькасць балаў. Але кожнаму ў выніку чагосьці не хапіла, як на мой густ — не хапіла крэатыўнасці і смеласці адысці ад традыцыйнай эстрады і такой “правільнай конкурснасці”. Павел Козіч, напрыклад, атрымаў высокія балы за выкананне замежнай песні — з рэпертуару Рэя Чарльза, і значна ніжэйшыя за песню беларускага кампазітара Фёдара Жыляка “Жураўлі”, у якой хоць і здолеў паказаць добрае валоданне вакалам, але не змог раскрыць свой артыстычны талент. Такая ж сітуацыя была і са спявачкай Анастасіяй Лейкінай з Віцебска, якая чарговы раз бліскуча выканала свой каронны нумар — песню “Je suis malade” з рэпертуару Даліды, але ў малавядомым творы беларускіх аўтараў нічым не ўразіла.

Вольга Булай, якой не хапіла толькі двух балаў і якая была лідарам па выніках першага тура, дарэчы, без крыўды і зайздрасці паставілася да перамогі Рамана Волазнева. Наадварот — кажа, што такому музыканту, як Раман, і не сорамна прайграць. Акрамя ўсяго, яны разам вучыліся ў Мінскім каледжы мастацтваў — а ў конкурсе ў Лідзе было ажно чатыры выпускнікі эстраднага аддзялення каледжа мастацтваў, яшчэ Аляксандр Саванец і Анастасія Лазука. І гэта, паводле слоў Вольгі, сведчыць пра стабільна высокі ўзровень адукацыі ў гэтым каледжы. Дарэчы, многія канкурсанты між сабой добра знаёмыя, нават сябруюць — часта сутыкаюцца на адных і тых жа фестывалях і канцэртах. Перамога Рамана Волазнева, як і атрыманыя іншымі канкурсантамі балы, бадай, ні ў кога не выклікалі здзіўлення і нікім не аспрэчваліся.

Ці зможа Раман Волазнеў перамагчы ў Віцебску? Яшчэ гадоў дзесяць таму я б упэўнена адказала, што не — у фаворы былі спевакі з вельмі моцнымі галасамі, з акрэсленай эстраднай асновай. Але — часы змяняюцца, а Раман Волазнеў прадстаўнік менавіта новага пакалення сучаснай музыкі. Усё астатняе залежыць ад падрыхтоўкі і ўдачы! Так што пажадаем удачы — а працаваць гэты малады артыст умее!