Абваранка на далоні

№ 11 (1450) 14.03.2020 - 21.03.2020 г

Не так даўно ў Смаргоні пачалі распрацоўваць гастра-брэнд “Смаргонскія абаранкі”. Тады ўзнікла лагічнае пытанне: “Ці ёсць у нас хто-небудзь, хто б мог адрадзіць сакрэты старажытнага майстэрства?” Чалавек знайшоўся не адразу. У 25-ці кіламетрах ад Смаргоні, у Вішневе, жыве 77-гадовая Ядвіга Хадалёнак. Адзіная, хто ведае рэцэпт старасмаргонскай “абваранкі”.

/i/content/pi/cult/789/17001/018.JPGПрапорцыі — гарманічныя

Шэсць гадоў таму жанчына пераехала з суседняй Волькаўшчыны ў больш цывілізаванае Вішнева — цэнтр сельсавета. Купіла дом з гаспадарчымі прыбудовамі. У якасці бонусу атрымала яшчэ адзін. Без перабольшання, гістарычную каштоўнасць. Гэтай хаце больш за сто гадоў, і там ёсць старажытная печ у рабочым стане, у якой можна прыгатаваць пірагі і абаранкі.

Менавіта ў старую хату запрасіла нас Ядвіга Флар’янаўна і дзялілася старажытным рэцэптам прыгатавання “абваранак”, які пераняла ад сваёй маці 1915-га года нараджэння.

Для пачатку трэба дроў альховых (не інакш!) насекчы, печ затапіць, цеста замясіць…

/i/content/pi/cult/789/17001/019.JPGАбараначніца пералічвае неабходныя інгрэдыенты для цеста: “Пшанічная мука, малако, дрожджы, соль, цукар, яйка, поснае масла, сметанковае масла, трохі ваніліну. Можна мак ці карыцу. Строгага рэцэпта не прытрымліваюся — усё на вока”.

Прапорцыі павінны быць гарманічнымі — першы сакрэт смачнай стравы. Калі цеста “падышло”, можна і абаранкі “гнуць”. Памер абараначніцы вымяралі на ўказальны палец. Гэта маленькі абаранак. А былі і вялікія - на тры і нават на чатыры пальцы.

Спачатку “кольцы” абварвалі (кідалі ненадоўга ў вар), а пасля выкладалі на бляху і выпякалі ў печах (хвілін з дзесяць) і — вуаля, страва гатова!

Наш клад!

— Напэўна, абаранкі, калі вы былі дзіцём, выраблялі нячаста?

— Ой, канешне… На Каляды, Новы год, Вялікдзень і на Яна — калі быў фэст у Вішнеўскай парафіі, — зазначае Ядвіга Флар’янаўна. — Рабілі б, можа, і часцей, ды не было з чаго пячы. Дзе той пшанічнай мукі ўзяць? А ў пост пяклі посныя абаранкі: мука, алей, вада ды соль.

— А калі вы зрабілі сваю першую “абваранку”?

— Гадоў у трынаццаць — чатырнаццаць я станавілася побач з мамай і вучылася мясіць цеста. Сакрэты смачных абаранкаў расказвала і суседка (дарэчы, бабка-павітуха), якая таксама вельмі добра ўмела абыходзіцца з цестам. І абаранкі, і пірагі смачныя пякла. І я палюбіла гэту справу. Наогул вельмі люблю гатаваць. І гасцей люблю. Уся мая радня была гасцінная, няпрагная.

— Ядвіга Флар’янаўна — майстрыха на ўсе рукі. Наш скарб! — ускліквае загадчыца вішнеўскага Дома культуры Альфрэда Дыро. — Добра ўмее не толькі абаранкі выпякаць, але і на кроснах ткаць, кручком і на спіцах вязаць. Усё гэта ад маці пераняла. Да нядаўняга часу ў нашым ДК яна гурток па ткацтву вяла, моладзь ткаць вучыла.

Спрытная, актыўная, усмешлівая жанчына. Ядвіга Флар’янаўна зусім не выглядае на свае семдзясят сем. Майстар-клас па выпечцы абаранкаў яна правяла не толькі для мяне. Напярэдадні да яе прыязджаў Аляксандр Мацяс з АНТ. Так што цяпер, як выпякаць смачныя смаргонскія абаранкі, ведаюць не толькі яе сяброўкі і аднавяскоўцы. Уся Беларусь.

Смачэча для смаргонцаў

На наступны дзень пасля нашай сустрэчы мы зноў віталіся з вішнеўскай абараначніцай. На падворку “Арцель “Мукасолька”, які ладзілі вішнеўскія культработнікі падчас рэспубліканскага фестывалю-кірмашу “Смаргонскія абаранкі”. Жанчына, апранутая ў святочны народны касцюм, частавала смаргонцаў і гасцей горада сваім печывам, дзялілася рэцэптамі смачэчы. На свята яна прывезла пірагі і некалькі падносаў румяных абаранкаў.

Напярэдадні фестывалю ўнук нашай гераіні прыехаў з Мінска да бацькоў, яны таксама ў Вішневе жывуць. І да бабці павітацца забег.

— Зноў, бабуля, пячэш абаранкі і пірагі?

— Пяку…

— Дык бізнес адкрывай, — пажартаваў.

Хто ведае, а можа, і адкрые. І ў 80 гадоў жыццё, бывае, толькі пачынаецца. Асабліва ў абараначніцы.

P.S. У Спісе нематэрыяльных каштоўнасцяў Беларусі сярод 125 аб’ектаў смаргонскія “абваранкі” не значацца. Пакуль не значацца. Усяму свой час.

У тэму.

Днямі адзін з жыхароў райцэнтра выказаў прапанову, да якой варта прыслухацца: было б добра, каб у нашым горадзе з’явіўся невялічкі магазін “Смаргонскія абаранкі”. Каб можна было там купіць абаранкі, сушкі, крэндзелі… Прадукцыю не толькі смаргонскага хлебазавода, але і іншых вытворцаў, у тым ліку прыватных асоб. Напрыклад “Абаранкі ад Ядзі, Нюрачкі, Мар’янаўны” (ці, як варыянт, ад Флар’янаўны — аўт.). Гэта быў бы наш смаргонскі брэнд праз стагоддзі.

Перад уваходам можна было паставіць драўляную скульптуру мядзведзя і лавачку. І вось вам цікавая фотазона для смаргонцаў і турыстаў.

Сёння наша задача — захаваць сакрэты печыва і майстэрства жыхароў нашай малой радзімы. І, хто ведае, можа моладзь паспрабуе гэтымі сакрэтамі скарыстацца і прадоўжыць гісторыю смаргонскіх мядзведзяў і абаранкаў.

Галіна АНТОНАВА

Смаргонь

Фота аўтара