Князь быў варажскі, дружына — полацкая

№ 38 (856) 20.09.2008 - 26.09.2008 г

Чарговую навуковую сенсацыю паднеслі раскопкі ў старадаўнім Полацку. Паводле папярэдніх даных сёлетніх даследаванняў, гэты горад узнік яшчэ да нараджэння Хрыстовага. Карэспандэнт “К” накіраваўся ў Полацк, каб даведацца аб падрабязнасцях адкрыцця беларускіх вучоных.

 /i/content/pi/cult/175/1700/Knyaz1.jpg /i/content/pi/cult/175/1700/Knyaz2.jpg

Наканечнікі коп’яў і нацельны крыжык (прыкладна XII ст.) — сёлетнія знаходкі.
 
Як падкрэсліў Марат Клімаў, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, усе работы сёлета праводзіліся ў межах пастаянна дзеючай комплекснай археалагічнай экспедыцыі супрацоўнікамі Полацкага дзяржаўнага універсітэта і Інстытута гісторыі. Гэтае даследаванне прадугледжвае раскопкі горада на працягу пяці гадоў і прымеркавана да юбілею Полацка. Асноўная мэта раскопак — змяншэнне “белых плям” на карце горада, даследаванне якога гісторыкамі пачалося яшчэ ў ХІХ стагоддзі, але і да нашага часу цалкам не завершана.

Што ж за работы праводзіліся сёлета? Студэнты Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя П.Машэрава пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук Марата Клімава даследавалі частку Запалацкага пасада, знішчаную ў час міжусобных войнаў прыкладна ў ХІІ— ХІІІ стст. Сярод знаходак — шкляныя бранзалеты, рэшткі замкоў, ключы, вухавёртка, гірка-разнаважка, фібулы, крыжыкі-нацельнікі, што сведчыць пра даволі высокі ўзровень тагачаснай культуры.

Не менш плённымі былі археалагічныя раскопкі пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры айчыннай і сусветнай гісторыі Полацкага дзяржаўнага універсітэта Дзяніса Дука, які паведаміў, што сёлета даследаванні праводзіліся побач са старадаўнім гарадзішчам, і сведчаць пра развіццё горада задоўга да летапісных згадак Полацка ў 862 годзе.

Знойдзеныя прадметы праходзяць радыевугляродны аналіз і, як чакаюць гісторыкі, змогуць “адкрыць” новыя даты і гістарычныя факты, у прыватнасці, даць інфармацыю пра полацкіх князёў, якія кіравалі горадам да Рагвалода, да якога, як мы ведаем па летапісах, узначальваў тамтэйшае веча васал наўгародскага князя Рурыка, які прыехаў на полацкія землі са Скандынавіі. Але і да яго прыходу горад імкліва развіваўся, пра што сведчаць разнастайныя вырабы матэрыяльнай культуры і ўпрыгожанні.

 /i/content/pi/cult/175/1700/Knyaz3.jpg
Аднак вялікай перашкодай для датавання заснавання горада Дзяніс Дук лічыць тое, што з часоў глыбокай старажытнасці амаль не захавалася помнікаў пісьменства. Таму ўладальнікаў каштоўных прадметаў, знойдзеных пад час археалагічных экспедыцый, устанавіць амаль што немагчыма. Тым больш, у Полацку не існавала такіх умоў, каб захоўвалася бяроста, а таксама драўляныя навошчаныя шыльдачкі — так званыя цэры, якія ў той час шырока выкарыстоўваліся. І тым не менш, дзякуючы сёлетнім даследаванням была вызначана адна з адметнасцей Полацка: князь быў варажскі, а яго дружына — полацкая. Пра гэта сведчыць надзвычай малая (у параўнанні з Ноўгарадам) колькасць скандынаўскіх рэчаў.

Што да знойдзеных прадметаў, то, як адзначыў Дзяніс Дук, для навукі найперш каштоўныя тыя прадметы, што звычайна не прывабліваюць вока. Да прыкладу, неахайна зробленая ляпная кераміка, што ўжо ў часы Рагвалода выходзіла з ужытку: яе вялікая колькасць дазваляе прасачыць розныя стылі і метады вырабу.

Знойдзенае можна ўмоўна падзяліць на мастацкія вырабы і рэчы, хай сабе і ўжытковага характару, ды надзвычай каштоўныя для гісторыі. Калі летась пры раскопках княжацкай рэзідэнцыі былі знойдзены пераважна якраз першыя, то сёлета пры даследаванні паселішча, дзе жылі і працавалі шараговыя гараджане, знайшлі нямала прыкладных прадметаў. У прыватнасці, гэта экспанаты VIII — ІХ стагоддзяў: ладзейная заклёпка, гліняныя вырабы, рамесныя інструменты, разнастайныя побытавыя рэчы, а таксама калекцыя шкляных і сердалікавых пацерак, якія ўвайшлі ў моду трохі пазней — ужо ў Х стагоддзі.

Варта адзначыць, што ўдзельнікам экспедыцый перш чым знайсці вельмі старажытныя артэфакты, неабходна было раскапаць шмат гістарычных слаёў да канца VIII стагоддзя. А пасля грунтоўнай экспертызы знойдзеныя прадметы плануецца перадаць для захавання і экспанавання ў Полацкі нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік.


Канстанцін АНТАНОВІЧ
Фота аўтара