Выбірайце выразы!

№ 11 (1450) 14.03.2020 - 21.03.2020 г

Кансенсус як вынік
На мінулым тыдні зацягнуты на многія гады працэс рэканструкцыі Старога замка ў Гродне прайшоў сімвалічную веху: на брамнай вежы ўсталявалі купал. У Сеціве яго з’яўленне выклікала бурлівую рэакцыю. Нехта падыходзіў да справы як тонкі эстэт, нехта “тапіў за аўтэнтыку”. На эпітэты некаторыя крытыкі не скупіліся: “архітэктурныя фантазіі”, “чужародны элемент”… чаго там толькі не было! Зрэшты, разносіць у шматкі рэстаўрацыйныя праекты ў нас ужо стала завядзёнкай. Нават закінутыя помнікі, якія вось-вось разваляцца, не выклікаюць столькі эмоцый. Такі вось парадокс.

/i/content/pi/cult/789/16995/011.JPGАпынуўшыся на мінулых выхадных у горадзе па-над Нёманам, выправіўся да замка, каб усё на ўласныя вочы ўбачыць. Сустрэў там вядомага мінскага мастацтвазнаўцу, які меў такую самую мэту. А потым — і двух аўтарытэтных гродзенскіх гісторыкаў. Вердыкт спецыялістаў быў агулам ухвальным: усе сышліся на тым, што адноўлены замак эфектна мяняе не толькі абрысы кручы па-над ракой, але і наогул уражанне ад горада.

Здавалася б, з гэтым не паспрачаешся. Як паведамлялася ў адмысловай групе ў “Фэйсбуку” (у дужках адзначу: яе ўласнаручна вядзе начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкаму Алена Клімовіч! Здаецца, прыклад, варты пераймання), да з’яўлення купала спрычынілася нямала спецыялістаў — не толькі беларускіх, але і польскіх. Таму і форма яго дбайна вывяралася. Хаця яна ў кожным разе гіпатэтычная, бо якім той купал быў насамрэч, мы можам хіба здагадвацца дзякуючы невялічкай гравюры таго часу. Гэта адзіная вядомая на сёння выява замка Баторыя, дый тое не надта дэталёвая.

Адкуль жа такі шлейф “народнага” негатыву? Без сумневу, ён з’яўляецца працягам той сітуацыі, дзякуючы якой рэстаўрацыю ў Гродне вельмі часта суправаджаюць эпітэтам “скандальная”. Калі коратка, было так. Праект доўга ляжаў пад сукном (пра “хуткія планы” яго ўвасобіць мы пісалі яшчэ гадоў дзесяць таму), але ўрэшце справа зрушылася. І акурат тады на даляглядзе з’явіўся малады, але дасведчаны гісторык, які раскрытыкаваў той праект ушчэнт.

Прафану накшталт мяне можа падацца, нібы агучаныя ім праблемы не такія ўжо і вялікія — асабліва ў тым выпадку, калі мы маем справу з гіпатэтычнай (у той ці іншай меры) рэканструкцыяй. Хіба так ужо істотныя колькасць паверхаў ды іншыя дэталі? Галоўнае — гэта за дрэвамі бачыць лес. Праект важны, прыгожы, ва ўсіх сэнсах карысны — значыць, наперад!

Але спецыялісты, вядома, так не лічаць. І гатовыя адстойваць сваю праўду да апошняй кроплі крыві. Што і робіць той малады гісторык. А паколькі вынікам сваёй руплівасці ён не надта задаволены, “градус палемікі” падвысіўся — ажно да непрыстойнасці. Слова “фальсіфікацыя” было яшчэ не самым моцным сярод прамоўленых ім.

Чаму да гісторыка не прыслухаліся? Зразумець пазіцыю людзей, якія прымаюць у гэтым выпадку рашэнні, можна даволі лёгка. Бо якія альтэрнатывы? Спыніць працы на няпэўны тэрмін і даць спецыялістам магчымасць уволю паспрачацца пра важныя для сябе дэталі — без асаблівай надзеі на выніковы кансенсус? Варыянт так сабе. На рэканструкцыю замка нарэшце выдаткаваныя грошы, і калі іх цяпер не засвоіць... Другога такога шанцу можа і не быць. Рэстаўрацыйных “даўгабудаў” у нас, на жаль, хапае: у Навагрудку, Крэве, Гальшанах, Быхаве, Юровічах… І калі Стары замак атрымаў магчымасць пакінуць гэты пачэсны спіс (а ён туды ўжо патрапіў, бо працы там не раз прыпыняліся), грэх ёй не скарыстацца.

Ну, а калі ўжо рыгарыстычна адстойваць аўтэнтыку ды рэстаўрацыйную метадалогію… Тады крытыкам трэба было падыходзіць куды больш прынцыпова — і наогул патрабаваць адмовіцца ад усіх купалоў і вежаў. Ды дбаць пра захаванне таго не надта прывабнага выгляду, які замак меў да нядаўняга часу.

Чаму? Бо адкрыўшы Венецыянскую хартыю рэстаўратараў, мы прачытаем: “Наслаенні розных эпох, прыўнесеныя ў архітэктуру помніка, павінны быць захаваныя”. Гэта па-другое, а па-першае — “рэстаўрацыя павінна з’яўляцца выключнай мерай”. Адпаведна, калі свята і дакладна кіравацца духам і літарай аўтарытэтнага дакумента, трэба было не рэнесансавы замак аднаўляць, а закансерваваць тыя непрыглядныя казармы, у якія гэты замак пераўтварыўся за царскім часам. Хто будзе спрачацца, што іх знешні выгляд выразна адлюстроўвае сваю эпоху — калі каралеўскі некалі горад пераўтварыўся ў звычайны губернскі цэнтр вялізнай імперыі?

Але эпоха змянілася, і бачыць на такім знакавым месцы нейкія казармы нам ужо зусім не хочацца. Што ні кажы, маюць рацыю тыя, хто лічыць працу са спадчынай не столькі дакладнай навукай, дзе ўсё выразна прапісана, колькі суплётам сацыяльных камунікацый, якія абумоўленыя найперш каштоўнаснымі арыенцірамі. Добра, што хоць тут у нас кансенсус. У незалежнай Беларусі “другое нараджэнне” замка Баторыя ўспрымаецца, здаецца, выключна станоўча.

Што да згаданай хартыі… Падазраю, яе пастулаты не надта дакладна выконваюцца нават у тых краінах, якія мы заўсёды лічылі за ўзор. Аднаўленне знакавых архітэктурных здабыткаў і дасюль ідзе па ўсім свеце. Часам такія праекты таксама спараджаюць палеміку сярод спецыялістаў. І гэта нармальна. Галоўнае — захоўваць эмацыйную танальнасць і выбіраць выразы. А таксама, як казаў ужо, бачыць за дрэвамі лес. За прыватнасцямі — агульны вынік.

І ніхто не будзе спрачацца з тым, што будаўнічым працам павінны папярэднічаць навуковыя даследаванні і дыскусіі. Хочацца верыць, менавіта так усё і будзе падчас наступных чэргаў аднаўлення Старога замка.