Формы і эмоцыі Пластформы

№ 11 (1450) 14.03.2020 - 21.03.2020 г

Ужо сёння — 14 сакавіка — распачынаецца адзін з самых незвычайных фестываляў Беларусі — форум пластычных і танцавальных тэатраў Plastforma. Гледачоў чакае пяць цалкам непадобных адзін да аднаго спектакляў, а таксама адмысловая адукацыйная праграма, прымеркаваная да падзеі.

/i/content/pi/cult/789/16992/08.JPGНапрыклад, сёння ў Музеі-майстэрні Заіра Азгура адбудзецца першая сустрэча з невялікага цыкла, прысвечанага сучаснаму тэатру — “Чалавек. Прадмет. Прастора: дзве бяседы пра тэатр, дзе тэкст не галоўнае”. Даследчыцы і крытыкі Алена Мальчэўская і Арына Калімуліна падзеляцца з публікай этапамі развіцця сучаснага тэатральнага працэсу, дзе выключна драматычны тэатр ужо не з’яўляецца “флагманам”. “Як пераўтварыць ложак у глядзельную залу? Ці можна паглядзець спектакль на могілках? І ці патрэбна акцёру яго “роднае”, паўсядзённае цела на сцэне?” — эксперты прывядуць прыклады самых незвычайных пастановак свету.

І ўжо з 18 сакавіка — пагрузіцца ў непасрэдна практычную частку фестывалю запрашае першае шоу праграмы — “Вітаючы сонца”. Яго рэжысёрам выступае харэограф Іна Асламава арт-дырэктарка, ды адна з заснавальніц танцавальнага форуму. Спектакль, які быў прэзентаваны пэўны час таму, адмыслова да Пластформы — 2020, атрымаў новае ўвасабленне. “Бягучую яго версію ў поўнай меры можна лічыць прэм’ерай, — удакладняе Іна Асламава. — Мы яго развілі, дапрацавалі — шмат увагі было нададзена відэа-арту Аляксея Далгушына. Не варта скідваць з рахунку і саўнд-дызайн Весяліна Румянцава”. Але аснова пастаноўкі — спалучэнне танца і этнамузыкі, своеасаблівага дыялогу, што мусіць увесці гледача ў стан пачуццёвага і эмацыйнага. “Нагадаю, што “Вітаючы сонца” — гэта сумесны праект з выдатным этнамузыкантам і спявачкай Ірэнай Катвіцкай, — дзеліцца харэограф. — Мы злучылі ў адным дзеянні этна-вакал, электронную музыку і contemporary dance. І ў выніку атрымаўся спектакль-абрад, які ўпісвае старажытную жаночую магію ў сучасны кантэкст”. Увогуле, нечаканае асэнсаванне традыцыі і сучаснасці — адметнасць гэтай пастаноўкі.

Цікава, што музыка і танец стануць галоўнымі стыхіямі яшчэ ў адным беларускім прадстаўленні. Гаворка — пра спектакль “Танец-інструмент” у Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры юнага глядача, у якім у своеасаблівым дуэце выступяць вядомая выканаўца сучаснага танца Вольга Скварцова і Minsk Improvisers Orchestra на чале з музыкантам і кампазітарам Аляксеем Варсобай. Гэта будзе татальная імправізацыя на пэўную тэму, якую артысты пакуль трымаюць у сакрэце. Імправізацыя з боку музыкантаў і танцораў мусіць выліцца ў нешта сапраўды ўнікальнае, абяцае эксперт.

І “трэцім акордам” у беларускай праграме стане пастаноўка вядомага праекта “Арт-карпарэйшн” — “Arche&Ket”, якая спалучае ў сабе тры мовы: уласна танца, тэатра і медыя. Тое перформанс аб каханні, і, як абяцаюць яго стваральнікі, “гэты спектакль цябе разбярэ”. Яго рэжысёрамі выступілі Антон Макуха (пастаноўка) і Ірына Шырокая (харэаграфія). “Як часта чалавек разважае аб каханні. Не адчувае, не абмяркоўвае, а разважае. Думае пра яго. Верыць ці адмаўляе яго існаванне. Уцякаючы ад пераследавання, Арчы і Кэт зноў і зноў узнаўляюць сваю гісторыю ў дэталях. Імгненні, якія б змянілі ўсё, секунды, у якіх усё магло б быць іначай — ці магчыма іх дагнаць?”, — п’еса грузінскага аўтара Дзімітрыя Учанеішвілі атрымоўвае ў трактоўцы беларускіх аўтараў цалкам нечаканае пластычнае ўвасабленне.

Замежная частка Пластформы выглядае зусім не горш. Нягледзячы на тое, што дзве пастаноўкі фестывалю былі перанесены ў сувязі з пандэміяй каронавіруса, два перформансы, якія ўбачаць мінскія гледачы, з’яўляюцца вартымі несумненнай увагі.

Той жа спектакль-выказванне “Пад плоццю” ліванскага артыста Bassam Abou Diab. Гэта незвычайны перформанс, які даследуе цела… у сітуацыі вайны. “Як рэагуе цела на смяротную пагрозу, сыходзячы з інстынкту самазахавання, і як інстынкт пераўтвараецца ў танец? Танец, заснаваны на ўяўных правілах і метадах, якія былі прыдуманыя як казка, каб пераадолець ваенную машыну. Гэта асабістая гісторыя, гісторыя цела, што перажыло чатыры вайны”, — такое апісанне праекта даецца ў анатацыі. Іна Асламава, якая разам з Марыяй Фаменка працавала над праграмай фестывалю, адзначае, што ўбачыла пастаноўку Басама Абу Дыяба ў Вільнюсе на фестывалі New Baltic Dance. І яна моцна яе ўразіла. “Вельмі ўражальныя ідэя і выкананне, — адзначае арт-дырэктарка. — Самая нечаканая рэфлексія аб вайне, якую я бачыла”.

І пастаноўка аўстрыйскага харэографа Вілі Дзёрнера прапануе нам адкрыць для сябе, якім чынам нараджаецца думка. Так, думка, але менавіта праз танец, рухі, таксама лічбы, лініі і літары. “One” (“Адзін”) — гэта прадстаўленне для двух танцораў, крыніцай натхнення для якога з’яўляюцца вершы аўстрыйскага мастака візуальнай паэзіі Хайнца Гапмайра, — раскрываюцца падрабязнасці ў анатацыі. — У сваёй творчасці ён выкарыстоўваў знакі, літары і лічбы, таксама лініі і кропкі. І асобае месца сярод важных знакаў займала лічба 1”. Арт-дырэктар форуму каментуе свой выбар так: “Гэта пастаноўка, жанр якой вельмі складана вызначыць. Камера здымае анлайн усё, што адбываецца на вялікім стале. Гэта танец слоў, думак і дзеянняў, што нараджаюць вобразы. Узнікае адчуванне, што цяпер ты ведаеш, якім чынам выглядаюць думкі”. Адзінае, аб чым просяць артысты, — гэта базавае веданне англійскай. Ды і апошняе не з’яўляецца абавязковым патрабаваннем дзеля разумення “мовы” спектакля.

Іна Асламава падкрэслівае, што бягучая праграма складалася з акцэнтам на пачуццёвы і эмацыйны бок тэатра. “Часам людзям неабходна “вярнуцца” менавіта ў цела, каб зноў стаць жывымі і рэагуючымі”, — кажа яна.

Прадоўжыцца VIII фестываль пластычных і танцавальных тэатраў да 21 сакавіка. Галоўнымі пляцоўкамі форуму стануць: Беларускі акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача, культурны хаб Оk16, Мемарыяльны музей-майстэрня Заіра Азгура.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"