Мацей Бурачок запрашае

№ 11 (1450) 14.03.2020 - 21.03.2020 г

21 сакавіка спаўняецца 180 гадоў з дня нараджэння Францішка Багушэвіча — паэта-дэмакрата, публіцыста, перакладчыка, аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры і народнага адваката. 30-годдзе адзначае і Музей-сядзіба Францішка Багушэвіча “Кушляны”. 19 сакавіка Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі “Бласлаўлёныя Кушляны Францішка Багушэвіча”.

Экспазіцыя адлюстроўвае найперш родныя мясціны творцы. Сядзіба Багушэвічаў у Кушлянах непарыўна звязана з лёсам пісьменніка: тут ён рос, сталеў, тут памёр. Сярод экспанатаў — рэчы сям’і пісьменніка, радавод Багушэвічаў, рарытэтныя выданні твораў і фотаздымкі з маляўнічымі краявідамі кушлянскага кутка, якія не маглі не паўплываць на творчасць пісьменніка.

У мерапрыемстве будуць браць удзел літаратуразнаўцы і даследчыкі Язэп Янушкевіч, Кастусь Цвірка, краязнаўца і складальнік радавода Багушэвічаў Васіль Юрша, архівіст-гісторык Зміцер Юркевіч.

Падчас адкрыцця імпрэзы будуць агучаны ўмовы сумеснай з бібліятэкай № 14 імя Францішка Багушэвіча акцыі “Дудка грае”.