“Водгулле песні няспетай”

№ 38 (856) 20.09.2008 - 26.09.2008 г

Пад такой назвай 9 верасня ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адбылося адкрыццё выстаўкі графікі Ларысы Паляковай.

 /i/content/pi/cult/175/1699/Vodgulle.jpg
 Л.Палякова. Ілюстрацыя да беларускай народнай казкі “Алёнка”.
Гэтае імя на даляглядзе беларускага мастацтва ўпершыню з’явілася напрыканцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Але шлях Ларысы Паляковай быў да крыўднага кароткі. Яна знаходзілася ў пары станаўлення і росквіту творчых сіл, калі згасла яе зорка: з жыцця пайшла ў 1981 годзе, не сустрэўшы нават свайго трыццацігоддзя.

Мастачка нарадзілася ў Лукомлі. У 1976 годзе скончыла аддзяленне графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Працавала мастацкім рэдактарам у выдавецтве “Вышэйшая школа”, дзе аформіла шэраг кніг для дзяцей. За афармленне кнігі англійскіх загадак была ўганаравана дыпломам на ХХІV Усесаюзным конкурсе “Мастацтва кнігі- 82”.

Праз некалькі гадоў пасля смерці Паляковай сябры па інстытуце арганізавалі выстаўку яе твораў як даніну памяці. “Водгулле песні няспетай...” — нібы працяг той экспазіцыі.

“Адабралі каля сарака работ, намаляваных Ларысай у 1972 — 1976 гадах, — гаворыць сябра Паляковай, мастак Уладзімір Савіч, — але, нягледзячы на тое, што ствараліся яны ў перыяд студэнцтва, кожная самастойны, прафесійны, цікавы твор”.

Сапраўды, працы, прадстаўленыя на выстаўцы, здзіўляюць не толькі высокім узроўнем выканання, але і непадробнай чысцінёй і шчырасцю зместу. Паляковай была ўласціва прыхільнасць да розных жанраў мастацтва: над партрэтам і краявідам, жанравай кампазіцыяй і кніжнай ілюстрацыяй працавала самааддана і захоплена. І, што важна, — аднолькава ўдала. У кожным партрэце — ці гэта “Галава старой”, ці “Ядзя”, ці партрэт маленькага пляменніка мастачкі — яскрава выяўлены характар, багаты ўнутраны свет персанажа. У кожным краявідзе — шчырая любоў да мясціны, якою, відаць, захаплялася яе душа і якую адлюстравала рука. Ларыса Палякова любіла падарожнічаць. Сведчанне гэтаму —прадстаўленыя на выстаўцы літаграфіі, акварэлі і афорты з серыі “Палескія вандроўкі”, замалёўкі куткоў Гальшанаў, Таліна і Вільні.

Частка лепшых твораў Паляковай сёння — маёмасць Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, частка — захоўваецца ў “залатым” фондзе Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. А сябры мастачкі плануюць не толькі працягваць выстаўляць яе работы, але і выпусціць з часам каталог ейнай графікі.

Гэта сведчыць пра тое, што больш як праз чвэрць стагоддзя працы Ларысы Паляковай, як і раней, цікавыя як звычайнаму гледачу, так і людзям дасведчаным у галіне выяўленчага мастацтва.


Дар’я ДАНІЛЕВІЧ