Асноўнага закона карані

№ 11 (1450) 14.03.2020 - 21.03.2020 г

“Правобраз еўрапейскай Канстытуцыі” — выстава рарытэтаў з Беларусі і Латвіі, прымеркаваная да Дня Канстытуцыі, адкрыецца 16 сакавіка 2020 года ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

/i/content/pi/cult/789/16988/129498_or_opt.jpegБеларусы былі аднымі з першых у свеце, хто займеў канстытуцыйнае заканадаўства. Статут Вялікага Княства Літоўскага, складзены па-беларуску і зацверджаны ў 1588 годзе, меў усе рысы сапраўднай Канстытуцыі. Яго з’яўленне паставіла наш народ на п’едэстал пачынальнікаў канстытуцыйнага заканадаўства ў Еўропе і свеце.

Вельмі паказальна, што старажытная беларуска-літоўская Канстытуцыя была перанятая многімі іншымі народамі і стала асновай прававой сістэмы розных краін. Статут ВКЛ 1588 года выкарыстоўваўся пры кадыфікацыі прускага права ў канцы XVI стагоддзя, складанні Саборнага ўлажэння 1649 года ў Расіі, быў пісьмовым зводам дзеючага права і ўжываўся ў судах на тэрыторыі Літвы, Латвіі, Польшчы, Расіі, Украіны, Эстоніі.

З гэтай мэтай Статут перакладаўся на замежныя мовы, на якіх таксама меў афіцыйнае выкарыстанне. Так, у XVIІ — ХІХ стагоддзях ён быў перакладзены на рускую, украінскую, нямецкую, французскую, лацінскую мовы. Фактычна, ён стаў правобразам еўрапейскай Канстытуцыі, пабудаванай на прынцыпах дэмакратыі, роўнасці, справядлівасці, вяршэнства права.

На выставе ўпершыню будзе прадстаўлены шырокай публіцы амаль нікому невядомы спіс Статута ВКЛ 1588 года ў перакладзе на нямецкую мову пачатку ХVIІІ стагоддзя са збору адной са старэйшых бібліятэк Еўропы — Акадэмічнай бібліятэкі Латвійскага ўніверсітэта. Ён з’яўляецца сведчаннем афіцыйнага выкарыстання беларуска-літоўскай протаканстытуцыі на землях Латвіі і сведчыць пра старажытныя культурныя, эканамічныя і палітычныя сувязі нашых народаў. Таксама на выставе можна будзе пабачыць друкаваныя асобнікі Статута XVIІ — XIX стагоддзяў з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі на іншых еўрапейскіх мовах, якія сведчаць пра шырокі ўплыў беларускай прававой культуры на фарміраванне міжнароднага канстытуцыйнага заканадаўства.

Выстава арганізаваная пры ўдзеле Пасольства Рэспублікі Беларусь у Латвійскай Рэспубліцы і Акадэмічнай бібліятэкі Латвійскага ўніверсітэта.