Георгій Пятрэнка: “Я іграў самога сябе”

№ 11 (1450) 14.03.2020 - 21.03.2020 г

На наступным тыдні, 19 сакавіка, у пракат выходзіць новы беларускі мастацкі фільм, пра які цягам апошняга года мы неаднойчы чулі, якога з цікавасцю чакалі — “Авантуры Пранціша Вырвіча”. Гэта касцюміраваная, прыгодніцкая карціна — што ўжо рэдкасць для прадукцыі “Беларусьфільма”, здымаліся ў ёй толькі беларускія акцёры — такім было прынцыповае рашэнне прадзюсараў, у аснове — папулярны ў беларускага чытача гісторыка-прыгодніцкі раман Людмілы Рублеўскай “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега”. Такім чынам, фільм па многіх пунктах можна назваць сапраўды беларускім. Пранціша Вырвіча сыграў малады акцёр Георгій Пятрэнка — для яго гэта першая галоўная роля ў вялікім кіно. Але зусім невядомым Георгія не назавеш — у паслужным спісе ўжо нямала серыялаў, асобныя гледачы нават пазнаюць яго ў твар. Аднак хіба можа гэта параўнацца з сапраўдным, поўнаметражным фільмам, ды яшчэ з такой цікавай і значнай роллю? І пра фільм, і пра асаблівасці жыцця беларускіх акцёраў мы пагаворым з Георгіем Пятрэнкам.

/i/content/pi/cult/789/16986/01.JPGАкцёр і памочнік тэхнолага

— Нягледзячы на маладосць, вы ўжо нямала паздымаліся, зараз чакаеце прэм’еру гучнага фільма, у якім сыгралі галоўную ролю… А мы сустракаемся пасля заканчэння вашага працоўнага дня ў фірме, што займаецца фарбамі. Мяне гэты факт крыху дзівіць.

 — Я не лічу, што ў нашых умовах гэта нешта надзвычайнае — многія акцёры акрамя тэатра і кіно яшчэ чым-небудзь займаюцца. Нават калі казаць пра фарбу — у “Авантурах…” я здымаўся з артыстам, які фарбуе аўтамабілі. Бо працы ў кіно ў апошнія гады няшмат. Напрыклад, калі толькі пачынаў вучыцца ў Акадэміі — гэта 2011, 2012 гады, здымак было вельмі многа, і нас, студэнтаў, пастаянна куды-небудзь запрашалі на невялічкія ролі. І хаця ў Акадэміі гэта не надта віталася, мой майстар Лідзія Аляксееўна Манакова мяне адпускала: “Ідзі, ідзі, ты ж на платным вучышся, табе трэба плаціць”. У тыя часы я нават адмаўляўся ад прапаноў, бо аддаваў прыярытэт вучобе, хацеў спачатку чамусьці навучыцца і стаць прафесіяналам. І ўсё думаў — вось атрымаю дыплом, і буду здымацца ды здымацца! Але атрымалася так, што беларускага кіно па-ранейшаму мала, а Расія з-за розных фінансавых і валютных крызісаў стала значна меней рабіць у нас фільмаў, і запрашэнні цяпер рэдкія.

— Вы кажаце толькі пра кіно, а ёсць жа і тэатр.

— Па-першае, у мяне не было размеркавання, таму што я вучыўся на платным аддзяленні. Па-другое, у тэатр я свядома не іду па фінансавых прычынах — сам я не з Мінска, а з Маладзечна, і мне акрамя ўсяго трэба і кватэру здымаць: з працай у тэатры на пастаяннай аснове я не выжыву. Але мяне абсалютна не засмучае быць памочнікам тэхнолага, наадварот — я лічу, што трэба ўмець і яшчэ што-небудзь рабіць акрамя акцёрства, бо сёння ты запатрабаваны, а заўтра раптам не. Таму павінны быць план Б, павінна быць яшчэ адна прафесія. Да таго ж у мяне больш-менш вольны графік у гэтай фірме, і я магу, калі трэба, зняцца ў кіно ці выступіць у лялечным тэатры “Какао”, з якім супрацоўнічаю. Канешне, калі б можна было працаваць у тэатры і жыць на гэта, я быў бы шчаслівы. Але ж мужчына павінны забяспечваць і сябе, і сваю будучую сям’ю.

— У вас жа было ўжо столькі серыялаў, і прафесійнае партфоліа дастаткова вялікае…

— Я і сам часам задумваюся — вось быццам і былі неблагія ролі ў кіно, быццам і не бяздарны… Проста каб пастаянна і многа здымацца, трэба пераязджаць у Расію. У расійскіх серыялах мне ўжо даўно не даводзілася працаваць, затое была даволі вялікая роля ў папулярным украінскім серыяле “Сдается домик у моря”. І наступным будзе менавіта ўкраінскі ваенны серыял — тэлеканал “Інтэр” ізноў жа ў Беларусі здыме другі сезон “Ни шагу назад”. Але ў мяне там толькі пяць здымачных дзён, ды й усе шэсць серый робяцца за месяц! Астатні час трэба ж недзе працаваць, нечым зарабляць.

Першая галоўная роля

/i/content/pi/cult/789/16986/02.JPG— Давайце згадаем той момант, калі вам прапанавалі ролю Пранціша Вырвіча. Як гэта было, што вы адчулі?

— Калі мне прапанавалі паспрабавацца на ролю Пранціша, я, дарэчы, працаваў барыста, варыў каву. А калі вучыўся ў Акадэміі, быў і афіцыянтам (смех). Рэжысёр Аляксандр Анісімаў мяне ўжо ведаў: я здымаўся ў ягонай карціне “Следы на воде”. Канешне, я адразу захапіўся ідэяй: у першую чаргу тым, што гэта наша беларуская карціна, наша беларуская тэма і здымацца будуць толькі беларускія акцёры. І што гэта касцюміраваная гісторыя. Спачатку планаваліся і руская, і беларуская агучкі — з апошняй, наколькі я ведаю, пакуль яшчэ не атрымалася, не хапае сродкаў. І я вельмі хацеў зняцца ў гэтай ролі! Хаця нас адразу папярэдзілі, што бюджэт невялікі, таму і стаўкі будуць даволі сціплымі. Але ўсе, з кім я стасаваўся, — нават грымёры, касцюмеры — працавалі ў пэўным сэнсе дзеля ідэі, на энтузіязме.

— А вы чыталі толькі сцэнарый ці зацікавіліся і самой кнігай Людмілы Рублеўскай?

— Спачатку прачытаў сцэнарый, а потым і кнігу. Я лічу, што мне вельмі пашанцавала, бо рыхтавацца па кнізе значна прасцей — усё падрабязна прапісана, уся роля распрацавана, так бы мовіць. І мы многа размаўлялі з Людмілай Рублеўскай. Яна, дарэчы, лічыла, што я вельмі падыходжу на Пранціша, ды я і сам адчуваў, што гэта проста “маё”, бо супадаю з персанажам працэнтаў, мабыць, на 97. Можна нават сказаць, іграю сам сябе. Што мяне зачапіла — Пранціш заступаецца за людзей, змагаецца за справядлівасць, і ў мяне таксама абвостранавае пачуццё справядлівасці — нават калі ведаю, што раблю сабе горш, не магу ўстрымацца і “іду ў бой”. Тым не менш, я многа рыхтаваўся: напрыклад, чытаў кнігу, рабіў сабе пазнакі, і тэлефанаваў Людміле з пытаннямі. І з Іванам Трусам, які іграў Баўтрамея Лёдніка, мы падоўгу разбіралі нашы сцэны — увогуле добра папрацавалі разам, былі проста на адной хвалі, хаця раней не ведалі адзін аднаго.

— Я бачу, што вы вельмі адказна падышлі да справы, з душой.

— Так, я паставіўся вельмі сур’ёзна. Па-першае, гэта ж мая першая галоўная роля ў поўнаметражным фільме. Па-другое, мне цікава так рыхтавацца. Як казаў у Акадэміі наш майстар Сяргей Мікалаевіч Тарасюк, калі мы доўга-доўга і дэталёва працавалі над дыпломным спектаклем: “Цаніце гэты час, таму што больш нідзе, як у Акадэміі, вы не зможаце столькі працаваць над роллю — ні ў тэатры, ні тым больш у кіно!” А я ў прынцыпе калі што раблю, то раблю гэта дбайна і педантычна. І я шчыра быў захоплены працэсам, настолькі, што не мог прыпыніцца, і проста ўвесь час думаў пра свайго персанажа.

Чаму не пішуць такія сцэнарыі?

/i/content/pi/cult/789/16986/03.JPG— А ці даведаліся вы нешта новае для сябе падчас працы над фільмам з пункту гледжання гісторыі? Я думаю, для многіх гледачоў увогуле будзе адкрыццём, што ў нашай гісторыі было месца для падобных сюжэтаў, што былі ў нас такія людзі, такія героі.

— Справа ў тым, што адным з маіх самых любімых прадметаў у школе была гісторыя — я вельмі ўдзячны свайму настаўніку Уладзіміру Міхайлавічу Філіповічу. Канешне, я многага не ведаў, але калі размаўляў з Людмілай Рублеўскай, у памяці нешта ўсплывала, і я па меншай меры разумеў, пра што гаворка. Я ж і кажу — што мяне найбольш зачапіла ў сцэнарыі і ў фільме: наш беларускі сюжэт. Мы столькі бачылі гістарычных фільмаў пра Расію, пра Амерыку, Англію ці Францыю, а ў нас саміх столькі цікавага! І калі б нам даць такія бюджэты, як у тым жа Галівудзе ці хаця б у Расіі, мы маглі б зняць многа захапляльнага кіно па нашых беларускіх гістарычных сюжэтах. Насамрэч, я патрыёт, і яшчэ падчас вучобы ў Акадэміі неаднойчы задаваўся гэтым пытаннем — чаму не здымаюць, чаму не пішуць такія сцэнарыі?

— Ці бачылі вы ўжо фільм цалкам? Што можаце сказаць пра яго?

— Я пакуль бачыў толькі папярэдні мантаж, без агучкі і іншых тэхнічных момантаў. І пераканаўся, што гэта ўжо няблага. Я разумею, што ёсць нейкія нюансы, якія можна было б дапрацаваць пры наяўнасці сродкаў і часу, але мы зрабілі ўсё, што маглі. У фільме падабраліся выдатныя акцёры, выдатныя мастакі, касцюмеры, дэкаратары — усе-усе. Гэта ні ў якім разе не сумная карціна: канешне, там ёсць і каханне, але ёсць і захапляльная гісторыя, містыка, рэальныя гістарычныя персанажы кшталту Радзівіла. Вельмі падрабязна расказваць не буду, каб не спойлерыць, — лепей паглядзець самім, рэкамендую шчыра. Не абяцаю, што пасля кіно гледачы выйдуць нейкімі агаломшанымі ці ў іх зменіцца светапогляд. Але я, калі б нават і не меў дачынення да гэтага фільма, як просты глядач абавязкова схадзіў бы — хаця б таму, што раней нічога падобнага ў нас не здымалася, і гэта пра нашу беларускую гісторыю. Вось як, напрыклад, я вельмі чакаю фільма “Купала” — сам там не здымаўся, але мне вельмі-вельмі цікава.

— Як думаеце, ці прачнецеся нараніцу знакамітым, ці пачнуць вас пазнаваць на вуліцах?

— Я не настройваю сябе на гэта, ды й не думаю, што пасля “Авантур” мяне адразу пачнуць запрашаць у вялікае кіно. Ці пазнаваць на вуліцах — хаця б таму, што ў жыцці я трохі адрозніваюся ад сваіх кінароляў. Але я па меншай меры ведаю, што і рыхтаваўся, і працаваў з усіх сіл, і мне не будзе сорамна за маю працу, а гэта галоўнае.

Дзякуй маме

— А вы заўсёды марылі стаць акцёрам, як вы прыйшлі ў гэтую прафесію?

— Мне яшчэ ў школе ўсе казалі, што я прыроджаны артыст. Але ж я чамусьці лічыў, што на акцёраў у Беларусі не вучаць і трэба ехаць, напрыклад, у Маскву, а гэта было б даволі складана. І тут бабуля кажа, што ў яе ёсць добры знаёмы — акцёр і педагог Фама Сільвестравіч Варанецкі, давай да яго з’ездзім. Аказваецца, і ў Мінску вучаць! Да экзаменаў засталося пару месяцаў, і на падрыхтоўку было зусім няшмат часу — але я нечакана паступіў. Паступіў, дарэчы, з вельмі добрымі баламі, і ўсё ж трапіў толькі на платнае аддзяленне. Таму вырашыў ісці ў які іншы інстытут, бо не хацеў, каб мама за мяне плаціла — у нас не тая была сітуацыя. А вучыцца і працаваць недзе па начах — то што гэта за вучоба? Аднак мама мела іншае меркаванне (смех). Яна ў мяне такая рашучая: “Не, ты пойдзеш вучыцца туды, куды хочаш!” Пагаварыла з дзядзькам, і два першых курсы яны мне дапамагалі фінансава, а з трэцяга я ўжо сам плаціў, бо пачаў здымацца. Мама ў мяне ўвогуле малайчына — і прыгажуня сапраўдная, у нас з ёй вельмі добрыя адносіны, яна мяне заўсёды падтрымлівае.

— Для вас праца над фільмам скончылася і тым, што вы сталі жаніхом — не ў кіно, а ў жыцці. Што гэта за гісторыя?

— У самы апошні здымачны дзень я зрабіў прапанову рукі і сэрца сваёй каханай. Дзяўчынкі ж любяць, каб усё было прыгожа і рамантычна, — і вось на “Авантурах Пранціша Вырвіча”, у цікавым антуражы і ў гістарычных касцюмах так і атрымалася. Каця таксама актрыса, але ў гэтым фільме не здымалася. Я склаў хітры план, дамовіўся з калегамі і завабіў яе на пляцоўку, касцюмеры дапамаглі прыдумаць гісторыю, чаму трэба апрануць прыгожую старадаўнюю сукенку… І сюрпрыз насамрэч атрымаўся. Вяселле сыграем, думаю, летам.

Фота Ганны Баразны