Алфавіт паводле УНОВИСа

№ 9 (1448) 29.02.2020 - 07.03.2020 г

“Няма мяжы дасканаласці” — гэтае выслоўе часта паўтараў паэт Алесь Пісьмянкоў, калі ў якасці рэдактара “ЛіМа” даводзіў да ладу чужыя тэксты альбо аддаваў іх аўтару на дапрацоўку. Гэтыя словы я згадваю, калі бачу рэч нібыта і не кепскую, але якую відавочна можна палепшыць. Вось мне, прыкладам, даспадобы тое, што зроблена ў Віцебску дзеля вяртання з нябыту імёнаў дзеячаў УНОВИСа і дзеля асэнсавання самой гэтай з’явы ў кантэксце стагоддзя, але пабачыўшы нерэалізаваныя задумы віцебскага дызайнера Аляксандра Вышкі па пераўтварэнні прылеглай да Музея гісторыі Віцебскай народнай мастацкай вучэльні тэрыторыі ў авангардысцкі мемарыял і адначасова прастору творчага сумоўя, падумаў: сапраўды, нават да шэдэўра часам штосьці можна дадаць…

/i/content/pi/cult/787/16985/018.JPGПра Аляксандра Вышку наша газета згадвала, калі распавядала пра ягоную выставу “Восьмы цуд свету”, што з поспехам прайшла ў сталіцы. У горадзе над Дзвіной ён асоба вядомая, бо як дызайнер мае дачыненне бадай да ўсіх мастацкіх праектаў, якія спрыяюць умацаванню іміджу Віцебска як культурнай сталіцы краіны. Маючы пэўнае ўяўленне пра творчасць Аляксандра, адразу бачыш ягоную руку ў візуальнай аздобе віцебскіх фэстаў і ў пабудове музейных экспазіцый. Музей гісторыі Віцебскай народнай мастацкай вучэльні таксама зроблены паводле ягонага праекта.

Да гісторыі Віцебскага авангарда Аляксандр Вышка спрычыніўся яшчэ калі рабіў дэкарацыі для фільма Аляксандра Міты “Шагал — Малевіч”. Гэта былі дакладныя копіі работ мэтраў авангарда. Пасля таго, як скончыліся здымкі фільма, тыя, хто паводле службовага абавязку мусіў бы парупіцца пра захаванасць гэтых каштоўных матэрыяльных аб’ектаў, якія ў Віцебску можна было б скарыстаць яшчэ не аднойчы, на жаль руплівасці і разумення сітуацыі не праявілі… Мне Аляксандр распавядаў, што быў вельмі засмучаны той акалічнасцю, што выкананыя з любоўю і натхненнем рэчы аказаліся пасля здымак на сметніку.

Не бывае так, каб пры рэалізацыі задумы жыццё не ўносіла ў яе сваіх карэктываў. Канфлікты паміж праекціроўшчыкамі і выканаўцамі — справа звычайная. Але музей, па словах Аляксандра, у выніку атрымаўся амаль цалкам адпавядаючым аўтарскай задуме. Іншая рэч — навакольная прастора. Была цікавая ідэя аздобіць дамы з аднаго боку вуліцы Марка Шагала, на якой стаіць музей, копіямі работ славутага земляка, а з другога — каб былі роспісы паводле Малевіча. І каб на лініі музея Шагал і Малевіч сустракаліся. Было б гэткае вобразнае ўвасабленне Адзінства і Барацьбы супрацьлегласцяў, зыходзячы з дыяметральна-розных творчых канцэпцый Малевіча і Шагала. Ды і Другі закон дыялектыкі тут пасуе — Адмаўленне адмаўлення, паводле якога кожная сістэма спараджае сілы, што непазбежна ўступаюць у канфлікт з ёй. Менавіта Шагал, рамантык на рэалістычнай глебе, запрасіў у Віцебск Малевіча, аналітыка ад касмагоніі. А той перацягнуў да сябе ўсіх Шагалавых вучняў. Таму што неабсяжны космас, які можна толькі ўявіць у думках, аказаўся для моладзі больш прывабным, чым прастора, якую можна ахапіць вокам. Праз гэту акалічнасць, уласна кажучы, і ўтварыўся іх канфлікт, і намалявалася сітуацыя “двух мядзведзяў у адной бярлозе” .

Кампазіцыі Казіміра Малевіча на сцены дамоў трапілі, хоць і не тыя, што хацеў Аляксандр Вышка, а з Шагалам атрымаўся аблом. На тое, каб упрыгожыць горад манументальнымі рэпрадукцыямі ягоных твораў, трэба было атрымаць дазвол спадчыннікаў, якія валодаюць аўтарскімі правамі. Мяркую, што на той момант у стваральнікаў музея былі больш пільныя клопаты. Такім чынам Шагал у вулічным кантэксце зараз прысутнічае не выявамі, а тэкстамі.

/i/content/pi/cult/787/16985/019.JPGНепасрэдна за музеем Аляксандр Вышка хацеў бы бачыць зону адпачынку і роздуму, арганізаваную формамі, падобнымі на Малевічавы архітэктоны. Тут наведвальнікі музея маглі б у спакойнай абстаноўцы паразважаць пра толькі што пабачанае, пра падзеі рэвалюцыйнай і пострэвалюцыйнай даўніны. Можа дойдуць рукі і да гэтага…

/i/content/pi/cult/787/16985/021.JPGВуліца Марка Шагала ўзнікла праз наданне імя мастака адрэзку вуліцы “Праўды”, паміж вуліцамі Леніна і Калініна. Аляксандр лічыць мэтазгодным рэшту “Праўды” перайменаваць у вуліцу Лазара Лісіцкага, бо гэта таксама знакавая асоба ў мастацтве авангарда. А зялёную прастору паблізу зрабіць скверам Казіміра Малевіча. Вуліца Малевіча ў горадзе ёсць, але яна на ўскраіне і выглядае вельмі несамавіта. Тэму закаханых Марка Шагала і Бэлы, якіх усведамленне шчасця ўзняло над зямлёй, Аляксандр Вышка хацеў увасобіць у аздобе новага будынка ЗАГСа, што зараз будуецца ў раёне, дзе была школа Пэна, у якой Марк атрымаў пачатковыя веды па мастацтве.

Гэта коратка пра тое, чаго Віцебску Шагала і Малевіча не стае. На думку майго аднакурсніка Аляксандра Вышкі. Як па мне, прапановы цалкам слушныя, а значыць ёсць спадзяванне, што віцебская культурніцкая грамада паставіцца да іх станоўча. Тым больш, што рэалізацыі іх, як падаецца, не патрабуе вялікіх матэрыяльных укладанняў.

Як гавораць, сказаўшы “А”, трэба гаварыць “Б”. Прыгожая літара “А” — гэта Музей гісторыі Віцебскай народнай мастацкай вучэльні, віцебскі і агульнанацыянальны брэнд. Чакаем працягу па ўсім авангардысцкім алфавіце.

На фотаздымках з архіва Аляксандра Вышкі — праца над дэкарацыямі фільма “Шагал — Малевіч” і кадр з гэтага фільма; інтэр’еры Музея гісторыі Віцебскай народнай мастацкай вучэльні, а таксама праектныя прапановы па аздобе вуліцы Марка Шагала.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"