“МоцАрт” для невідушчых, альбо Што такое аўдыядэскрыпцыя?

№ 9 (1448) 29.02.2020 - 07.03.2020 г

З лаўрэатам сёлетняй прэміі “Чалавек безбар’ернага асяроддзя”, заснаванай Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур і Мінскай абласной арганізацыі БелТІЗ пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Аляксандрам КАЛОШАМ “К” пагаварыла пра агучку фільмаў для невідушчых, супрацоўніцтва з “Беларусьфільмам”, спонсарскую дапамогу ды шмат пра што яшчэ.

/i/content/pi/cult/787/16984/015.JPG— Спадар Аляксандр, для пачатку, мабыць, варта расказаць, для чаго быў створаны “МоцАрт”? Якія задачы перад ім стаяць сёння?

— Гісторыя сацыяльна-культурнай установы “МоцАрт” пачынаецца, можна сказаць, з ужо далёкага 2005 года, калі я запісаў і выдаў аўдыякнігу “Беларускія народныя казкі”. Казкі прачытаў тады яшчэ толькі заслужаны артыст Беларусі Віктар Манаеў, а дызайн вокладкі зрабіў Уладзімір Цэслер. Дыск гэты і да сёння папулярны, яго трэкі “гуляюць” па Сеціве. Потым я стварыў кампанію “БелТонМедыя”, яе мэтай стала выданне беларускіх аўдыякніг. Я лічыў, што гэта вельмі важна для папулярызацыі нашай літаратуры, мовы — асабліва сярод моладзі. Разам з Андрэем Калядой мы запісалі амаль усяго Уладзіміра Караткевіча, былі выдадзены ў гукавым фармаце творы Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Гарэцкага, Янкі Маўра, Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна ды іншыя.

— Менавіта тады вы і зацікавіліся працай з невідушчымі людзьмі?

— Так, бо, канечне, было шмат станоўчых водгукаў, добрых слоў ад слухачоў нашых аўдыякніг, але найбольш краналі словы людзей невідушчых. Таму што мы адкрывалі такім людзям акно ў свет роднай літаратуры. А значыць, дапамагалі ім адчуць сябе паўнавартаснымі людзьмі, беларусамі, грамадзянамі сваёй краіны. Тады і нарадзілася ідэя стварыць установу, што будзе дапамагаць людзям з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі жыць “не хлебам адзіным”… Так што “МоцАрт” быў створаны не толькі дзеля папулярызацыі беларускай культуры, але і дзеля далучэння да яе людзей з інваліднасцю. Мы лічым гэта найважнейшай задачай у справе інклюзіі, рэабілітацыі такіх людзей.

— Што, на вашу думку, удалося зрабіць з найбольш значнага за два гады дзейнасці “МоцАрта”?

— Даволі шмат. Так, мы ўпершыню ў Беларусі запісалі і выдалі супольна з “Народнай асветай” хрэстаматыі па гісторыі Беларусі ў спецыяльным аўдыяфармаце DAISY. Гэты фармат дазваляе невідушчым хутка знаходзіць у запісе патрэбныя фрагменты, фразы, нават словы, што вельмі важна для вучэбнай літаратуры. Таксама цікавым быў праект па запісе аўдыякніг “Гісторыя ў гуку” — сумесна з Гродзенскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай. Акрамя таго, “МоцАрт” браў удзел і ў запісе Свяшчэннага пісання ў перакладзе Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Але, па-ранейшаму, актуальнай задачай застаецца выданне беларускіх аўдыякніг. Плануем у хуткім часе пачаць маштабны праект па вырашэнні гэтай задачы.

/i/content/pi/cult/787/16984/016.JPG— Наколькі я ведаю, вы плённа працуеце і з музеямі Беларусі...

— Так, бо яшчэ адзін кірунак нашай працы — адаптацыя для невідушчых твораў мастацтва, кінематографа, тэатра. Скажам, мы зрабілі аўдыядэскрыпцыю (лаканічнае гукавое апісанне — Ю.Ч.) да 25 карцін Нацыянальнага мастацкага музея, будынка і пакояў Дома-музея Марка Шагала ў Віцебску. Упершыню ў Беларусі невідушчыя гледачы з дапамогай нашага каментатара праз навушнікі, седзячы ў зале разам са звычайнымі гледачамі, “убачылі” спектакль Купалаўскага тэатра “Школа падаткаплацельшчыкаў”.

Лічым таксама важнай справу выдання кніг шрыфтам Брайля, але не “па-старадаўняму”, а па сучасных тэхналогіях, на аснове цікавых ідэй. Зрабілі ўнікальную кнігу пра нашу святую Еўфрасінню Полацкую, аналагаў гэтага выдання няма: яно надрукавана шрыфтам Брайля і змяшчае каляровую тактыльную ікону з яе апісаннем, што дазваляе чытачу з глыбокім парушэннем зроку “ўбачыць” ікону рукамі. У сакавіку ўсе беларускія школы для невідушчых дзетак атрымаюць яшчэ адну нашу кнігу — казку Алены Масла “Мяне завуць Лахнэска”, надрукаваную таксама шрыфтам Брайля, з тактыльным малюнкам, а яшчэ і з дыскам з запісам казкі ў выкананні Віктара Манаева. Кніга, дарэчы, выйшла праз збор грошай на нашым сайце пры дапамозе неабыякавых людзей.

— А ўвогуле, наколькі рэгіянальныя ўстановы культуры Беларусі — музеі, бібліятэкі, Дамы культуры — гатовы сёння працаваць з невідушчымі людзьмі?

— Усе гатовыя працаваць і з невідушчымі, і з “МоцАртам”. Наперадзе тут, канечне, бібліятэкі. Але праблемы дзве: адсутнасць грошай і адсутнасць навыкаў працы з людзьмі з інваліднасцю па зроку. У абсалютнай большасці ўстаноў культуры няма элементаў даступнага асяроддзя для невідушчых (тактыльных сцежак, шыльдаў з надпісамі па Брайлю ды падобнае). А работнікі, напрыклад, музеяў далёка не заўсёды валодаюць методыкай вербальнага апісання візуальнай інфармацыі (аўдыядэскрыпцыяй).

— Ведаю, што плённа працуе “МоцАрт” і з Беларусьфільмам. Як паўстала гэтае супрацоўніцтва?

— Два гады таму ў мяне нарадзілася ідэя праекта “Бязмежнае кіно” — зрабіць аўдыядэскрыпцыю да лепшых беларускіх мастацкіх фільмаў. Калі прыйшоў у “Беларусьфільм”, то мяне адразу падтрымалі. Далі згоду на некамерцыйнае выкарыстанне іх фільмаў з аўдыядэскрыпцыяй. “МоцАрт” знайшоў спонсараў, і пакрысе мы пачалі адаптаваць для невідушчых беларускую кінакласіку. Ужо адаптавалі 8 фільмаў, у тым ліку: “У жніўні 44-га”, “Белыя росы”, “Прыгоды Бураціна”, “Дзікае паляванне караля Стаха”. А нядаўна мы заключылі з “Беларусьфільмам” дамову пра тое, што фільмы, адаптаваныя “МоцАртам”, будуць размешчаны на афіцыйным сайце кінастудыі, у спецыяльным раздзеле. Гэтага даўно чакалі нашы невідушчыя. Дзякуй вялікі кіраўніку “Беларусьфільма” Уладзіміру Карачэўскаму!

— Але як увогуле адбываецца працэс агучвання фільмаў? Ці простая гэта работа? Ці варта запрашаць для гэтага прафесіяналаў (кшталту Уладзіміра Лісоўскага, які таксама атрымаў сёлетнюю прэмію “Чалавек безбар’ернага асяроддзя”), ці можна абысціся сіламі студэнтаў ці валанцёраў?

— Стварэнне аўдыядэскрыпцыі (ці тыфлакаментароў) да фільма — працэс няпросты і даволі працаёмкі. Усе, хто працуе ў нас у гэтым праекце, прайшлі навучанне ў Польшчы (там ужо вялікі вопыт падобнай працы), маюць адпаведныя сертыфікаты. Аўдыядэскрыпцыя ствараецца па адпаведных стандартах, спецыяльнай методыцы. Спачатку некалькі разоў праглядаецца фільм, затым пішацца тэкст аўдыядэскрыпцыі, рэдагуецца, тэсціруецца невідушчым, карэктуецца. Потым тэкст запісваецца ў студыі дыктарам (па тайм-кодзе, тэкст павінен гучаць строга паміж словамі персанажаў), гук апрацоўваецца, зводзіцца з відэа. Звычайна, над фільмам працуе каманда з чатырох — пяці чалавек. Вялікая адказнасць ляжыць і на акцёры, што чытае тэкст аўдыядэскрыпцыі. Ён павінен дакладна “ўпісацца” паміж дыялогамі персанажаў, прачытаць тэкст стрымана, але не як робат, і дакладна.

— Наколькі я разумею, праца складаная...

— Так. Можна сказаць, што праца па адаптацыі для невідушчых фільмаў — творчая, хаця і ў межах строгіх правіл. Напрыклад, мы не маем права трактаваць эмоцыі, дзеянні герояў. Ярка, але дакладна, сцісла і нейтральна апісваць падзеі, а не ацэньваць іх і гэтак далей. Даводзіцца часта вырашаць шмат задач. Скажам, называць імя героя ці яго назавуць іншыя персанажы? А калі не, то як яго называць, тым больш, што ў фільме падобных яму шмат? Цікавая праца!

Дарэчы, хачу пахваліцца: нашы работы ва Усходняй Еўропе лічацца лепшымі. За межамі Беларусі нас лічаць класнымі спецыялістамі і запрашаюць мяне ў тую ж Польшчу ўжо ў якасці эксперта. Прыемна.

— Якія праблемы стаяць цяпер перад арганізацыяй? Ці дапамагаюць вам спонсары, мецэнаты, ці ладзіце вы краўндфандынгавыя акцыі?

— Безумоўна, усе нашы праекты маюць важнае значэнне ў справе інклюзіі, рэабілітацыі. Але мяне за ўвесь час існавання “МоцАрта” не пакідае думка аб тым, што такіх добрых спраў павінна быць нашмат болей. У іх велізарная патрэба! Але нам вельмі ж няпроста рабіць іх.

Мы не камерцыйная арганізацыя, у нас няма прыбытку. Я не атрымліваю заробак як дырэктар “МоцАрта”, зарабляю на жыццё ў іншым месцы і вельмі часта са сваіх грошай аплачваю выдаткі “МоцАрта”. Мы спрабуем зарабляць грошы самі: запісваем на заказ аўдыякнігі, некалькі разоў па замове рабілі аўдыядэскрыпцыю для прадстаўніцтва ААН у Беларусі, для расійскіх фільмаў. Але гэта дазваляе толькі выплачваць заробак бухгалтару, падаткі, арэнду. На праекты не хапае.

— Магчыма, справа тут у слабой развітасці мецэнацтва, спонсарства на Беларусі? За мяжой з гэтым, як вядома, значна лепш.

— Гэта сапраўды так. Напрыклад, адзін мой добры знаёмы вывучаў праблемы інклюзіі ў ЗША. На адной з сустрэч у знакамітай на ўвесь свет кампаніі адзін з яе топ-менеджараў з гонарам паказаў асадку, якой ён падпісваў дакументы, сказаўшы, што яе зрабілі людзі з інваліднасцю. Іх кампанія закупіла шмат такіх асадак для супрацоўнікаў, каб падтрымаць людзей, якім нялёгка ў жыцці. Бо гэта медыйна, крута, прэстыжна...

У нас, на жаль, пакуль не так. “МоцАрт” можа вельмі якасна рабіць пераклады і агучваць на беларускай ці рускай мове фільмы (прычым, у гэтай справе задзейнічаны людзі з інваліднасцю — высокапрафесійныя перакладчыкі, відэа- і гукарэжысеры). Звярнуліся да аднаго вядомага мабільнага аператара з прапановай рабіць для іх праекта такую працу. Атрымалі адказ, што, маўляў, у нас дабрачыннасць даўно размеркаваная. А мы ж прасілі не грошай, а выконваць працу… Увогуле, самае цяжкае для мяне ў “МоцАрце” было і застаецца — прасіць фінансавай дапамогі. Мае замежныя калегі не вераць, што нам цяжка знайсці спонсараў на нашы ўнікальныя праекты. Але гэта так. Тым не менш і ў Беларусі ёсць бізнесоўцы, якія нам дапамагаюць. Мы ім за гэта вельмі ўдзячныя.

— Што плануеце зрабіць у перспектыве? На ўручэнні прэміі вы казалі мне пра агучку фільма “Купала”...

— Так, абавязкова хочам прадоўжыць праект “Бязмежнае кіно” і найперш зрабіць аўдыядэскрыпцыю да фільма “Купала”. Спадзяёмся, што для гэтага праекта знойдзецца спонсар. Другі напрамак працы — выданне беларускай гукавой літаратуры. Гэта вельмі важная задача. Думаю, што здзівім яшчэ некалькімі ўнікальнымі праектамі для невідушчых дзетак. Але пра іх пакуль гаварыць не буду. Няхай Бог дасць сілы і… грошы!

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"