Палітра Замасточча: з “Забабонамі” і днямі беларускай мовы

№ 9 (1448) 29.02.2020 - 07.03.2020 г

Чатыры масты атачаюць дадзены аграгарадок: праз Слоўст — прыток ракі Волма, каля вёсак Апчак і Заямачнае, і ў Смалявіцкім раёне. Упершыню ж, як вёска, Замасточча згадваецца ў дакументах XVII стагоддзя. Якія культурныя насенні ў той час сеялі ў гэтым населеным пункце тагачасныя яго ўладальнікі — невядома, я ж паспрабаваў даведацца, што ў ім адбываецца цяпер.

/i/content/pi/cult/787/16983/014.JPGПошукі і знаходкі

Апынуўшыся толькі ў фае Замасточскага цэнтра вольнага часу, імгненна разумееш, што культурнае жыццё ў ім кіпіць. Адразу тры выставы малюнкаў сустрэлі мяне ва ўстанове: арт-вернісаж юнай мастачкі Валерыі Цімаховіч і дзве тэматычныя — “Героям Айчыны прысвячаецца” і “Мой тата — самы лепшы”. Каля сцяны знаходзілася ўсякае прыбранае з дзіцячых цацак і слова love, складзенае з велізарных літар, — Дзень святога Валянціна ў ЗЦВЧ працягваўся…

А працоўны дзень яго мастацкага кіраўніка Ганны Прушаноўскай пачаўся з гутаркі з аглядальнікам “К”.

— Работнікам культуры знойдзецца, для каго прымяніць свае навыкі ў аграгарадку, бо ён налічвае каля трох тысяч чалавек, — уводзіць яна мяне ў курс дэмаграфічнай сітуацыі. — Тут вялікая цяплічная гаспадарка, саўгас “Мінскі”, недалёка індустрыяльны парк Вялікі камень, значыць рабочыя рукі патрэбныя. Таму і хаты будаваліся, і інфраструктура наладжана. Дарэчы, у будынку, у якім размешчаны Цэнтр, ёсць кніжніца (праўда, бібліятэкар зараз на бальнічным), спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву.

Карэнная жыхарка Замасточча прыйшла ў культуру з сацыяльных педагогаў. Васямнаццаць гадоў Ганна Мікалаеўна адпрацавала ў мясцовай школе. Цяжкія падлеткі, неўладкаваныя сем’і, словам, аднойчы назапашаная стомленасць прымусіла перакваліфікавацца ў практычнага псіхолага. Не, зносіны з дзецьмі і падлеткамі ёй не надакучылі, проста надыйшоў момант для змены фармату такіх кантактаў. Калісьці спадарыня Прушаноўская ўжо спрабавала сябе на пасадзе мастацкага кіраўніка Цэнтра вольнага часу, праводзіла тут дыскатэкі, падзарабляла харэографам — цягнула яе да дзейнасці творчай (была і спроба паступлення ў тады яшчэ Беларускі інстытут культуры), а два гады таму яна перайшла сюды на пастаянную працу — на паўстаўкі.

— Між іншым, я спявала ў нашым народным ансамблі народнай песні “Каханачка” — мяне ў яго ў шасцігадовым узросце тата прывёў, — распавядае мастацкі кіраўнік. — А сёлета калектыў адзначыць трыццаць пяць гадоў, як ён так стаў называцца. Усяго ва ўстанове дзейнічаюць васямнаццаць фарміраванняў (трынаццаць дзіцячых) — платных і бясплатных — вакальных і эстраднага спеваў, харэаграфічных і танцавальных, выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, аздараўленчая група “Здароўе”. Іх наведваюць 153 чалавекі (132 — дзеці і падлеткі).

— Ці не замала дарослых сярод гурткоўцаў? — пытаюся я.

— Працаздольнае насельніцтва аграгарадка перш за ўсё занятае на вытворчасцях, пасля людзі займаюцца сямейнымі справамі, ну і ў каго сапраўды ёсць патрэба ў занятках творчых, выкройваюць час і да нас прыйсці. Але я бачу тэндэнцыю, што, напрыклад, новыя пасяленцы ўсё больш ужываюцца ў культурнае асяроддзе Замасточча — і ў якасці яе спажыўцоў, і як стваральнікі.

У аб’яднанні-візітоўкі акрамя “Каханачкі” Ганна Мікалаеўна заносіць народны вакальна-харэаграфічны ансамбль “Фольк-шоу “Забабоны”, узорную студыю выяўленчага мастацтва “Палитра”, гурток па саломапляценні “Саламяныя дзівосы”, які вядзе вядомы і ў краіне, і за мяжой народны майстар Рэспублікі Беларусь Ала Аўсяннікава. Вырабы яе вучняў можна ўбачыць у музеі Цэнтра, дзе таксама прадстаўлены работы з гурткоў ДПМ і “Палитра”. Калектывы, што пяюць ды танцуюць, дораць сваё мастацтва не толькі жыхарам Замасточча, а і бліжэйшым пяці вёскам, што ўваходзяць у “сферу ўплыву” ЗЦВЧ. Натуральна, такія фарміравання прымаюць удзел у конкурсах рознага ўзроўню. Міні-мерапрыемствы, шараговыя, у самой установе праходзяць мінімум раз у два тыдні. На платныя канцэрты кошт білета складае пяць рублёў (у актавай зале на 500 месцаў), за тры — пяць рублёў можна натанцавацца на дзіцячай, падлеткавай або дарослай дыскатэках (у студзені дзве апошнія прынеслі даход у 1102 рубля; згодна з планам платных паслуг на 2020-ты год ўстанова павінна зарабіць 19000 рублёў — на 1000 больш, чым у мінулым). Заязджаюць сюды і гастралёры: так, сяброўскія адносіны ўсталяваліся з мінскім мужчынскім вакальным ансамблем “Кантабіле”, “на ўра” праходзілі выступы шоу “Алюр” і артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору РБ імя Цітовіча. Але такія візіты рэдкія. Чаму?

— А жыхары Замасточча лічаць, што артысты Цэнтра вольнага часу спяваюць і танчаць не горш раскручаных зорак! — цвёрда заяўляе мая субяседніца.

Апытанні сярод вяскоўцаў паказваюць і тое, што ў аграгарадку засумавалі па вялікім кіно. І ва ўстанове задумаліся над тым, каб аднавіць паказы фільмаў: вядзецца пошук арганізацыі, якая магла б прадастаўляць ліцэнзійныя карціны для іх дэманстрацыі ў Цэнтры раз у месяц — па адной для дарослай і дзіцячай аўдыторый. А ў пакоі вольнага часу для дзяцей і сёння праводзяць сеансы — тэматычныя: па прафілактыцы надзвычайных сітуацый, сацыяльныя... Шукае ЗЦВЧ і акампаніятара. Аднак прапанаваны заробак пакуль не вабіць прэтэндэнтаў на вакансію.

— Існуюць і іншыя праблемы, — дзеліцца візаві. — Хоць саўгас і дапамагае нам, калі трэба нешта падрамантаваць у будынку, без рэстаўрацыі наогул не абысціся. Самі бачылі, які ў нас ганак. Актавая зала, асабліва яе сцэна з пакрыццём з драўляных дошак, патрабуе рамонту. Неабходна маштабнае абнаўленне гардэробу. Зараз і самі шыем касцюмы — з двух старых адзін як быццам новы. І бацькі гурткоўцаў могуць дапамагчы з закупкай тканіны і пашывам. З “бэушнымі” дапамагае Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр. Апаратуру хацелася б мець больш новую, але тая, што ёсць, не падводзіць.

На сумнай ноце развітвацца з Ганнай Мікалаеўнай не будзем. Распавяду пра акцыі ЗЦВЧ, з аналагамі якіх я практычна не сутыкаўся ў паездках па рэгіёнах. Падчас летніх канікул Цэнтр праводзіць раз на тыдзень дзень беларускай мовы — дзецям паказваюць айчынныя мультфільмы, ладзіцца караоке з песнямі на беларускай, чытаюцца на ёй вершы. На працягу года гурткоўцы наведваюць з флэшмобам школу, калі на перапынках арганізуюцца харавое чытанне твораў беларускіх паэтаў і масавае выкананне народных песень. У самім Цэнтры вольнага часу сістэматычна праходзяць дні беларускай мовы, і тады ўсе зносіны ў ім будуюцца выключна на ёй. І ў цэлым аграгарадок не адстае ад такіх пачынанняў, скажам, па чацвяргах у дзіцячым садку і дзеткі, і дарослыя спрабуюць размаўляць толькі на беларускай!

— І яшчэ ўпор у сваёй дзейнасці робім на працу з дзецьмі з сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, інвалідамі і пажылымі, — кажа Ганна Прушаноўская. — Напрыклад, у калядным мюзікле галоўную ролю выканаў чалавек, у якога адсутнічае кісць рукі, а Дзеда Мароза іграў чалавек без вока і з непрацоўнай левай рукой. Але мы не дзелім нашых гурткоўцаў на тых, хто расце ў сем’ях шчаслівых і няшчасных. Людзі з асаблівасцямі развіцця знаходзяцца ў Цэнтры нароўні з астатнімі. А за пажылымі часам моладзі проста не угнацца! Стараемся, каб і ўсе былі разам, і каб у кожным выяўляліся яго індывідуальнае, лепшыя якасці чалавечыя ды творчыя.

Мастак, што малюе... торт

А падзялілася сваім меркаваннем аб тым, як працякае культурнае жыццё аграгарадка, Жанна Агейчык. Яна скончыла мінскі архітэктурна-будаўнічы каледж, выкладала ў замасточскай школе, а 24 гады таму ўладкавалася на працу ў тады яшчэ ДК. Ну а колькі праз яе ўмелыя рукі прайшло выхаванцаў гуртка малявання, падлічыць Жанна Уладзіміраўна ўжо не ў стане. А сёння ў трох узроставых групах (ад сямі да пятнаццаці гадоў) студыі выяўленчага мастацтва “Палитра” Цэнтра вольнага часу запісана 50 чалавек. Сярод выпускнікоў студыі ёсць тыя, хто звязаў лёс з дызайнам, вучыліся ў архітэктурным і мастацкім каледжах. “Адна дзяўчынка стала кандытарам, дык яна распавядала, як ёй спатрэбіліся мае ўрокі малявання! — смяецца спадарыня Агейчык. — Пірожныя і торты ж трэба упрыгожваць! Іншая робіць жанчынам манікюр. І таксама з падзякай успамінае нашы заняткі”.

Каментарый Жанны АГЕЙЧЫК:

— Я, вядома, чалавек прадузяты, таму і скажу, што мне культурнае жыццё аграгарадка падабаецца. Цэнтр не дае яму “расслабіцца”, мы ўвесь час нешта цікавае прыдумляем. Праўда, дарослых у гуртках не так шмат, яны менш актыўныя, чым дзеці. А вось тыя зусім не з-пад палкі наведваюць гурткі, яны сапраўды з задавальненнем сюды прыходзяць. І іх зіхатлівыя вочы і дадаюць нам станоўчай энергіі!

Гэтай энергіі і мне дадалося, калі я на пару хвілін уліўся ў таўкатню малых са студыі выяўленчага мастацтва. Але некаторыя з іх, не звяртаючы ўвагі на гвалт, засяроджана малявалі на лістах паперы нешта сур’ёзнае, бо тэмай урока выбралі пагрозу наркаманіі. Вельмі мне хацелася паглядзець, што ў выніку атрымалася б, але трэба было вяртацца ў Мінск…

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"