Мы — разам і пад “Ветразем”

№ 9 (1448) 29.02.2020 - 07.03.2020 г

Патэлефанавалі бібліятэкары з Бешанковічаў. Папярэдзілі, што дашлюць навіну пра клуб “Ветразь” і вельмі шчырыя сяброўскія зносіны. Хто ж ад такога адмовіцца?! А сутнасць ліста вось у чым. У Бешанковіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы дзейнічае клуб стасункаў “Ветразь”. Такім чынам установа наладзіла шчыльны творчы кантакт з аддзяленнем дзённага знаходжання для інвалідаў раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Летуценны “Ветразь” паяднаў неабыякавых чытачоў. У супрацоўнікаў аддзела абслугоўвання і інфармацыі бібліятэкі задачы наступныя: далучэнне людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі да чытання, забеспячэнне інфармацыйнай падтрымкі, развіццё творчых здольнасцяў, арганізацыя адпачынку.

/i/content/pi/cult/787/16982/012.JPGДэвіз “Ветразя” — “Мы — разам”. Першая сустрэча прысвячалася навагоднім чарадзействам. Другая прайшла ў лютым, і гаворка на ёй ішла пра дабрыню не як абавязак, а як натуральную праяву любой паўнавартаснай асобы. Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Бешанковіцкай бібліятэкі Надзея Куц распавяла, што пасяджэнні клуба будуць адбывацца кожную трэцюю сераду месяца. Натуральна, што ўсе мерапрыемствы скіраваны на сацыяльную адаптацыю наведвальнікаў дзённага аддзялення тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання. Усё правільна, спантанная праява дабрыні на сёння — вялікая рэдкасць. А безахвярна добрых людзей варта ў музеях паказваць і ўсяляк дбаць пра павелічэнне іх папуляцыі. Словам, пагаворым сёння пра дабрыню і сяброўства.

Пра яшчэ адны ветразі паведамляе намеснік дырэктара Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Печкур: “У Мінску ладзіўся ІІ міжнародны творчы конкурс “Ветразі мары”, заснавальнікам якога з’яўляецца прадзюсарскі цэнтр народных артыстаў Беларусі Ядвігі і Аляксандра Ціхановічаў. Па выніках конкурсу юныя ашмянцы атрымалі 11 дыпломаў”.

Дабрыня і сяброўства… Гэтыя два паняцці яднаюць беларускі народ (усе мы паміж сабой суседзі, сваякі ды родзічы). А ў нацыю яго гуртуе матчына мова. Навіны пра святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы працягваюць паступаць у рэдакцыю. Згадаем іх сціслы змест.

Супрацоўнікі Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра пішуць, што чытачы Азерскай, Свіслацкай, Раціцкай, Путрышкаўскай, Квасоўскай, Адэльскай сельскіх бібліятэк, Скідзельскай гарадской, работнікі клубных устаноў прынялі ўдзел у акцыі “Родная мова — чытаем разам”. Гучалі вершы і ўрыўкі з прозы пісьменнікаў-юбіляраў гэтага года: Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Караткевіча, Ларысы Геніюш, Уладзіміра Дубоўкі, Пятра Глебкі. Ухвальна, што да акцыі падключыліся чытачы мабільнай бібліятэкі з аддаленых вёсак Гродзенскага раёна Каменная Русота, Прывалкі. А пасяджэнні аматарскіх аб’яднанняў, прымеркаваныя да Дня мовы, прайшлі ў Сапоцкінскай гарпасялковай, Луцкаўлянскай, Парэцкай, Капцеўскай, Гожскай, Верцялішкаўскай сельскіх бібліятэках.

/i/content/pi/cult/787/16982/013.JPGУ Лідскім палацы культуры на Міжнародны дзень роднай мовы прэзентавалася музычна-паэтычная праграма “Жывы выток зямлі беларускай”.

Дзень роднай мовы адзначаны і ў Карэліцкай раённай бібліятэцы.

Вельмі не хочацца, каб усе гэтыя акцыі заставаліся разавымі. Няўжо быць беларусам па-ранейшаму не модна?! Тое ж тычыцца і моды на дабрыню.

Пра шэраг мерапрыемстваў да Дня абаронцаў Айчыны прыйшлі лісты з Ашмяншчыны, Смаргоншчыны, Дзятлаўшчыны.

Дабрыня яднае народы і нацыі, краіны і паселішчы. Менавіта так узнікла сяброўства паміж італьянскім горадам Гуазіла і нашай Валожыншчынай. Наш часты аўтар — Ганаровы консул Рэспублікі Беларусь у горадзе Кальяры (Консульская акруга, Аўтаномны рэгіён Сардзінія — Італія) Джузэпе Карбоні паведаміў, што дэлегацыя агратурыстычнага кластэра “Валожынскія гасцінцы” пабывала з візітам на Сардзініі. Такім чынам была працягнута рэалізацыя праграмы Еўрапейскага саюза MOST у супрацоўніцтве з кіраўніцтвам Камуны Гуазіла (гарадок за 40 кіламетраў ад Кальяры). Абодва бакі паўдзельнічалі ў семінары “Культурная, эканамічная і турыстычная захаванасць сельскай мясцовасці”. Камуна Гуазіла імкнецца займацца традыцыйнымі для дадзенай мясцовасці сельгасработамі. Кааператыў “Валожынскія гасцінцы” прасоўвае падобныя праекты дзеля росту лакальнай эканомікі, да прыкладу: адраджэнне традыцыйнага мёдаварэння. У сваю чаргу сардзінскі бок наведае Валожыншчыну ў жніўні, калі ў Ракаве будзе ладзіцца “Ракаўскі фэст”, прымеркаваны да 555-годдзя мястэчка. Словам, абмен досведам працягваецца, сяброўства спараджае ўсё новыя сумесныя праекты.

З цэнтра культуры Дзятлава паведамляюць. Дзесяцігадовы юбілей адзначыў ансамбль народнай песні “Суседачкі” Данілавіцкага Дома культуры. Шанаванне гэтай даты сумясцілі з 80-годдзем узнікнення Дзятлаўскага раёна. Стварыла гурт Аляксандра Карповіч. Яна — былы медык, доўгі час была старастай вёскі Круцілавічы, пра дабрыню жанчыны распавядаць можна шмат. Песенная творчасць для Аляксандры Кузьмінічны — вітаміны бадзёрасці і добрага настрою. А “Суседачкі” — з адной вёскі, аб’ядноўвае іх сяброўства і любоў да малой радзімы. І любоў гэтую яны нясуць літаральна ў кожнай песні. А выступаюць пявунні не толькі ў Круцілавічах, але і па ўсім раёне. Разам з кабетамі і душа спявае!

Хто можа быць дабрэйшым за родную бабулю. А асабіста памятаю толькі пах іх рук. Пахлі яны малаком і хлебам. Для шчасця і гэтага дастаткова, ну хіба што яшчэ і высокага неба над галавой.

Любча ля Навагрудка знакамітая не толькі замкам, але і народным драматычным калектывам “Тэатрал” пры Любчанскім ГДК. У складзе калектыву, піша дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Кавальская, — спрэс жанчыны ўзростам да 60 гадоў. Такі склад — гэта падвоеная сіла дабрыні. Спектаклі “Тэатрала” карыстаюцца попытам як сярод дарослых, так і сярод дзяцей. Гаючая сіла мастацтва не дае кабетам старэць душой.

Самы час згадаць XV рэспубліканскі фестываль народнай творчасці ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны”. Метадыст аддзела мастацкай творчасці Бабруйскага палаца культуры Вольга Амяльчук распавядае: “У намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва наш горад на адборачным туры прадставіла студыя габеленнай вышыўкі “Надзея”. Сярод устаноў культуры гэта адзіная студыя, дзе займаюцца людзі сталага веку. Летась “Надзеі” споўнілася 15 гадоў. А кіруе ёй мастак і дызайнер Ала Кірылава”.

З вялікай любоўю напісала пра клубныя ўстановы свайго раёна дырэктар Смаргонскага РЦК Галіна Крацянок. У Кушлянскім сельскім клубе канцэртная праграма “Мы аб родным краі песні спяваем” прысвячалася 75-годдзю вызвалення нашай краіны ад фашысцкіх захопнікаў. Сольскі ДК прапанаваў канцэрт беларускай песні — народнай і аўтарскай. Фальклорны гурт “Кропелькі” выканаў песню пра Смаргонскія бараначкі. Тэкст пра мясцовы брэнд напісала Ірына Гаева, а музыку да яго — Васіль Карпец. У сельскім клубе вёскі Лешчаняты канцэртная праграма называлася “Куточак, сэрцу дарагі…” А Валэйкавіцкі СК у чарговы раз вызначыўся выступленнем свайго вядучага фальклорнага гурта “Валэйчанка”. Калектыву ўжо больш за сорак гадоў.

Двухдзённы семінар-практыкум “Тэндэнцыі развіцця беларускага народнага касцюма” прайшоў у Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы. Пра гэта паведаміла вядучы рэдактар установы Крысціна Башарымава. Прафесійным майстэрствам дзяліліся майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці з рэгіёнаў вобласці.

Традыцыйныя навіны адным радком. Работнікі аўтабібліятэкі Гродзенскага раёна аддзячылі сельскіх чытачоў за акцыю “Дзень дарэння кніг”.

У Мастоўскай райбібліятэцы прайшла прэзентацыя віртуальнай вандроўкі “Турыстычнымі сцежкамі Мастоўшчыны”.

Данілавіцкі ДК (Дзятлаўскі раён) прапанаваў выставу старадаўніх прылад хатняга побыту.

Аддзел абслугоўвання і інфармацыі Ашмянскай раённай бібліятэкі правёў для васьмікласнікаў экалагічны вечар.

Бярэзінская райбібліятэка знакамітая прафілактычнымі акцыямі “Пасябруй з законам”.

Вялікім канцэртам адзначыў сваё 80-годдзе Свіслацкі раён.

У аграгарадку Ханевічы, таксама Свіслаччына, прайшоў кірмаш, падчас якога “рэалізоўваліся” веды па асновах бяспекі жыццядзейнасці.

У працяг тэмы спецыяліст Савецкага раённага аддзела надзвычайных сітуацый Мінска Таццяна Бычанок распавядае пра сталічны конкурс “Выратавальнікі вачыма дзяцей”. Лепшыя работы вучняў ад першага да выпускнога класаў экспанаваліся ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі.

Беражыце сябе! Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"