Музей візуальных вобразаў...

№ 38 (856) 20.09.2008 - 26.09.2008 г

11 верасня, пасля чатырохгадовай рэстаўрацыі, Мемарыяльны музей-майстэрня народнага мастака СССР і БССР Заіра Азгура зноў адчыніў свае дзверы для аматараў скульптуры.

Калі глядзіш на акуратныя залы, хараство і веліч твораў мастака, складана ўявіць, якую маштабную працу правялі супрацоўнікі музея, каб гледачы маглі ўбачыць гэтую ўстанову менавіта такой.

“Перад намі стаяла некалькі складаных задач, — гаворыць загадчык музея-майстэрні Аксана Багданава. — Па-першае, неабходна было выканаць дэмантаж стэлажоў. Зрабіць гэта вельмі складана, таму што адначасова выстаўляецца больш за 300 скульптур, а вага некаторых дасягае 500 кг! Другая, самая адказная, частка працы — рэстаўрацыя і таніроўка твораў. І гэтую працу мы даверылі такім прафесіяналам, як скульптары В.Копач і У.Піпін, жывапісцы В.Сумараў і Д.Сумарава-Копач. І, нарэшце, трэба было вярнуць апрацаваныя творы на месцы. На чатыры гады рамонт і рэстаўрацыя будынка, рэканструкцыя і стварэнне экспазіцыі сталі асноўным заняткам і галоўным абавязкам для адзінаццаці супрацоўнікаў музея. Тым не менш, мы ніколі не справіліся б без тых людзей, якія не адмовілі ў дапамозе. А такіх было сапраўды шмат, пачынаючы з ваеннай камендатуры і заканчваючы выкладчыкамі вышэйшых навучальных устаноў”.

Асаблівае значэнне адкрыццё майстэрні мае не толькі для музейных супрацоўнікаў, але і для мастакоў. У студэнтаў, навучэнцаў мастацкіх школ і вучылішчаў зноў з’явілася магчымасць вучыцца на прыкладах твораў выдатнага майстра.

“Тыя чатыры гады, калі музей быў зачынены для наведвальнікаў, мы адчувалі нястачу ў візуальных вобразах, — кажа загадчык кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімір Слабодчыкаў. — Яны дапамагаюць студэнтам лепш зразумець скульптуру і прызначэнне чалавека, тое, што з кавалка гліны можа зрабіць шэдэўр. Гэты музей — сапраўдная скульптурная Мека”.

Удава скульптара Галіна Гаўрылаўна падарыла музею жывапісны партрэт Заіра Азгура, які быў напісаны з натуры ў пачатку 60-х гадоў рускім мастаком Гаўрылам Гарэлавым, яе бацькам.


Алена ШАХНОВІЧ 
Фота аўтара