“Вайна і мір” Коласавага дома

№ 9 (1448) 29.02.2020 - 07.03.2020 г

21 лютага ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбылася першая выстава праекта “Вайна і мір. Беларусь памятае”, прымеркаванага да 75-годдзя Перамогі. Як пісала “К” у мінулым нумары, Міністэрства інфармацыі і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь распачынаюць гэты маштабны культурна-гістарычны праект сумесна з калекцыянерам, лаўрэатам прэміі “За духоўнае адраджэнне” Уладзімірам Ліхадзедавым. У рамках праекта будзе зладжаны шэраг выставачных экспазіцый, якія распавядуць аб удзеле беларускага народа ў войнах з 1812 па 1945 год, а таксама аб гісторыі мірных міжваенных гадоў і сучаснасці.

/i/content/pi/cult/787/16978/04.JPGРэалізацыя праекта распачалася выставай, прысвечанай падзеям вайны 1812 года. Дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Аляксандр Храмы звярнуў увагу, што выстава нездарма адкрылася ў Дзень роднай мовы, а таксама напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. На ўваходзе ў музей наведвальнікаў сустракалі прадстаўнікі клубаў гістарычнай рэканструкцыі ва ўніформе ўдзельнікаў вайны 1812 года. Тут можна было пабачыць салдат і 18-га палка ўланаў князя Дамініка Радзівіла, што змагаўся на баку Напалеона, і Мінскага пяхотнага Літоўскага палка, які ваяваў на баку Рускай імператарскай арміі. Як адзначыў Аляксандр Храмы, такое становішча, калі беларусы не мелі ўласнай арміі і ваявалі ў войсках розных дзяржаў, працягвалася амаль дзве сотні гадоў, і гэта яшчэ раз нагадвае аб трагічным гістарычным лёсе нашай зямлі да атрымання незалежнасці.

Тры вайны ў жыцці і творчасці класіка

/i/content/pi/cult/787/16978/05.JPGНевыпадкова і тое, што выстава, прысвечаная падзеям 1812 года, адкрываецца ў Доме-музеі класіка беларускай літаратуры. Для Якуба Коласа тэма войн у гісторыі Беларусі не была чужая — асабіста перажыўшы трагедыю Першай і Другой сусветных войн, ён на ўласным досведзе спазнаў усе жудасці гэтых часін.

Пісьменнік таксама быў удзельнікам камісій, якія ў пасляваенныя гады займаліся пытаннямі паставак па ленд-лізе і лёсамі нямецкіх ваеннапалонных. Натхняючыся творамі Адама Міцкевіча, Аляксандра Пушкіна, Міхаіла Лермантава і Льва Талстога, Якуб Колас здолеў асэнсаваць наступствы ваенных падзей для Беларусі і стварыць уласныя творы, прысвечаныя часам Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай. У фондах музея захоўваецца нават даваеннае выданне рамана Льва Талстога “Вайна і мір” з паметамі і занатоўкамі беларускага класіка.

Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч таксама падкрэсліў, што Якуб Колас у гады Вялікай Айчыннай вайны страціў аднаго з сыноў і сам прайшоў пакутнымі шляхамі эвакуацыі. Міністр адзначыў, што праект “Вайна і мір. Беларусь памятае” распавядае пра ўдзел нашых продкаў у розных канфліктах і войнах, удала спалучаючы артэфакты розных стагоддзяў і паказваючы нашу краіну ў яе гістарычным развіцці. А ўнікальнасць першай выставы заключаецца яшчэ і ў тым, што яна даволі лакальная, мабільная, яе артэфакты не маюць вялікіх памераў і могуць быць прадстаўленыя на розных пляцоўках.

Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім падкрэсліў, што гістарычныя лёсы Беларусі і Украіны ў войнах ХІХ і ХХ стагоддзяў маюць шмат агульнага, таму варта асабліва шанаваць мір, які ўдаецца захоўваць сёння, а для гэтага трэба бараніць сваю мову і гісторыю.

На выставе прадстаўленыя амаль сто гравюр паводле малюнкаў удзельніка напалеонаўскага паходу, мастака-баталіста Фабера дзю Фора, выкананыя ў 1827 годзе для альбома “Кампанія Напалеона ў Расіі”, якія адлюстроўваюць шлях войск Напалеона праз беларускія землі і іх пераменлівы поспех, змены ў настроі салдат пад уплывам падзей вайны. Таксама тут можна пабачыць 20 літаграфій паводле карцін вядомага мастака-баталіста Васілія Верашчагіна, выдадзеныя ў 1912 годзе альбомам да стогадовага юбілею вайны, і каля сотні гістарычных паштовак ХІХ і пачатку ХХ стагоддзя, прысвечаныя падзеям 1812 года.

Важным складнікам экспазіцый праекта “Вайна і мір. Беларусь памятае” з’яўляецца таксама зварот да гісторыі кухні адпаведных гістарычных перыядаў. Так, на адкрыцці першай выставы праекта аўтар кнігі “Смак беларускай кухні” Алена Мікульчык прадставіла наведвальнікам такую страву часоў напалеонаўскіх войн, як салдацкі кулеш. Наогул жа з часоў паходу Напалеона праз беларускія землі ў нашай кухні захаваўся цэлы шэраг страў, пачынаючы ад простага бульбянога пюрэ да пірага-шарлоткі.

Вяртанне ваенных стратаў

Наступныя выставы ў рамках праекта “Вайна і мір. Беларусь памятае” таксама плануюцца сумесна з вядучымі музеямі і бібліятэкамі краіны. Чарговая экспазіцыя адкрыецца праз месяц у Нацыянальным гістарычным музеі і будзе прысвечаная тэме рэстытуцыі, вяртання і ратавання гісторыка-культурных каштоўнасцяў, якія былі вывезеныя з тэрыторыі Беларусі падчас войн. Многія з іх і сёння знаходзяцца за межамі краіны, але іх неабходна вяртаць у сферу нацыянальнай памяці.

Тэма гэтая складаная, але надзвычай важная і актуальная, і дзякуючы намаганням як дзяржавы, так і прыватных калекцыянераў, многія каштоўныя прадметы сёння паступаюць у фонды дзяржаўных музеяў і бібліятэк. Менавіта такія артэфакты можна будзе пабачыць на новай выставе, якая ахоплівае шырокі часавы перыяд, пачынаючы з XVI стагоддзя. Па выніках выставы ў рамках выдавецкага праекта Уладзіміра Ліхадзедава “У пошуках страчанага” з’явіцца альбом з выявамі экспанатаў.

У планах таксама стварэнне капійных выстаў у электронным выглядзе, якія дазволілі б паказаць унікальныя артэфакты далёка за межамі сталіцы, асабліва ў навучальных установах у невялікіх населеных пунктах, дзе такія выставачныя праекты выклікаюць надзвычайную зацікаўленасць у дзяцей і падлеткаў. Напярэдадні святкавання 75-годдзя Перамогі ўсе экспазіцыі праекта аб’яднаюцца ў адну маштабную выставу, якая пройдзе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і будзе змяшчаць прадметы са збораў калекцыянераў і пісьменнікаў з Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Германіі і іншых краін.

Па выніках праекта плануецца выхад яшчэ дзвюх кніг “У пошуках страчанага” — у першай з іх, пад назвай “75 год Вялікай Перамогі”, будуць прадстаўленыя гістарычныя здымкі ваенных разбурэнняў у супастаўленні з сучасным выглядам тых самых краявідаў у адбудаваных беларускіх гарадах, а таксама выпускі газеты “Раздавім фашысцкую гадзіну”, якая выходзіла ў гады вайны ў Маскве і рэдагавалася беларускімі літаратарамі.

Яшчэ адна кніга (а таксама прымеркаваная да яе выхаду выстава) будзе прысвечаная гісторыі блакады Ленінграда — гэтая тэма для аўтара праекта Уладзіміра Ліхадзедава вельмі важная і асабістая, бо яго бабуля загінула падчас тых трагічных падзей. Такім чынам, праект “Вайна і мір. Беларусь памятае” рэалізуецца ў цэлым шэрагу форм — як выставачнай, так і выдавецкай, і электроннай, што яшчэ раз падкрэслівае маштабнасць гэтага пачынання і яго адпаведнасць велічнай даце 75-годдзя Перамогі.