Сакрэты радзівілаўскіх саркафагаў

№ 9 (1448) 29.02.2020 - 07.03.2020 г

Крыпта нясвіжскага касцёла — месца велічнае і вусцішнае адначасова. Якімі толькі легендамі ды пагалоскамі яно не авеянае! Урэшце, справа дайшла і да сур’ёзных навуковых даследванняў. Цягам рэалізацыі літоўска-беларускага праекта ў 2017 годзе спецыялісты вывучалі пахаванні прадстаўнікоў знакамітага роду. Галоўнай мэтай работ стала ідэнтыфікацыя парэшткаў, фіксацыя і аналіз іх стану. У той самы час, навукоўцы здолелі дадаць да партрэтаў вядомых усім асобаў пэўныя адметныя рысы.

/i/content/pi/cult/787/16976/01.JPGПамер таліі…

Партрэт Міхала Казіміра Рыбанькі аматарам гісторыі добра вядомы. Цяпер жа спецыялісты змаглі пераканацца, што мастак, мяркуючы па ўсім, адлюстраваў яго постаць дакладна. У саркафагу, дзе, як сведчыць памятная шыльда, пахаваны менавіта гэты прадстаўнік роду Радзівілаў, былі выяўленыя парэшткі мужчыны, які старэйшы за 50 гадоў (Рыбанька памёр амаль у 60) і меў рост 163 сантыметры, а аб’ём таліі — 116). Адпаведна, хударлявым яго сапраўды не назавеш — як і вынікае з партрэта.

Нябожчык быў апрануты ў льняную кашулю і кунтуш або іншую вопратку з сіняй воўны, на якой вышытая зорка ордэна Белага Арла з дэвізам Pro fide, lege et rege (За веру, караля і закон). Ля правага боку выяўленыя фрагменты шаблі і драўляных похваў, абцягнутых чорнай скурай. Добра захавалася касцяная рукаяць у форме “галавы арла”. А вось сам клінок распаўся на некалькі частак. Наяўнасць халоднай зброі лішні раз засвечыла, што ў саркафагу спачыў менавіта Рыбанька — які, нягледзячы на свой даволі міралюбны характар, займаў пасаду вялікага гетмана літоўскага.

Непадалёк пахаваная і жонка Рыбанькі — знакамітая сваёй літаратурнай творчасцю Францішка Уршуля. Яе парэшткі спачываюць у саркафагу, які ўпрыгожаны адразу двума гербамі — Радзівілаў і Вішнявецкіх (менавіта з гэтага роду паходзіла пісьменніца). Пры ўскрыцці выявілася, што яна моцна пакутвала ад артрыту каленных суставаў. Зрэшты, “радзівілазнаўцы” і раней ведалі, што пані Уршуля скардзілася на боль у нагах. Дарэчы, у саркафагу ўдалося знайсці яе пантофлі са шклянымі ўстаўкамі.

Пра набожнасць Радзівілаў сведчаць выяўленыя ў саркафагах скапулярыі з рэліквіямі святых, зробленыя з кавалкаў ткані і змацаваныя стужкай такім чынам, што адзін знаходзіцца на грудзі, а другі — на спіне. Гэтак, у скапулярыі брата Рыбанькі Мікалая Хрыстафора Радзівіла зашыты невялічкі кавалак дрэва. Да таго ж, у пахаванні Францішкі Уршулі знойдзеныя фрагменты рамяня, на якім па-польску выціснутыя словы з Евангелля: “Прыйдзіце да Мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя, і я супакою вас” (Мц. 11,28).

…і хворыя зубы

/i/content/pi/cult/787/16976/02.JPGДаволі цікавым аказалася пахаванне Караля Станіслава Пане Каханку — аднаго з самых экстравагантных і, разам з тым, папулярных прадстаўнікоў знакамітага роду. Яго імя яшчэ пры жыццці стала сінонімам магнацкай магутнасці і сваволі. Князь памёр у іншым радзівілаўскім котлішчы — цяперашняй Бялай Падляскай у лістападзе 1790 года. Праз шэраг прычын, годныя хаўтуры яму зладзіць не атрымалася, і доўгі час ягонае цела знаходзілася ў нясвіжскай Слуцкай браме, пасля чаго без усялякіх урачыстых цырымоній было перанесенае ў фамільную спачывальню.

Спецыялісты, якія даследвалі крыпту ў 1953 годзе, апублікавалі тады ў часопісе “Нёман” артыкул пад загалоўкам “Нясвіжскія муміі”. Вось што там гаворыцца аб пахаванні Пане Каханку: “У новым, перавязаным дротам саркафагу-футарале мы знайшлі вельмі лёгкую труну, пакрытую лакам. У ёй пад пластом шэрага пылу ляжала мумія, апранутая ў добра захаваны ярка-чырвоны кунтуш з тонкага шоўку без падшэўкі, з карункавым слуцкім поясам, з блакітнай муаравай ордэнскай стужкай цераз плячо, з рэшткамі высокіх ботаў, але без нагавіцаў... На галаве мы знайшлі некалькі ўрыўкаў тонкай ружовай і белай шаўковай тканіны.

Мы не знайшлі ў кнігах якога-колвечы паведамленьня пра тое, у чым хавалі Пане Каханку. Таму належыць выказаць здагадку, што нябожчык быў апрануты ў скураную, быць можа сабаліную шапачку і ў ваўняныя штаны. (І тут пабывала бязлітасная моль, супраць якой тады яшчэ не было нафталіну). Затое ядвабныя тканіны выдатна захаваліся. Колер, трываласць, а гэтаксама адносная чысціня шоўка засталіся нязменнымі”.

Нядаўнія даследванні засведчылі, што муміфікацыя абмежавалася адно змазваннем цела нябожчыка бальзамамі: надрэзаў на целе выяўлена не было. Антраполагі выявілі ў Пане Каханку няўнасць цэлага шэрагу хваробаў (зубоў, суставаў…), якія цалкам маглі быць выкліканыя няправільным харчаваннем. Што адно пацвярджае рэпутацыю гэтага Радзівіла як аматара бясконцых шляхецкіх бяседаў за шчодра накрытым сталом. Да ўсяго, цяпер мы ведаем рост легендарнай асобы — 175 сантыметраў. На той час ён лічыўся даволі высокім. Скажам, ягоны бацька Міхал Казімір Рыбанька меў усяго 163 сантыметры росту, а маці Францішка Уршуля — і наогул 155.

Што да слуцкага пояса, які бачылі ў 1953 годзе… У саркафагу быў выяўлены адно невялікі яго фрагмент (29х45 см). Моцна скамечаны, ён знаходзіўся пад правым плячом, побач з шаўковай падушкай, набітай травамі. У чым прычына такога перамяшчэння і калі яно адбылося, сказаць цяжка. Захавалася цэнтральная частка шаўковага пояса, на якой срэбнай ніткай вытканы ўзор у выглядзе папярочных палос з кветкавым арнаментам і “залатых” палёў. Але з улікам таго, што ў Беларусі налічваецца ўсяго паўтара дзясяткі паясоў падобнага тыпу і іх фрагментаў, гісторыка-культурную каштоўнасць знаходкі цяжка пераацаніць.

Ідэнтыфікацыя праз ордэн

Цела брата Рыбанькі Гераніма Фларыяна Радзівіла (1715 — 1760) было забальзамаванае і да нашых дзён вельмі добра захавалася — як і моднае адзенне XVIII стагоддзя, у якое ён апрануты: доўгая льняная кашуля са шматлікімі фальбонамі, карункавым каўняром і манжэтамі, пальчаткі з тонкай светлай скуры, ядвабныя панчохі, упрыгожаныя арнаментам, туфлі з парчой на абцасе. Нябожчык ляжыць на падушцы з дарагой парчы, упрыгожанай раслінным арнаментам і набітай конскім воласам. Вядома, што пасля смерці з цела былі вынятыя ўнутраныя органы (навукоўцы выявілі два разрэзы), а сэрца князя доўгі час захоўвалася ў слуцкім касцёле — дзе яго бачыў у 1882 годзе пісьменнік і гісторык Аляксандр Ельскі. Пазней яно было перанесенае ў Нясвіж і цяпер захоўваецца ў канопе побач з саркафагам князя. Акрамя таго, увагу антраполагаў прыцягнулі дзве асаблівасці: практычна ідэальныя здаровыя зубы (рэдкасць для таго часу) і поўная адсутнасць слядоў валасоў на галаве.

Але далёка не ўсіх спачылых удалося ідэнтыфікаваць гэтак хутка. Скажам, у адной з трунаў былі выяўленыя парэшткі высокага (177 см) мужчыны ва ўзросце каля трыццаці гадоў, які ляжыць на матрацы, набітым драўлянымі трэскамі, і шаўковай падушцы. Адзенне амаль стлела, але яго фрагментаў было дастаткова, каб навукоўцы вызначылі, што час пахавання - гэта канец XVIII стагоддзя. Акрамя таго, дастаткова добра ацалела і захавалася вышытая на вопратцы металічнай ніткай зорка баварскага ордэна Святога Губерта.

Супаставіўшы ўсе гэтыя дадзеныя, даследчыкі прыйшлі да высновы, што спачылым, хутчэй за ўсё, з’яўляецца Геранім Вінцэнт Радзівіл (1759 — 1786) — адзіны сын Міхала Казіміра Рыбанькі ад яго другой жонкі Ганны Луізы Мяцельскай. Навукоўцам вядома, што ён быў узнагароджаны ордэнам Святога Губерта. Ды і ўзрост супадаў.

Геранім Вінцэнт не вылучаўся палітычным або ваенным талентам. Ён быў блізкім саратнікам свайго старэйшага зводнага брата Караля Станіслава. Відаць, ранняя смерць куды маладзейшага за яго крэўнага моцна засмуціла Пане Каханку. У кожным разе, ён зладзіў шыкоўныя хаўтуры, якія сталі апошняй маштабнай цырымоніяй такога кшталту ў Нясвіжы.

Разам з Геранімам Вінцэнтам тады былі перапахаваныя ягоны сын Мікалай, які памёр у дзяцінстве, і маці Ганна Луіза. Як распавядалі відавочцы, толькі на ўпрыгожванне касцёла спатрэбілася каля 2000 локцяў (1300 метраў) аксаміту. Ля трунаў стаяў ганаровы каравул з рарытэтнай зброяй, якую ў апошні раз вынялі з княжай скарбніцы для ўсеагульнага агляду. Праводзячы гасцей, якіх багата з’ехалася на хаўтуры, Караль Станіслаў Радзівіл нібыта прамовіў: “Я пахаваў таго, хто павінен быў хаваць мяне, а мяне не пахавае ніхто”. Гэтыя словы аказаліся прароцкімі: самаго Караля Станіслава праз чатыры гады хавалі не настолькі пышна.

Найбольш значныя прадметы, выяўленыя ў саркафагах, было вырашана пакінуць у фондах музея-запаведніка “Нясвіж”. Гэта дае магчымасць як захаваць каштоўныя артэфакты, так і зрабіць іх даступнымі для вывучэння спецыялістамі. У той час, як далейшае знаходжанне прадметаў у крыпце магло б прывесці да іх непазбежнага знішчэння.

І ўжо неўзабаве шаблю Рыбанькі, слуцкі пояс Пане Каханку — дарэчы, адрэстаўраваныя спецыялістамі Цэнтра рэстаўрацыі імя П. Гудзінаса Мастацкага музея Літвы — і многія іншыя рарытэты здолеюць убачыць наведвальнікі Нясвіжа. Дзякуючы фінансаванню Еўрапейскага Саюза ў рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія — Літва — Беларусь на 2014 — 2020 гады, у цяперашні момант завяршаецца стварэнне асобнай экспазіцыі ў прытворы замкавай капліцы, дзе будуць прадстаўлены знаходкі з радзівілаўскай крыпты. Адкрыццё намечана ўжо на пачатак сёлетняга турыстычнага сезона. Сума фінансавання ЕС па праекту “Захаванне і адаптацыя спадчыны Радзівілаў дзеля турызму ў Кедайняе і Нясвіжы па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія — Літва — Беларусь на 2014 — 2020 гады” для беларускага боку складае 63 тысячы еўра.

Дадамо яшчэ, што дзякуючы ўдзелу ў гэтым праекце беларускі бок атрымаў надзвычай каштоўны досвед работ па даследаванні пахаванняў і маўзалеяў, а таксама па правядзенні першаснай ачысткі, рэстаўрацыі і кансервацыі матэрыяльных каштоўнасцяў.

Андрэй БЛІНЕЦ, старшы навуковы
супрацоўнік Нясвіжскага нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка