У эфіры — гаваркая кніга…

№ 10 (1449) 07.03.2020 - 14.03.2020 г

Першы кніжны фэст прайшоў на Свіслаччыне
Летам 2016-га неяк выпадкова трапіў на Свіслаччыну. І вельмі здзівіўся, калі даведаўся, што тут рыхтуюцца да раённага кніжнага фестывалю. Нічога падобнага раней не бачыў. А дзея абяцала быць маштабнай ды значымай: выставы, тэатралізацыі, спектаклі паводле беларускіх твораў, прысутнасць знакамітых літаратараў і сталічных выдавецтваў. Так і атрымалася. Таму цалкам натуральным падалося тое, што праз год раённы фэст набыў статус абласнога. Летась бібліятэкары Свіслацкага раёна ладзілі другі па ліку абласны фестываль “Кніга і час”. Прайшоў пэўны час. Закарцела даведацца, а што новага прыдумалі на Свіслаччыне “кніжкіны гаспадары”. Вось так гэты артыкул і атрымаўся. Дзякуй дырэктару Свіслацкай раённай бібліятэкі Святлане Піваварчык за тое, што ўсяляк падтрымала і дапамагла.

/i/content/pi/cult/788/16972/017.JPGАўтобус і сквер любяць чытаць

Праект, пра які хочацца распавесці, нарадзіўся з двух папярэдніх. Нагадаю іх сутнасць. У раённай бібліятэцы прыдумалі пакатаць чытачоў па горадзе на аўтобусе. А каб не сумна было, у салоне загучалі вершы і проза. Рэкламна-асветніцкая акцыя нарабіла шмат шуму ў райцэнтры і стала называцца “Аўтобус, які чытае”. Не менш рэзанансным стала мерапрыемства “Кніжны сквер”. Тут ужо дзіцячая бібліятэка пастаралася. Гарадскі сквер пераўтварыўся ў чытальную залу, дзе хрэстаматыйную цішу замянілі дыханне спякотнага лета, сонейка і птушыны вакаліз. Даўно гэта было. Падобныя праекты сталі звыклымі і ледзь не традыцыйнымі ў іншых раёнах іншых абласцей. Але тое, пра што пойдзе гаворка далей, застаецца пакуль эксклюзівам.

Акцыя ажыццяўляецца сёлета ва ўсіх бібліятэках раёна: дзіцячай, раённай, гарпасялковай і ў дзевяці сельскіх. Называецца праект “Гаваркая кніга: чытаюць дзеці”. Сутнасць яго наступная: школьнікі Свіслаччыны дэкламуюць упадабаныя вершы ці празаічны ўрывак. Здавалася б, што тут надзвычайнага? Падаецца, шараговы вынік бібліятэчнага клопату. Аднак, не. Праект мае лагічны, але абсалютна нетрадыцыйны працяг. Лепшыя чытальнікі становяцца дыктарамі, якія выступаюць ужо не сярод кніжных паліц, а ў эфіры раённага радыё. Як вам такі ход? Асабіста мне падабаецца вельмі. Самае галоўнае, што папулярызуюцца літаратурныя творы, большасць з іх — на роднай мове. Па-другое, рэкламуюцца бібліятэкі, якія здолелі дэлегаваць лепшых чытачоў-школьнікаў на выкананне высакароднай асветніцкай місіі. І яшчэ адзін немалаважны нюанс. Уся гэтая “гаваркая” акцыя вельмі падабаецца самім школьнікам.

Не магу не назваць лепшых з лепшых. Дзевяцікласніца Даша Шкодзіч з Хоневіцкай бібліятэкі-цэнтра краязнаўства чытала верш Рыгора Барадуліна “Трэба дома бываць часцей”. Выпускніца Свіслацкай сярэдняй школы № 3 Саша Журавель выконвала вершаваны твор мясцовай паэткі Алены Балейка “Па-над Свіслаччу сонца ўздымаецца”. А верш Анатоля Грачанікава “Два каты” вельмі пранікнёна прадэкламаваў вучань другога класа Поразаўскай школы і актыўны чытач Поразаўскай бібліятэкі Данік Нясцерык. Вось такія дэкламатары, чытачы і радыёдыктары.

Хто прыдумаў праект? Святлана Піваварчык кажа: “Мы!” А я дадам, што такімі рэалізаванымі ідэямі можна ганарыцца.

“Кніжынка” — гэта што?

/i/content/pi/cult/788/16972/018.JPGГэта лялечны тэатр кнігі Свіслацкай дзіцячай бібліятэкі. Такія тэатральныя ўтварэнні — не рэдкасць у структурах бібліятэчных аб’яднанняў. Аднак “Кніжынка”, як лічыць яе стваральніца бібліятэкар Іна Янушкевіч, — з’ява асаблівая. “Кніжынка”, — кажа яна, — самы лепшы лялечны тэатр у краіне, бо ён наш!” Аргумент настолькі сур’ёзны, што з ім і не паспрачаешся. Адно неаспрэчна: толькі так і трэба змагацца за сваё.

Чаму менавіта “Кніжынка”? Тэатр быў створаны ў снежным студзені 2006-га. Таму ў назве разам з “кнігай” чуецца і “сняжынка”. А ўсё разам — гэта дзяўчынка, што паспела стаць брэндам дзіцячай бібліятэкі. Мастак Людміла Шварак намалявала жыццярадаснае дзяўчо на бібліятэчнай сцяне. На фоне гэтай вясёлай выявы тэатралы прызвычаіліся рабіць калектыўныя фотаздымкі.

У тэатр можна запісацца з чацвёртага класа. У трупе, як правіла, дзеці трымаюцца да школьнага выпускнога. “Абавязкова хаджу на гэтыя мерапрыемствы, — кажа Іна Віктараўна, — каб аддзячыць удзельнікаў “Кніжынкі”. Цяпер у тэатры — 16 дзяцей, гэта ўжо трэці набор. Кожны цудоўна ведае задачу: праз ляльку данесці да гледача любоў да кнігі. Лялькі і дэкарацыі робяцца супольна, але рэй вядзе, безумоўна, прафесіянал Людміла Шварак”.

У рэпертуары — руская і беларуская літаратура. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца не толькі беларускія народныя казкі, але і літаратурныя, аўтарскія. Апошнім разам ставіліся спектаклі паводле твораў Уладзіміра Мазго, Артура Вольскага. Сёлета парадавалі юных чытачоў рускай казкай па апавяданнях Віталія Біянкі.

Выснову тут хочацца зрабіць наступную. Дзіцячы тэатр — не проста забаўка. Многія бацькі на сёння нават і не падумаюць са мной спрачацца, што надаюць сваім дзеткам вельмі мала часу, не заўжды размову падтрымліваюць, не ацэньваюць дзіцячыя спробы ў маляванні, танцы, спевах, урэшце — не гуляюць разам у тэатр. (Асабіста я добра ведаю адзін мінскі двор па галоўным праспекце, дзе і па сёння, як і шмат гадоў таму, выносяцца крэслы, шырма — і пачынаецца дзея, дзе акцёрамі з’яўляюцца — дзеці ды іх бацькі.) Між тым, тэатр вучыць школьнікаў вымаўляць, уяўляць, думаць, пераконваць, любіць родную літаратуру і мову. Калі ў вашай бібліятэцы няма тэатра, яго варта неадкладна прыдумаць і стварыць.

Сямейны чытацкі падрад

Тэатр тэатрам, але асноўнае выхаванне павінна адбывацца ў сям’і. Бібліятэка яе не заменіць, але грунт для развіцця творчай асобы падрыхтуе абавязкова. Галіна Грушэўская гэта цудоўна разумее. У вёсцы Нязбудзічы яна — фігура заўважная, бо кіруе мясцовай бібліятэкай. Нязбудзічы хоць і аграгарадок, але маленькі. Можна сказаць, жывуць усе адзінай сям’ёй. Таму і прыдумала Галіна Уладзіміраўна праект “Сямейны кніжны выхадны”. Яна зараз сама распавядзе пра сутнасць ідэі, якая рэалізоўваецца з 2006 года:

— У чытанне трэба ўцягваць вяскоўцаў усіх узростаў. Самы аптымальны варыянт, калі рабіць гэта сем’ямі. У аб’яднанні “Сямейны кніжны выхадны” — тры сям’і. Гэта ўжо трэці склад. Дзеці вырастаюць, раз’язджаюцца. Шукаю іншых кандыдатаў-сямейнікаў. Дык вось, тры сям’і на сёння: Сіцько (сем чалавек), Данільчыкі (пяць) і Казлоўскія — чатыры разам з бабуляй. Усяго 16 чалавек атрымліваецца, з іх — дзесяць дзяцей…

Збіраюцца ўсе раз у месяц, іншым разам часцей. Што робяць? Па-першае, абмяркоўваюць прачытанае і літаратурай мяняюцца. (Такі кніжны піяр на ўсіх магчымых узроўнях — вельмі характэрная рыса для бібліятэчнай Свіслаччыны.) Па-другое, з вялікім розгаласам адзначаюць усе каляндарна-абрадавыя святы. Па-трэцяе, ладзяць мерапрыемствы для іншых чытачоў. Апошняе прысвячалася Дню роднай мовы. Грамадой займаліся разгадваннем крыжаванак, рабілі пераклады з рускай на беларускую і наадварот, чыталі беларускія вершы. Дзеці казкі абмяркоўвалі, дарослыя — нашу літаратурную класіку, а таксама — сучасныя творы.

Хто ведае больш эфектыўныя шляхі папулярызацыі і мовы, і чытання, няхай досведам падзеліцца. Як па мне, на сёння сямейны чытацкі падрад Галіны Грушэўскай — самы прыдатны шлях да чытацкага сэрца.

І гэта толькі тры эпізоды з бібліятэчнай практыкі Свіслацкага раёна. Пра астатнія — іншым разам.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"