Чыстая Зэльва

№ 10 (1449) 07.03.2020 - 14.03.2020 г

Гэты гарадскі пасёлак — яскравы прыклад таго, калі гавораць аб чысціні беларускіх населеных пунктаў. Асабіста ў мяне склалася такое меркаванне пасля знаходжання ў ім. Ужо прабачце за падрабязнасць, нават у прыбіральні тамтэйшай аўтастанцыі з санітарыяй усё было ў адносным парадку (да прыкладу, у Мінску ў аналагічныя ўстановы некаторых вакзалаў без крайняй патрэбы лепш не заходзіць, каб захаваць у душэўным спакоі ўласнае эстэтычнае “я”). І культура Зэльвы мне падалася гэтакай жа чыстай у сваіх праявах. І цікавай.

/i/content/pi/cult/788/16971/016.JPGШоу і феерыя

Святлана Сонец — больш за дваццаць гадоў у культуры Зэльвеншчыны, а ў лістападзе мінулага года яна была прызначаная дырэктарам Раённага цэнтра культуры і народнай творчасці аграгарадка.

— Як змянялася дзейнасць нашага Дома культуры, які пасля рэарганізацыі 2015-га года перайменавалі і дадалі яму новыя функцыі? — задумваецца Святлана Уладзіміраўна. — Зараз такі час, калі трэба быць вельмі абачлівымі да таго, чаго чакаюць ад устаноў культуры людзі, — калі, вядома, іх работнікаў шчыра хвалююць напоўненасць гурткоў, тое, як публіка ходзіць на канцэрты. Яна стала патрабавальней. Ёй цяпер мала таго, каб у зале проста гучалі музыка і песні, а на сцэне паказваліся звычайныя харэаграфічныя нумары. Гледачы чакаюць ад імпрэз шоу, значыць, іх запытам трэба адпавядаць. Таму ў праграмах мы зараз выкарыстоўваем фонавыя відэаролікі, светлавыя і іншыя спецэфекты.

— Больш увагі сталі надаваць працы на месцах, — далучаецца да размовы намеснік дырэктара Цэнтра Наталля Матвейчык. — Да традыцыйных формаў правядзення вольнага часу — тых жа святаў вёсак, дадаўся і шэраг іншых маштабных праектаў, такіх, як скажам, дні адпачынку, што праводзяцца два разы на месяц. У практыку ўвайшлі абмены выступамі сельскіх калектываў мастацкай самадзейнасці паміж населенымі пунктамі. Абслугоўваем мы, дарэчы кажучы, за сто такіх паселішчаў.

Вы, натуральна, не маглі не заўважыць, што адна з частак культуры — народная творчасць — вынесена ў назву ўстановы. Значыць, яна на асаблівым становішчы ў Цэнтры? Так і ёсць. У аграгарадку Дзярэчын знаходзіцца Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры, у якім для дзяцей і дарослых дзейнічаюць гурткі вязання і вышыўкі, разьбы па дрэве, саломапляцення, ганчарны, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Прычым, на вырабы можна не толькі палюбавацца ў розных музейных пакоях, але і набыць у крамах. Акумулююць ж дасягненні мясцовых умельцаў святы “Рамяство як лад жыцця”. А аўтэнтычную музычную, абрадавую творчасць рухаюць у народ дзярэчынскі народны ансамбль народнай песні “Званочкі”, зэльвенскі народны ансамбль песні і музыкі “Весялуха”, узорнае аматарскае аб’яднанне “Кашалеўская скарбонка” з аграгарадка Каралін.

Яшчэ адзін прыярытэтны напрамак у дзейнасці Цэнтра — захаванне і папулярызацыя гісторыка-культурнай спадчыны раёна. З уласнікамі тэрыторый, на якіх знаходзяцца артэфакты, устаноўлены цесныя кантакты, заключаны пэўныя абавязацельствы. Майстры Зэльвеншчыны зрабілі ўказальнікі, неўзабаве яны будуць усталяваны паблізу тых населеных пунктаў, дзе размешчаны аб’екты. “Рэкламуюць” іх, дапусцім, і арганізацыяй духоўных фэстаў — маштабных святаў, прысвечаных Дню жонак-міраносіц і іконе Божай Маці “Усецарыца”, што сумесна праводзяць служыцелі царквы Святога Міхаіла Арханёла вёскі Сынкавічы і супрацоўнікі ўстаноў культуры аграгарадка Елка. Царква гэтая, між іншым, прапанаваная ад нашай краіны на ўключэнне ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

— Адзначу і такія фармаванні Цэнтра, як народны хор ветэранаў “Успамін”, народная эстрадная студыя “Рэтра”, — кажа Святлана Уладзіміраўна. — І ўдзельнікі народнага тэатра-студыі “Пагуляначкі” з тых калектываў, якія вельмі шчыльна працуюць з насельніцтвам раёна, прапаноўваючы ім сюжэтна-гульнявыя. конкурсныя і тэатралізаваныя праграмы, прапагандуючы традыцыйныя нацыянальныя беларускія гульні. А ў дзіцячыя сады яны вывозяць анімацыйныя прадстаўленні з роставымі лялькамі. Такія ж імпрэзы даюцца і на платнай аснове — у дамах дзяцей-імяніннікаў, на выпускных вечарах у школах.

План платных паслуг дапамагае выканаць і культурна-забаўляльны цэнтр “Феерыя”, у якім летась адкрылася лічбавая кіназала. Яна месціць 56 чалавек, сеансы праходзяць чатыры разы на дзень, а дэманструюць фільмы шэсць разоў на тыдзень. Дадатковымі бонусамі наведвальнікам служаць гульнявая кансоль, аэрахакей, настольны футбол, бар, збіраюцца тут набыць і лазерны цір. Таксама “Феерыя” гатова прадаставіць свае сцены для правядзення ўрачыстых мерапрыемстваў.

— У Беларусі добра вядомы “Анненскі кірмаш”, што збірае рамеснікаў, гандляроў, артыстаў з усёй краіны, які ўжо даўно стаў брэндам рэгіёна, — паведамляе спадарыня Сонец. — У Цэнтры адведзены цэлы пакой, дзе наведвальнікі могуць азнаёміцца з гісторыяй імпрэзы. Многія ведаюць пра фестываль аўтарскай песні “Новае пакаленне”. Сёлета мы паспрабуем перанесці яго на базу адпачынку каля ракі Зэльвянка. У 2019-м упершыню ў Елке прайшло свята “Ёлка ў Елке”, калі 7 снежня менавіта з гэтага населенага пункта пачалося запальванне ёлак па ўсёй Гродзенскай вобласці. А карагод, які прайшоў тады ў аграгарадку, уключыў у сябе больш за трыста чалавек!

— У тым жа 2019-м у Дзярэчыне — радзіме роду Сапегаў — адкрыўся музейны пакой, — дадае спадарыня Матвейчык. — У той мясцовасці нарадзілася мноства людзей, якія пакінулі свой след у гісторыі Беларусі, у яе культуры, навуцы — значыць, экспазіцыя будзе пашырацца! А адным з вынікаў праведзенага ў лютым агляду-конкурсу аматарскай творчасці “Таленты Зэльвеншчыны” стала тое, што па яго выніках некалькі непрафесійных артыстаў атрымалі запрашэнні ад нашага Цэнтра на ўдзел у мерапрыемствах установы і ў працы студыі “Рэтра”. Наогул, шмат мерапрыемстваў запланавана на 2020-ты, у якім раён адзначыць сваё 80-годдзе.

Што турбуе кіраўнікоў РЦКіНТ? Як утрымаць таленавітых, працаздольных людзей ва ўстановах культуры раёна. Ёсць патрэба ў маладых кадрах на месцах. Народным калектывам неабходна абнаўленне гардэробу, але, накшталт, сродкі на яго знайшліся. Шукаюцца яны на замену назвы “Дом культуры” на фасадзе ўстановы.

Там, дзе развіваюць душу

Зэльвенская дзіцячая школа мастацтваў працуе па трох кірунках: музычны, харэаграфічны і мастацкі. У ДШМ і яе навучальных класах раёна граць на баяне, акардэоне, фартэпіяна, скрыпцы, гітары, домры, цымбалах, медных і драўляных духавых інструментах навучаецца 260 чалавек, навуку харэаграфіі спасцігае крыху больш за 100 (класічны, народны і сучасна-бытавы танцы), а маляваць — 40 (кампазіцыя, жывапіс, малюнак).

За тыя дзесяць гадоў, што ўзначальвае школу Вольга Генюш, сем вучняў музычнага аддзялення ўстановы сталі лаўрэатамі спецфонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Тыя з іх, хто ўжо выпусціліся, працягнулі навучанне ў профільных навучальных установах.

— Важна захаваць у дзецях і далей, пасля заканчэння нашай ДШМ, жаданне займацца тым, да чаго ў іх былі схільнасці, — дзеліцца дырэктар. — А бывае і такое, як адбылося з адным дзіцём, што вельмі хацела навучыцца танцаваць, але абсалютна не валодаў пачуццём рытму. І яму было крыўдна, і яго бацькам, і нам, што ў школу ён так і не паступіў. А радуе, калі ў яе на педагагічную працу вяртаюцца выпускнікі, і такіх шмат.

І ў аграгарадку Князева радасць: у ім не так даўно ў навучальным класе адкрылася яшчэ адно аддзяленне — ігры на домры. І гэта азначае, што тэндэнцыі да скарачэння такіх устаноў на месцах у раёне няма. Пры ДШМ і яе філіялах дзейнічаюць курсы па падрыхтоўцы навучэнцаў да паступлення ў ССНУ, ёсць гурткі гітарыстаў і эстэтычнай адукацыі — для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту і малодшага школьнага, — у якім выкладчыкі “вырошчваюць” сабе будучых вучняў.

За наведванне курсаў і гурткоў трэба плаціць. І стаўленне ў Вольгі Яўгенаўны да таго, што дзіцячыя школы мастацтваў разам з астатнімі ўстановамі культуры таксама павінны зарабляць грошы, не такое, як у некаторых яе калег. Абгрунтоўваючы ўласную пазіцыю “за”, яна прыводзіць наступны прыклад: не прапануй школа платныя паслугі (сярод іх яшчэ і арэнда музычных інструментаў, і заказ “віншавальных паштовак” — канцэртных праграм), людзі — маленькія і ўжо вялікія — не змаглі б рэалізаваць свае намеры.

У завяршэнні маёй гутаркі са спадарыняй Генюш мы спусціліся з ёй з вышынь творчасці і навучальных працэсаў на зямлю…

— Мэбля ў нас новая, значна абнавіўся парк інструментаў, што вельмі радуе, ведаючы іх кошт, — паведамляе Вольга Яўгенаўна. — Былі набыты два канцэртных баяна, домры, саксафоны, трубы, трамбон, ударная ўстаноўка. Засталося абнавіць канцэртныя народныя касцюмы. Нядрэнна б мець свой аўтобус — для выязных выступленняў. З ім дапамагае аўтаклуб Раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Гаворачы аб той станоўчай дынаміцы, што, на іх думку, спадарожнічае сферы культуры Зэльвенскага раёна і не толькі ёй, Святлана Сонец і Наталля Матвейчык у размове са мной неаднаразова ў самым цудоўным кантэксце згадвалі старшыню райвыканкама Зэльвы Дзяніса Альшэўскага, які заняў гэтую пасаду роўна два гады таму. Ён — сцвярджалі мае суразмоўніцы — робіць усё магчымае, каб спыніўся адток насельніцтва гарадскога пасёлка, каб Зэльва прырастала новымі жыхарамі і ў яго вярталіся тыя, хто калісьці адсюль з’ехаў на вучобу, у пошуках лепшай долі і гэтак далей. Заўважныя поспехі ўжо ёсць, запэўнівалі візаві. Ну, а калі так, застаецца сказаць толькі, што пабольш бы такіх людзей у мясцовых уладных структурах, як Дзяніс Аляксандравіч, якія і кіраваць умеюць, і за малую радзіму шчыра радзеюць.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"