Метраном партызанскай памяці

№ 38 (856) 20.09.2008 - 26.09.2008 г

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны працуе выстаўка “Памяць сэрца”, прысвечаная 95-годдзю з дня нараджэння заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Мікалая Гуціева.

 /i/content/pi/cult/175/1697/Metranom.jpg

М.Гуціеў. “Подзвіг лётчыка А.Мамкіна”.

Жыццёвыя і творчыя пазіцыі Мікалая Цімафеевіча вызначыліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ён ваяваў на фронце, спазнаўшы горыч акружэння і палону. Летам 42-га ўцёк з канцлагера пад Полацкам і стаў партызанам у Лепельскай партызанскай брыгадзе на Віцебшчыне. Быў кулямётчыкам, разведчыкам, удзельнічаў у баявых аперацыях. “Па гарачых слядах” рабіў замалёўкі алоўкам, акварэллю, тушшу.

Стварыў партрэтную галерэю баявых сяброў, серыю вострых сатырычных плакатаў-лістовак. Плакаты выразаліся на лінолеуме, тыражаваліся ў партызанскай друкарні і з дапамогай паветранага змея закідваліся ў нямецкія гарнізоны, распаўсюджваліся сярод мясцовага насельніцтва.

Творчы багаж мастака складаўся дзесяцігоддзямі. Ён выступаў у якасці графіка-станкавіста і ілюстратара кніг, сатырыка і плакатыста, плённа працаваў і ў жывапісе. Будучы майстрам шырокага дыяпазону, Гуціеў стварыў некалькі графічных цыклаў, прысвечаных мірнай працы. Але галоўнай у мастацтве Гуціева заўсёды заставалася партызанская тэма.

Экспазіцыя выстаўкі прадстаўляе тэхнічную і жанравую шматаспектнасць графікі майстра — аловак, туш, пяро, гуаш, акварэль, пэндзаль, — якая стварае яркі вобраз партызанскай зямлі, дзе калісьці грукаталі баі...

Упершыню прадстаўлены і лірычныя жывапісныя пейзажы Гуціева з, цудоўнымі куточкамі Нясвіжа і Нарачанскага краю.

Асобным блокам прадстаўлены прадметны рад — асабістыя рэчы, фатаграфіі і дакументы мастака. Усе творы з фондаў музея і сямейнага архіва дачкі Мікалая Цімафеевіча Вольгі Манько.


Наталля ФІЛІПОВІЧ,
вядучы навуковы
супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага
музея
гісторыі Вялікай Айчыннай вайны