І шоу адбылося!

№ 10 (1449) 07.03.2020 - 14.03.2020 г

У перадапошні дзень лютага Беларусь вызначылася са сваім прадстаўніком на конкурсе песні “Еўрабачанне-2020”. Фінальнае шоу нацыянальнага адбору завяршылася перамогай дуэта Val — Валерыі Грыбусавай і Уладзіслава Пашкевіча: па суме галасаванняў глядацкага і прафесійнага журы ён набраў максімальную колькасць балаў.

/i/content/pi/cult/788/16967/010.JPGЗ новым падыходам

Сёлетні адбор адзначыўся шматлікімі новаўвядзеннямі, якія засведчылі імкненне арганізатара — Белтэлерадыёкампаніі — выйсці на новы мастацкі і тэхнічны ўзровень, а таксама пазбавіць мерапрыемства рэпутацыі непразрыстага і скандальнага. Заключны гала-канцэрт з удзелам 12-ці канкурсантаў праходзіў не ў тэлестудыі, а ў прасторным павільёне “Беларусьфільма”: там атрымалася пабудаваць вялікую сцэну, запрасіць больш гледачоў для падтрымкі артыстаў, даць канкурсантам дастаткова часу для рэпетыцый, а ў выніку і зрабіць больш якаснае па тэлевізійных крытэрыях шоу. Бадай што, асаблівых падстаў скардзіцца на гук ці на “карцінку”, як гэта завецца на прафесійным слэнгу, не было.

Наступныя змены тычыліся журы — упершыню ў яго былі запрошаныя замежныя спецыялісты, прычым спецыялісты, якія маюць непасрэднае дачыненне да “Еўрабачання”: прадзюсар і журналіст Джоана Левіева-Соер — адказная за гэты песенны конкурс у Балгарыі, выканаўчы прадзюсар вяшчальнай карпарацыі Нарвегіі Стыг Карлсэн, заснавальнік і рэдактар партала Wiwibloggs Ульіям Лі Адамс з Вялікабрытаніі, прадзюсар нацыянальных адбораў Ізраіля Талі Эшкалі, і спявак Аляксандр Панаі, які двойчы ўдзельнічаў у “Еўрабачанні” ад Кіпра. Беларуская частка журы таксама асаблівых пытанняў не выклікала — на гэты раз не было функцыянераў ад культуры ці тэлебачання і паважаных, але далёкіх ад сучаснай папулярнай музыкі дзеячаў мастацтва, а былі Дзмітрый Калдун і Zena, якія ў свой час прадстаўлялі нашу краіну ў гэтым песенным конкурсе, быў аўтарытэтны ў прафесійных колах спявак Юрый Селязнёў — член журы і мінулага этапа адбору, і спявачка і кампазітар Вольга Вараб’ёва, мастацкі кіраўнік ансамбля “Камерата”.

/i/content/pi/cult/788/16967/011.JPGЯшчэ адзін крок у бок празрыстасці галасавання — кожны член журы адкрыта называў выстаўленыя ім балы, і такім чынам не засталося месца для нейкіх домыслаў і спекуляцый, што неаднойчы здаралася ў мінулым. Балы ад журы, па класічнай “еўрабачаньскай” сістэме суміраваліся з баламі ад глядацкага галасавання. Ці сапраўды ўдалося абраць найлепшага — пра гэта ніхто і ніколі не можа ведаць дакладна, але ж варта ацаніць сумленнасць адбору. Урэшце, тры-чатыры фаварыты былі тымі ж самымі і ў глядацкага журы, і ў прафесійнага, што сведчыць як пра даволі бясспрэчную перавагу гэтых канкурсантаў над астатнімі, так і пра адэкватнасць прастаўленых балаў асобнымі членамі журы. Хіба што — у глядацкім галасаванні перамог праект Chakras — да конкурсу яго рыхтаваў кампазітар і прадзюсар Макс Алейнікаў, а большасць балаў ад журы пайшло Яну Ярашу. Аднак перамог дуэт Val — і ў журы, і ў гледачоў ён быў на другім месцы: такім чынам гэта такая залатая сярэдзіна, на якой сышліся прафесіяналы і аматары.

З каго выбіралі

Відавочных фаварытаў у сёлетнім адборы не было, не было нейкіх асабліва гучных імёнаў, не было замежных гасцей, не было раскручаных ужо хітоў, не было дарагіх нумароў (а пра большасць выступленняў можна сказаць, што нумароў і проста не было). Ды й у цэлым падабраўся не самы моцны склад удзельнікаў. Больш за тое, частцы з іх, на мой погляд, і не варта было б выходзіць на сцэну гэтага гала-канцэрта — праз сур’ёзныя праблемы з вакалам і кампазіцыі без намёка на творчую думку. Справа ў тым, што апошнім часам, расчараваўшыся ў нашым нацыянальным адборы, не падаюць заяўкі на ўдзел “салідныя ігракі” — вядомыя артысты і прадзюсары, якія сур’ёзна прэтэндавалі б на паездку на конкурс і ўкладалі б грошы і ў песню, і ў нумар. Такім чынам, давялося выбіраць з таго, што ёсць.

/i/content/pi/cult/788/16967/012.JPGПа папярэдняй піар-кампаніі і сродках адзначыўся хіба што праект Chakras з песняй без слоў — для гала-канцэрта ён узмацніўся нават майстрам гарлавых спеваў і неашаманскіх практык Оленай UUTAi. Чаго не хапіла праекту для перамогі — бадай што выразнай, яскравай, небанальнай мелодыі, якая і павінна была стаць асновай кампазіцыі. Думаю, таму ў прафесійнага журы для Chakras знайшлося толькі пятае месца. А чаго не хапіла лідару ў галасаванні прафесіяналаў Яну Ярашу з яго баладай і вобразам, які моцна нагадваў леташняга пераможцу “Еўрабачання” Дункана Лоурэнса? Арыгінальнасці, эмацыйнасці і свежай мелодыі. Таму пры ўсіх на першы погляд відавочных вартасцях Яна — маладосць, знешняя хлапечая прывабнасць, цікавы тэмбр, адчуванне стылю — гледачы паставілі яго толькі на пятае месца. Годныя выступленні былі ў Анастасіі Малашкевіч і Сашы Захарык — і адна, і другая адметныя вакалісткі з добрым песенным густам, і абедзве прадставілі даволі цікавыя кампазіцыі. Чаго не хапіла?  Магчыма, толькі ўдачы і большай упэўненасці ў сабе, большай артыстычнасці. Дарэчы, калі б асабіста я вырашала лёс канкурсантаў, то зрабіла б стаўку на Анастасію Малашкевіч, салістку, між іншым, Вялікага тэатра оперы і балета — яе выступленне мне падалося найбольш пераканаўчым і перспектыўным з пункта гледжання дапрацоўкі для фіналу “Еўрабачання”, які пройдзе ў маі ў Ротэрдаме (Нідэрланды). Я і ў мінулыя гады казала, што дарэмна Анастасію Малашкевіч так недаацэньваюць — яна не першы раз спрабуе трапіць на гэты песенны фестываль. Некалькіх добрых слоў, мне падаецца, заслугоўваюць маладыя спявачкі КейСі і Анжаліка Пушнова, якія вызначыліся не так моцным вакалам, як энергіяй і экспрэсіяй, і тым, што па меншай меры не былі сумнымі, — а гэта на “Еўрабачанні” ледзь не галоўнае. Ветэраны адбораў — праекты Napoli і Aura ўсур’ез на перамогу, здаецца, і не разлічвалі. Вакалістка Napoli Вольга Шыманская, якая цяпер жыве на Кіпры, падчас прамой трансляцыі не справілася з вакалам, кампазіцыя ж Юліі Быкавай — праекта Aura — была відавочна не разлічанай на публіку “Еўрабачання” і больш нагадвала традыцыйную беларускую эстраду.

Хто едзе ў Ротэрдам

Такім чынам, пра каго ў бліжэйшыя два месяцы мы будзем адусюль чуць, чыю песню хочаш-не хочаш мы за гэты час развучым на памяць і за каго будзем перажываць у Ротэрдаме? Гэта дуэт Val. Можна сказаць, што шырокай публіцы ён пакуль не надта вядомы, бо нейкімі значнымі здзяйненнямі яшчэ не адзначыўся, але ў прафесійных колах ужо мае вельмі добрую рэпутацыю. Val — гэта вакалістка Валерыя Грыбусава і музыкант і саўндпрадзюсар Уладзіслаў Пашкевіч. Валерыі ёсць, чым пахваліцца — напрыклад 1-й прэміяй фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”. У той 2015-ы год, дарэчы, яна саступіла толькі Дзімашу Кудайбергену, які атрымаў Гран-пры: цяпер Дзімаш збірае стадыёны. Але на колькасць атрыманых на міжнародных конкурсах Гран-пры спявачка таксама не можа паскардзіцца. Val стварае сучасную і досыць стыльную музыку, і песня“Da vidna” падыходзіць пад гэтае вызначэнне. Несумненна, у яе ёсць хітовы патэнцыял, запамінальная мелодыя, і сама па сабе яна цалкам адпавядае трэндам сусветнай папулярнай музыкі. Акрамя таго радуе беларускай мовай — аўтар тэкста Мікіта Найдзёнаў даволі ўдала спалучыў этнічныя матывы з сучаснымі рытмамі. З несумненных плюсаў трэба адзначыць і добры вакал, за які па меншай меры не будзе сорамна. Але многае давядзецца ці дарабляць — калі гаворка пра аранжыроўку, якая на гэты момант нагадвае дэма-версію, ці проста рабіць з нуля — што тычыцца нумара і іміджу. За спінамі музыкаў, як я разумею, не стаяць ні прадзюсары, ні багатыя спонсары, таму рыхтаваліся самі як маглі. Ці значыць гэта, што ў нейкага іншага ўдзельніка нашага адбору былі б лепшыя шансы ў Ротэрдаме? Наурад ці. Але чаму трэба думаць менавіта пра шанцы? Мы абралі таго, каго маглі і каго хацелі, абралі цалкам годных музыкантаў, з сучаснай і дастаткова стыльнай песняй, ізноў жа — з нашай роднай мовай. За краіну сорамна быць не павінна. А выйдуць ці не выйдуць у фінал — справа ўсяго толькі выпадку і правільна праведзенай падрыхтоўкі.

Падводзячы рысу

Ужо гучалі меркаванні, што ў будучым варта адмовіцца ад публічных конкурсных спаборніцтваў і проста прызначаць прадстаўніка краіны на “Еўрабачанні”. Сапраўды, гэта пазбаўляе ад лішніх клопатаў. Але ў нашых умовах не хацелася б губляць такую рэдкую магчымасць правесці своеасаблівы агляд выканаўцаў папулярнай музыкі, не хацелася б пазбаўляць маладых творцаў шанцу выйсці на вялікія экраны і атрымаць порцыю ўвагі ад публікі — тым больш аказалася, што конкурсны адбор можна праводзіць так, каб ён не выклікаў недаверу і не спараджаў скандалы. А сам фінальны канцэрт-трансляцыю варта дапрацаваць і зрабіць яго больш цікавым і падобным на сапраўднае рэаліці-шоу — з гісторыямі і лёсамі канкурсантаў, з іх эмоцыямі і перажываннямі. Чаму так папулярны фарматы конкурсных тэлешоу — таму што там паказваюцца не столькі артысты, колькі жывыя людзі. Гэтага тэлевізійнай праграме — заключнаму этапу сёлетняга нацыянальнага адбору моцна не ставала, нават візітоўкі канкурсантаў мелі абстрактны характар і проста неапраўдана займалі час у эфіры. Але зрухі, зробленыя ў правільным накірунку — у бок стварэння адпаведнага сучасным стандартам шоу, можна толькі вітаць. А дуэту Val мы пажадаем удачы, і пажадаем спадабацца ў першую чаргу не так еўрапейскай публіцы, як сваёй роднай беларускай.