Лямец: эфектна і натхняльна

№ 10 (1449) 07.03.2020 - 14.03.2020 г

Ад перашытых са старых джынсаў дзіцячых куртачак у часы татальнага дэфіцыту і безграшоўя — да арыгінальных касцюмаў самай гучнай мінулагодняй прэм’еры ў маскоўскім Вялікім тэатры оперы і балета: такі шлях за 30 гадоў прайшла мінскі дызайнер Ганна Строцава. Апошніх гадоў сем яна працуе з лямцам, і цалкам ім захоплена: можа і многае расказаць, і стварыць з яго дзіўныя і прыгожыя рэчы. Аказалася, што адзенне з лямца прыдатнае не толькі для звычайнага жыцця, але і для тэатральнай сцэны, і для розных іншых мастацкіх спраў. Рэдкія майстры ў Беларусі працуюць на такім узроўні, ды й іх увогуле няшмат. Ганна Строцава — і майстар, і дызайнер, і страсны прыхільнік лямца.

/i/content/pi/cult/788/16966/08.JPGПершы на Ноевым каўчэгу

— Давай спачатку пагаворым, што гэта за матэрыял — лямец, і чаму ты ім захапілася?

— Лямец — надзвычай старажытны матэрыял, бо калісьці ж былі толькі шкуры жывёлін, а на шкурах была поўсць. Майстры расказваюць байку пра Ноеў каўчэг, на якім плавалі і авечкі: з іх падала воўна, яны па ёй тапталіся, салёная вада гэта ўсё прапітвала. І вось калі Ной і звяры сышлі на зямлю, з пад ног авечак з’явіўся дыванок  — яны “натапталі” лямец. Традыцыя стварэння вырабаў з лямца, канешне, ёсць у многіх краінах, і ў Беларусі таксама. Што ў нас рабілі з даўніх часоў  — сукно, з якога потым шылі верхнюю вопратку і ўпрыгожвалі яе стужкамі, вышыўкай. Рабілі і валёнкі. Але па вялікім рахунку гэтыя народныя традыцыі маюць невялікае дачыненне да цяперашняй лямцавай гісторыі, якая ва ўсім свеце стрэліла, так бы мовіць, толькі гадоў 20-25 таму. І звязаная яна з воўнай менавіта танкарунных авечак, якія ў нашых краях не жывуць, а жывуць, напрыклад, у Новай Зеландыі: толькі танкарунныя дазваляюць зрабіць той лямец, з якім працую і я, і іншыя майстры. Для валёнак падыходзяць і нашы родныя авечкі.

Асаблівае развіццё лямцу ў апошнія гады дала, я думаю, мода на экалагічнасць, на натуральнасць. Да таго ж ва ўсім свеце ўжо наеліся мас-маркета і прагнуць чагосьці арыгінальнага, унікальнага — лямец якраз дае магчымасць тварыць і ствараць.

Шуба цара Салтана, плашчы багатыроў

— А якім неверагодным чынам твае касцюмы з лямца трапілі на славутую сцэну Вялікага тэатра ў Маскве?

— Гэта справа выпадку і, спадзяюся, таленту (смех). Увогуле, адзеннем я займалася ўсё жыццё, а да лямца прыйшла ў сілу абставін. У мяне дзевяць гадоў ляжала мама паралізаваная, і я ўвесь час была пры ёй. Да таго ж займалася дзецьмі. Такім чынам, вялікага свету не бачыла, і ў нейкі момант адчула, што пакрысе вар’яцею і трэба нарэшце чым-небудзь заняць і рукі, і галаву. Вось так і пачала працаваць з лямцам — і адзенне рабіць, і розныя аксесуары. Зрэдку выходзіла на рамесную выставу “Млын”, якая тры разы на год бывае. У выніку атрымала зваротную сувязь, пераканалася ў тым, што не зусім бездар — людзям падабаецца. А як мама сышла на той свет, а дзеці ўжо выраслі — пачала і ездзіць. І вось паехала ў Маскву на выставу “Гранд-тэкстыль”, а там у першы жа дзень да мяне падышла жанчына і кажа — я набываю гэтыя рэчы для тэатра. Мы пазнаёміліся, трохі пагаварылі, зафрэндзіліся ў фэйсбуку — Вікторыя Сеўрукова. Потым спатрэбілася дарабіць розныя дробязі, стужкі, шарфы. І тады я ўжо пацікавілася, што за тэатр, што за спектакль — аказалася, спектакль “Калевала” ў “Театриуме на Серпуховке”: уся нячыстая сіла з гэтага фінскага эпасу апранутая ў шкуры, футры, лямец.

Пры наступнай сустрэчы Вікторыя кажа: “Ну што, Цара Салтана будзем ставіць?” Я спачатку і падумаць не магла, пра які тэатр гаворка, а потым аказалася  — што пра Вялікі, і для мяне гэта быў сюрпрыз дык сюрпрыз! Больш за тое, гаворка ішла не пра нейкую шараговую пастаўноўку оперы Рымскага-Корсакава, а пра вельмі гучны праект для Масквы і ўсяго опернага свету — з мноствам спецэфектаў, нават цыркавых трукаў, з шыкоўнымі касцюмамі і гэтак далей. А Вікторыя Сеўрукова, аказваецца, — славуты ў тэатральным свеце мастак па касцюмах, лаўрэат прэміі “Залатая маска”. Карацей, у мяне ўнутры ўсё затрымцела.

/i/content/pi/cult/788/16966/09.JPG— Як у вас размяркоўваліся ролі пры стварэнні гэтых крэатыўных тэатральных касцюмаў, якім чынам вы працавалі разам?

— Як звычайна ў тэатрах робіцца — мастак па касцюмах прадумвае канцэпцыю, нейкія агульныя эскізы, а ў жыццё ўсё ўвасабляюць майстры. Спектакль маштабны — для яго было пашыта 340 касцюмаў, а ў фінальнай сцэне задзейнічана адразу 150 чалавек. Дарэчы, сцэнаграфію і дэкарацыі там рабіў знакаміты беларускі тэатральны мастак Зіновій Марголін. Вікторыя прывезла мне ў Мінск — вось на гэтую кватэру, у якой я і працую, — макеты, паставіла перада мной задачы. Напрыклад, кафтаны — калі я пабачыла, якія кафтаны, то расхвалявалася — маўляў, як я гэта буду рабіць, калі ўсё паспею? Бо кафтаны вельмі незвычайныя, іх хвасты цягнуцца на палову пакоя.

— А чаму, як ты думаеш, выбар паў менавіта на цябе? — З лямцам, мабыць, і ў Маскве людзі працуюць. І наколькі ў дадзеным выпадку можна казаць менавіта пра тваю творчасць?

— Тут тэхналогія прынцыпова адрозніваецца ад шытва, і месца для творчасці ёсць нават на самым першым этапе — стварэння матэрыялу, калі ты толькі валіш лямец. А потым з яго ўжо можна канструяваць адзенне ці што іншае. А Вікторыі не патрэбны быў звычайны майстар, звычайны рамеснік. Я думаю — у мяне ёсць ілюзія! — чаму менавіта я: бо мы імгненна пачалі размаўляць з ёй адной мовай, мы з ёй на адной хвалі, у нас супадаюць культурныя коды. Яна дастае папку з эскізамі, на вокладцы — выява фрэскі з Сіены, а я кажу: “Прывітанне Сіене!” І ўсё ўжо зразумела. Ці мы доўга шукаем рашэнне для нейкай дэталі, я так і гэтак раскладваю матэрыял, і ў нейкі момант з аднаго боку мой муж Дзіма кажа: “Канашэвіч!”, з другога Вікторыя: “Білібін!” І мне дастаткова — я разумею, пра што гаворка і як трэба зрабіць. У сэнсе, я не проста дзяўчынка нейкая, а чалавек з пэўным культурным бэкграўндам.

— Якія самыя яскравыя касцюмы з лямца атрымаліся для “Казкі пра цара Салтана”?

— Самая яскравая — гэта шуба цара, магу паказаць фота з працоўнага працэсу, як на нашай дачы яна сохне на маім мужы-паэце (смех). Шуба зроблена з выкладзенага на воўну шаўковага пэчворку, у ёй вялікае мноства колераў і адценняў. Давялося пафантазіраваць і з кальчугай цара — яна ж таксама рабілася з лямца, прычым гэта кальчуга даўжынёй ў чатыры метры. Трэба было зрабіць так, каб яна трохі паблісквала, і я знайшла спецыяльную сетку, якую кавалкамі выкладвала на воўну, — пажаданы эфект быў дасягнуты. У спектаклі ў лямец апранутыя не ўсе героі, толькі некаторыя — “ткачиха, повариха, сватья баба Бабариха”, цар Салтан і багатыры — з такімі своеасаблівымі плашчамі-шарфамі з перфарацыяй па нізе. Мне было надзвычай цікава іх “апранаць”.

З дызайнерскай думкай

— Праца на Вялікі тэатр у Маскве для так званага партфоліа творчага чалавека — дасягенне вельмі значнае. Ці прынесла гэта нейкую карысць з пункта гледжання кар’еры?

— Пра кар’еру і пра тое, што ёй трэба займацца, я пакуль і ўвогуле не думала. Я дызайнер, я працую, а якая ў гэтым кар’ера  — не ведаю (смех). Сказаць, што вось цяпер я такая зорка, і да мяне выстраілася чарга з прапаноў, канешне, нельга. Лямец для тэатральнага касцюма — рэч эфектная, але ж ён не можа быць у кожным спектаклі, бо падыходзіць пад вельмі канкрэтныя і дастаткова рэдкія ідэі і канцэпцыі. З Вікторыяй Сеўруковай, як будзе яшчэ нагода, думаю, мы працягнем супрацоўніцтва. Пра беларускі тэатр і гаворкі няма — мабыць, яшчэ і таму, што праца з лямцам гэта нятаннае задавальненне. Але калі раптам мяне запросяць, я буду шчаслівая.

— А ці ёсць у нас у Беларусі свая, як кажуць, школа працы з лямцам, сваё кола дызайнераў, мастакоў?

— У нас многа добрых майстроў-рамеснікаў, але нельга сказаць, што ёсць свая школа. Ды яе, мабыць, і нідзе яшчэ няма. Акрамя ўсяго іншага, умець валіць лямец і рабіць з яго адзенне не значыць аўтаматычна быць дызайнерам, быць мастаком. Больш за тое, я лічу, што за сем гадоў працы я і сама з лямцам яшчэ не дасягнула ўзроўню дызайнера — бо гэта азначае нейкае асаблівае мысленне, пошук новых эрганамічных хадоў, новай мастацкай мовы і да таго падобнае. Мне яшчэ ёсць куды расці.

— А як ты стала дызайнерам — бо прафесійнай адукацыі ў гэтай галіне ў цябе няма?

— Адукацыя ў мяне архітэктурная, і да стварэння адзення я адразу ставілася не як швачка, якая ўсяго толькі ўмее шыць. Вось зараз вельмі модна і актуальна перапрацоўваць старыя рэчы — з пунктагледжання экалогіі, каб менш было адходаў. А калісьці былі часы, што проста трэба было ў нешта апранацца самім і апранаць сваіх дзяцей, і таму даводзілася фантазіраваць. Але пры гэтым я рабіла не самыя звычайныя, не самыя банальныя рэчы. Калі маёй дачцэ было гады чатыры, я ўсім сваім знаёмым сказала  — калі ёсць старыя джынсы, не выкідвайце, а нясіце да мяне. І пашыла сваім дзецям і дзецям сяброў арыгінальныя джынсавыя куртачкі  — адна, напрыклад, была ўся абшытая гузікамі, другая з рознымі скуранымі дэталямі, трэцяя яшчэ з нечым. Ужо тады я гулялася з формай каўнераў — было гэта напрыканцы 80-х, калі яшчэ і не думала, што стану дызайнерам, што ўступлю ў Саюз дызайнераў. Рабіла інтэр’еры для цікавых праектаў у сферы культуры і рознае іншае: гэта пачатак 90-х — мне вельмі падабаўся гэты час турбулентнасці, дзікай свабоды, магчымасцяў, энергіі. Стварала калекцыі скуранога адзення  — яны прадаваліся ў Мастацкім салоне ў Мінску на праспекце, і гэта было насамрэч дызайнерскае адзенне: мае паліто раз’ехаліся па ўсім свеце. У нейкі момант так склаліся жыццёвыя абставіны, што давялося спыніцца, і вось тады я знайшла для сябе лямец, які захапіў мяне цалкам. А цяпер мае паліто з лямца пазнаюць, дарэчы, проста на вуліцы: як хто дасведчаны пабачыць, дык кажа — гэта праца Ані Строцавай. Хаця па-сур’ёзнаму я толькі пачынаю, і абавязкова нешта цікавае яшчэ прыдумаю, не магу не прыдумаць. Хачу заняцца інтэр’ерным лямцам — тут вялікая прастора для творчасці, мабыць, пачну рабіць інтэр’ерныя пано ці нават карціны — як габелены, толькі з лямца. У мяне адчуванне, што я ўжо дарасла да больш смелых рухаў і рашэнняў.