Па-дэ-дэ юбілейных лічбаў

№ 10 (1449) 07.03.2020 - 14.03.2020 г

Днямі Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжу споўнілася 75 гадоў. Але асноўныя ўрачыстасці ды святкаванні перанесены на канец вучэбнага года, каб не парушаць стройны, складзены дзесяцігоддзямі працэс падрыхтоўкі юных артыстаў.

/i/content/pi/cult/788/16963/04.JPGЗдаецца неверагодным, але харэаграфічны каледж і сапраўды быў адкрыты ў 1945 годзе, толькі называўся іначай — вучылішчам. Па адных падліках, гэта адбылося 27 лютага. Па другіх — 3 сакавіка, што і лічыцца афіцыйнай датай заснавання навучальнай установы.

Беларусь вызвалена, але вайна яшчэ не скончана. Мінск амаль цалкам зруйнаваны. І ў такіх умовах — думаць пра будучыню беларускага балета? Ці ж гэта магчыма? Гісторыя пацвердзіла правільнасць тых рашэнняў: менавіта так, з прыцэлам на адухоўленую мастацтвам будучыню, і трэба пераадольваць жыццёвыя цяжкасці. Але гэта не значыць, што да таго часу артыстаў балета ў нас не рыхтавалі. Свае школы існавалі пры магнацкіх оперных тэатрах ХVIII стагоддзя, у ХІХ — здарыўся перапынак, у ХХ — новае нараджэнне. Харэаграфічны клас быў пры Мінскім музычным тэхнікуме, толькі адкрыўся там не адразу, а праз чатыры гады існавання тэхнікума, у 1928-м. На аснове гэтага класа была створана Беларуская студыя оперы і балета. А ў 1939-м харэаграфічнае аддзяленне, складзенае пераважна з выхаванцаў дзіцячых дамоў, з’явілася ў тэатральным вучылішчы, і яго першы выпуск прыпаў на апошнія перадваенныя дні 1941-га. Прычым сярод арганізатараў таго аддзялення, навучэнцы якога ўдзельнічалі нават у Першай дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве ў 1940-м, была народная артыстка Беларусі Зінаіда Васільева. Менавіта яна стане пасля вайны першым мастацкім кіраўніком цяперашняй гімназіі-каледжа.

/i/content/pi/cult/788/16963/05.JPGПераемнасць? А яшчэ нейкая амаль фантасмагарычная звязка балета і вайны — бы жудаснага сутыкнення маладосці і смерці, вытанчанай прыгажосці і жахаў. Балет перамог — і 75 гадоў запар, без перапынку з “адпачынкам на лаўрах” педагогі з багатым танцавальным мінулым рыхтуюць усё новыя пакаленні бліскучых артыстаў. Сярод першых выкладчыкаў тагачаснага харэаграфічнага вучылішча — знакамітая Ніна Младзінская, якая была прымай нашага Вялікага тэатра да 1957-га, пакінуўшы сцэну ў 52 гады. Як і іншыя тагачасныя педагогі новай навучальнай установы, яна была вучаніцай і паслядоўніцай Агрыпіны Ваганавай — заснавальніцы рускай класічнай школы балета, працягваючы яе справу ў Беларусі. Адной з выпускніц нашага харэаграфічнага вучылішча па класе згаданай Ніны Младзінскай стала Інэса Душкевіч — народная артыстка Беларусі, цяперашні мастацкі кіраўнік гімназіі-каледжа.

— Мы імкнемся захоўваць лепшыя традыцыі балетнай класікі, — гаворыць Інэса Анатольеўна. — Я памятаю, як я тут вучылася, з якім паразуменнем ставіліся да нас выкладчыкі, як імкнуліся падтрымаць. Сёння ж вельмі важна падтрымліваць і берагчы найперш саміх педагогаў. Сыходзяць аксакалы, але застаюцца іх запаветы, што перадаюцца ўсё новым пакаленням. Дзеці прыходзяць да нас розныя — і вельмі адораныя ад прыроды, і не вельмі. Але на выпуску ўсе выглядаюць прыстойна, бо выкладчыкі не шкадуюць сваіх сіл. І лепшыя адразу прыходзяць у тэатр, становяцца вядучымі салістамі. Завітвайце на нашы справазначна-выпускныя канцэрты і спектаклі — самі ўсё ўбачыце!

Так, асноўныя юбілейныя ўрачыстасці адбудуцца ў маі — на традыцыйным выступленні навучэнцаў гімназіі-каледжа на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі. Прапрацоўваюцца і магчымасці правесці гала-канцэрт сусветных зорак — былых выхаванцаў нашай навучальнай установы. Такі “зорны россып” сапраўды мог бы ўпрыгожыць той жа фестываль “Балетнае лета ў Вялікім”. Але не будзем зазіраць наперад, каб не сурочыць. Бо ў тым, наколькі адметных артыстаў у нас рыхтуюць, пераконваюць старэйшыя пакаленні былых выпускнікоў. Сярод іх — народныя артысты Беларусі Людміла Бржазоўская, якая цяпер працуе педагогам-рэпетытарам нашага Вялікага тэатра, Юрый Траян — галоўны балетмайстар гэтага тэатра, Валянцін Дудкевіч — мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі і многія-многія іншыя.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"