Народжаны беларускім Палессем

№ 38 (856) 20.09.2008 - 26.09.2008 г

Выстаўка Гаўрылы Вашчанкі “Народжаны беларускім Палессем”, якая прысвечана 80-годдзю з дня нараджэння майстра, адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. У экспазіцыі прадстаўлена рэтраспекцыя жывапісу, пачынаючы з 1970-х гадоў. Выстаўлена многа і зусім новых твораў.

 /i/content/pi/cult/175/1696/Narodzhany.jpg
 
Гаўрылу Вашчанку належыць стварэнне вобразаў ідэальных герояў беларускай зямлі, пакалення, якое вырасла разам з адноўленай краінай пасля ваенных ліхалеццяў і вынесла на сваіх плячах цяжар усіх трагедый ХХ стагоддзя. Мастак увасобіў вобразы легендарных сыноў і дачок Беларусі — асветнікаў, паэтаў, барацьбітоў за свабоду, сярод якіх — Янка Купала, Якуб Колас, Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Канстанцін Астрожскі, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Вітаўт, Леў Сапега.
У творчасці Вашчанкі няма туманнага эзатэрызму. Мастак заўжды пісаў тое, пра што добра ведаў: прыродныя краявіды, што наталяюць уяўленні і будзяць фантазію; жыццё на родным Палессі, у краі, дзе нарадзілася любоў да свайго народа, яго гісторыі, якая пазней пераўвасобілася ў павагу да нацыянальнай спадчыны. Немалую ролю адыграла тут і вучоба ў мастацкім інстытуце Львова, дзе ў першыя пасляваенныя гады панавала даволі вольная атмасфера еўрапейскага горада, плённая для тых, хто хацеў проста ствараць. Бадай, адтуль жа было вынесена пачуццё самакаштоўнасці роднага; пачуццё, якое не выкажаш гучнымі словамі, але якое змяняе і фарміруе накірунак думак і творчых памкненняў.

Палессе ўвасобіла для Гаўрылы Вашчанкі не проста паняцце “малой радзімы”: гэта невычэрпная крыніца вобразных ідэй, неабсяжная прастора для кампазіцыйных і каларыстычных задач. Яго Палессе гучыць магутным гімнам чалавеку і прыродзе. Мастак гаворыць пра адметнасць гэтай зямлі з хваляваннем, годнасцю, душэўнай цеплынёй, з захапленнем і замілаванасцю, шчырай любоўю і занепакоенасцю за лёс краю. Па сутнасці, жывапісец адкрыў для беларускага мастацтва месца, дзе захавалася аўтэнтыка, якая зыходзіць каранямі ў мінулыя стагоддзі і як мага дакладней перадае сутнасць прыроды Беларусі і характар яе насельнікаў.

Стыль Гаўрылы Вашчанкі спалучае традыцыі беларускага іканапісу, фрэскавага жывапісуўсіх канфесій і сучаснага манументальнага мастацтва, у якім ён з’яўляецца пачынальнікам і першапраходцам. Яго манументальныя і станковыя работы — класіка, якая ўвасобіла цэлую эпоху з яе ідэальнымі памкненнямі і балючымі расчараваннямі, складанымі пераўтварэннямі і чалавечымі трагедыямі.

Сёння мастак штодзень прыходзіць у майстэрню.

Уражанні саступаюць месца інтэлектуальнаму спазнанню свету. Усё часцей з’яўляюцца іншасказальныя, алегарычныя, умоўна-міфалагічныя вобразы, у аснову якіх кладзецца філасофскі сэнс, аналітычнае ўспрыманне рэчаіснасці, стварэнне абагуленай і сімвалічнай карціны. Творца з былым захапленнем вывучае і занатоўвае навакольнае асяроддзе, якое перастае быць матэрыяльным, фізічным прадметам і выяўляецца ім менавіта праз філасофскія разважанні. Мажліва таму, гледзячы на карціны Гаўрылы Харытонавіча, хочацца вярнуцца да вытокаў архаічнага разумення святла, дабрыні, чысціні, да каранёў нашай духоўнасці.


Наталля ШАРАНГОВІЧ