Палессе ўвасобіла для Гаўрылы Вашчанкі не проста паняцце “малой радзімы”: гэта невычэрпная крыніца вобразных ідэй, неабсяжная прастора для кампазіцыйных і каларыстычных задач. Яго Палессе гучыць магутным гімнам чалавеку і прыродзе. Мастак гаворыць пра адметнасць гэтай зямлі з хваляваннем, годнасцю, душэўнай цеплынёй, з захапленнем і замілаванасцю, шчырай любоўю і занепакоенасцю за лёс краю. Па сутнасці, жывапісец адкрыў для беларускага мастацтва месца, дзе захавалася аўтэнтыка, якая зыходзіць каранямі ў мінулыя стагоддзі і як мага дакладней перадае сутнасць прыроды Беларусі і характар яе насельнікаў.
Стыль Гаўрылы Вашчанкі спалучае традыцыі беларускага іканапісу, фрэскавага жывапісуўсіх канфесій і сучаснага манументальнага мастацтва, у якім ён з’яўляецца пачынальнікам і першапраходцам. Яго манументальныя і станковыя работы — класіка, якая ўвасобіла цэлую эпоху — з яе ідэальнымі памкненнямі і балючымі расчараваннямі, складанымі пераўтварэннямі і чалавечымі трагедыямі.
Сёння мастак штодзень прыходзіць у майстэрню.
Уражанні саступаюць месца інтэлектуальнаму спазнанню свету. Усё часцей з’яўляюцца іншасказальныя, алегарычныя, умоўна-міфалагічныя вобразы, у аснову якіх кладзецца філасофскі сэнс, аналітычнае ўспрыманне рэчаіснасці, стварэнне абагуленай і сімвалічнай карціны. Творца з былым захапленнем вывучае і занатоўвае навакольнае асяроддзе, якое перастае быць матэрыяльным, фізічным прадметам і выяўляецца ім менавіта праз філасофскія разважанні. Мажліва таму, гледзячы на карціны Гаўрылы Харытонавіча, хочацца вярнуцца да вытокаў архаічнага разумення святла, дабрыні, чысціні, да каранёў нашай духоўнасці.
Наталля ШАРАНГОВІЧ