Тамара Міронава: “Тры разы збіралася кідаць тэатр…”

№ 9 (1448) 29.02.2020 - 07.03.2020 г

На вуліцах яе пазнаюць, дзякуючы кіно і серыялам — у апошнія гады іх было нямала. А за спінай ужо вялікае жыццё, і гэта — жыццё ў тэатры. Заслужаная артыстка Беларусі Тамара Міронава адзначыла 70-гадовы юбілей, і адзначыла на сцэне роднага Купалаўскага тэатра. На яе яна выходзіць амаль 20 гадоў, іграе ў многіх папулярных і знакавых спектаклях. А да таго была шматгадовая праца ў тэатры Бабруйска, бліскучы творчы перыяд і міжнародныя ўзнагароды ў мінскім эксперыментальным тэатры “Дзе-Я?”. Ва ўзросце 50 гадоў яе чакаў новы ўзлёт кар’еры — і запрашэнне ў славуты тэатр імя Янкі Купалы, і пачатак кінакар’еры. Тамара Васільеўна і сама кажа, што ёй трэба кнігі пісаць — столькі ўсяго цікавага адбывалася! Хаця б частку цікавага з Тамарай Міронавай мы зараз згадаем — і павіншуем яе з юбілеем, які праходзіць, дарэчы, у няспыннай працы. Але ж для акцёраў гэта — шчасце.

— Юбілеям можна падзякаваць за тое, што ўдаецца пачуць пра сябе многа добрага. У гэтым сэнсе, я ведаю, юбілей вас парадаваў…

— Ну так, мяне многа хвалілі, ажно занадта, мне здаецца (смех). Але пераказваць не буду — лічу, што не варта да такога вельмі сур’ёзна ставіцца. Але мне і без юбілеяў няма на што скардзіцца — гледачам я чамусьці падабаюся, да мяне падыходзяць і на вуліцах, і ў метро, і ў электрычках, і кажуць вельмі добрыя словы. Але гэта ідзе, канешне, з кіно, больш нават з серыялаў — тэатральны акцёр такой вядомасці не мае. У адной праграме, што пра мяне рабілі, сказалі — “нізкапробныя серыялы”. Я не была б такой катэгарычнай, бо здымалася і ў вельмі якасных серыялах, якія і прызы на кінафестывалях атрымлівалі. Канешне, у кожнага акцёра ёсць мара зняцца ў “поўным метры”, але і ў серыялах можна працаваць з вялікай цікавасцю. Асабліва калі не проста выкарыстоўваюць твой тыпаж, а даюць прастору для творчасці, даюць паспрабаваць нейкае новае амплуа.

/i/content/pi/cult/787/16957/6_2.jpg

Фота Паліны ХАДОРЫК

Кіно — гэта тыпаж

— А што са сваіх кінапрац вы можаце вызначыць? Мяне калісьці вельмі ўразіў выдатны фільм “Франц + Паліна”. Па якой ролі, як вы думаеце, вас найперш пазнаюць?

— Пазнаюць, я думаю, не па адной ролі, а па сукупнасці — таму, што іх многа самых розных. Разумееце, кіно — гэта тыпаж. І як бы мы, людзі мастацтва, ні думалі пра нейкія высокія матэрыі, гледачы ў масе сваёй цэняць душэўнасць і простасць. А ў мяне, мабыць, такі добры твар, які выклікае давер (смех), і людзям падабаюцца ролі, дзе я блізкая да іх і зразумелая.

Наконт фільма “Франц + Паліна” я згодная, з рэжысёрам Міхаілам Сегалам мы нават пасябравалі. Вось і акцёры ж былі беларускія, і зняты фільм па аповесці Алеся Адамовіча, але фільм лічыцца расійскім. Потым Міхаіл запрасіў мяне і ў фільм “Рассказы”, які таксама атрымаў мноства ўзнагарод на кінафестывалях. “Волки” — гэта наша беларуская, вельмі моцная карціна, здымаў яе Аляксандр Колбышаў, якога, на жаль, ужо няма на гэтым свеце. Заўсёды прыемна працаваць з рэжысёрам Каценькай Двігубскай — яна добрыя серыялы здымае, і для сябе я знаходжу там вельмі цікавыя ролі.

— Ролю Кучарыхі з фільма “Франц + Паліна” вам потым давялося і на сцэне сыграць у спектаклі “Не мой”, які атрымаў мноства тэатральных прэмій. Сапраўды знакавая для вас роля.

— Калі здымаўся фільм, на пляцоўцы пастаянна прысутнічала дачка пісьменніка Наташа Адамовіч. У нейкі момант мы з ёй пагаварылі, і прыдумалі, што трэба і ў тэатры паставіць. Але кіно рабілася па сцэнарыі самога Алеся Адамовіча: на “Беларусьфільме” сцэнарый праляжаў 12 гадоў, і зняў яго ўсё роўна — ну што ж ты будзеш рабіць! — расійскі рэжысёр. А інсцэніроўку для тэатра па аповесці “Нямко” рабіў Аляксандр Гарцуеў, і з крыху іншымі акцэнтамі і падыходам. І мне пашчасціла ізноў сыграць Кучарыху — рэжысёр адстаяў: хаця былі меркаванні, што не трэба, каб я і ў фільме, і ў тэатры. Але ж любіць мяне гэтая Кучарыха.

Абсалютна гарадскі жыхар

— Здымацца вы пачалі дастаткова позна, гадоў у 50. Чаму?

— Проста маё пакаленне трапіла на такі перыяд складаны, калі ўпала ўсё кіно, тут нічога не здымалася. А гэта ж быў мой самы моцны, самы галоўны час як актрысы. Акрамя таго, я вельмі многа сіл і часу аддавала тэатру — з Бабруйска пераехала ў Мінск, дзе з рэжысёрамі Мікалаем Труханам і Віталем Баркоўскім мы з нуля стваралі тэатр “Дзе-Я?”. Калі Мікалая не стала, я пэўны час яшчэ выконвала абавязкі галоўнага рэжысёра — вельмі цяжкі быў для мяне перыяд. Але потым тэатр пайшоў у нецікавым для мяне накірунку, і я сышла. І мяне, і шэраг іншых тэатральных людзей — гэта калі Валерый Мазынскі пакінуў тэатр “Вольная сцэна”, а з ім пайшлі акцёры — падтрымаў тады Аляксей Дудараў: пад эгідай Саюза тэатральных дзеячаў мы зрабілі некалькі спектакляў. У той час, дарэчы, я і пазнаёмілася з Генадзем Аўсяннікавым, калі мы ставілі “Трыбунал”.

— Вы ажно расквітнелі, як згадалі Аўсяннікава!

— Таму што гэта мой любімы партнёр, з якім мы пастаянна іграем мужа і жонку (смех). А пачалося наша знаёмства, дарэчы, з канфлікту. Ён прыйшоў да нас іграць у “Трыбунале”, ужо адыграўшы гэтага Цярэшку на купалаўскай сцэне разоў 600. А мы, астатнія артысты, ігралі ўпершыню, і нам трэба было засвоіць ролю, паспрабаваць і так і гэтак. А ён калоціць тэкст і калоціць! У нейкі момант я не вытрымала і спыніла рэпетыцыю: “Ну немагчыма ж так працаваць!”. Генадзь псіхануў і ўвогуле сышоў. Я потым так перажывала: “Народны артыст, а я на яго рот раскрыла! Не прыйдзе больш да нас, застанемся мы без Цярэшкі...” Але нічога — на наступны дзень рэпетыцыі прадоўжыліся, і мы неяк прыцерліся адзін да аднаго: і ён да мяне з сімпатыяй, і я да яго. У Купалаўскім мы столькі спектакляў разам адыгрылі — “Вечар”, “Людзі на балоце”, “Паўлінка” і гэтак далей! Нават у новай пастаноўцы — “Шляхціц Завальня” — ізноў мы муж і жонка.

— Цікава, а наколькі з вамі рэальнай супадае ваш цяперашні сцэнічны вобраз, так званы народны, у асноўным вясковы тыпаж?

— Не надта супадае. Па-першае, я ж абсалютна гарадскі жыхар, у вёсцы ўвогуле бывала мала. Але мне там вельмі падабаецца, падабаюцца людзі — адкрытыя, шчырыя, крыху наіўныя. Я заўсёды з імі магла паразумецца. Але сама сябе я не атаясамліваю з маімі гераінямі — заўсёды, дарэчы, кажу “яна”, а не “я” пра якую ролю. Я найперш актрыса.

Бабруйскі, “Дзе-Я?”, Купалаўскі

— У Купалаўскі тэатр вы прыйшлі, калі вам быў 51 год. Не ўсім актрысам так шанцуе, праўда?

 — Я б сказала — гэта неверагодны выпадак, такога проста не бывае! Рэжысёр Валерый Раеўскі паглядзеў нашы спектаклі, што мы рабілі з Мазынскім, і ў выніку запрасіў мяне ў тэатр. Сказаў, што ў яго зараз няма актрысы народнага плана, і я падыходжу. Так што ў мяне перапынкаў творчых ніколі не было, без працы я ўвогуле не сядзела. І тым не менш, хоць з самой маладосці любіла менавіта тэатр, але разы тры ў жыцці збіралася кідаць гэтую справу. Першы, калі звольнілася з бабруйскага тэатра, бо проста ўжо не магла там працаваць — у тэатральнай сферы панаваў крызіс. Але Бог адразу адчыніў перада мной іншыя дзверы, я ізноў іграла. Падобнае яшчэ паўтаралася — лёс не даваў мне быць без сцэны.

/i/content/pi/cult/787/16957/6_1.jpg

Тамара Міронава ў фільме “Вось гэта любоў”. 2013 год.

— У вас і зараз вельмі многа працы — і ў тэатры, і ў кіно.

— Купалаўскі тэатр, мне здаецца, на ўздыме, я гляджу на моладзь, якая прыходзіць, — яна такая цікавая, такая таленавітая! І пра мяне не забываюцца, даюць ролі — зараз новая пастаноўка будзе. У кіно за апошні час я знялася ў чатырохсерыйным серыяле пра вайну, знялася ў рэжысёра Ігара Чацверыкова — “В поисках ангела”. Надзвычай цікава было мне ў фільме “Купала” Уладзіміра Янкоўскага — там у мяне невялікая роля аканомкі. Увогуле, вельмі радуе, калі здымаюцца менавіта нашы беларускія фільмы. Не толькі я, а ўсе нашы акцёры, наколькі я ведаю, гатовыя ісці на розныя ўступкі, розныя ўмовы — падчас нават бясплатна працаваць, каб толькі здымалася беларускае кіно.

— У вашым жыцці былі тры вялікія тэатральныя перыяды, тры тэатры. А пачыналі вы ў Бабруйску, з не самага, магчыма, вядомага на той час, з правінцыйнага, як лічыцца.

— Ой, што вы! Я тады была шчаслівая, што мяне ў прынцыпе ўзялі ў тэатр, правінцыйны-неправінцыйны — без розніцы. У мяне ж не было тэатральнай адукацыі, у родным Вільнюсе я скончыла педагагічны інстытут, а ў Даўгаўпілсе, дзе працавала, проста займалася ў тэатральнай студыі. А тут прыехаў са спектаклямі Бабруйскі тэатр, які шукаў сабе маладых акцёраў, і запрасіў мяне. Гэта быў 73-ці год. З вельмі добрым сэрцам я згадваю Бабруйск, бо менавіта там увайшла ў прафесію і перайграла ўсіх — ад грыбочкаў да галоўных гераінь. Але напрыканцы 80-х усё стала вельмі дрэнна. І тут мяне Мікалай Трухан паклікаў у Мінск — мы дамагліся спачатку звання тэатра-студыі, а потым заслужылі стаць і сапраўдным дзяржаўным тэатрам “Дзе-Я?”.

Ад эксперыменту да трагедыі

— Для Беларусі гэта даволі ўнікальны, эксперыментальны тэатр, асабліва калі казаць пра пачатак 90-х — іншых такіх проста не было. Але неяк рэдка пра яго згадваюць.

— Мы многа ездзілі па замежных фестывалях, і часам сапраўды здавалася, што там нас ведаюць болей, чым тут. Я лічу, што нам і зараз такі тэатр патрэбны: добра, каб ён быў, напрыклад, пры нашай тэатральнай акадэміі. А каму ж эксперыментаваць, як не моладзі!

Вось у Маскве ганарацца сваімі рознымі тэатральнымі эксперыментамі, ды й у нас як хто з’ездзіць туды, пабачыць, дык потым: “Ой, а як жа там у Маскве цікава зрабілі!” Дык я вам скажу, што мы ў “Дзе-Я?” усё гэта яшчэ 30 гадоў таму зрабілі, і атрымалі за свае спектаклі прэміі ў Еўропе. Але тады ў Беларусі ніхто асабліва нас не падтрымаў — ні крытыка, ні тэатральны свет. Так гэта і сышло. А як я хацела хоць нешта паспець захаваць, хацела, каб тэлебачанне зняла — але нічога не атрымалася. Я вельмі паважала Мікалая Трухана, і вельмі шкадавала, што ён так рана пакінуў свет.

— А можаце прыгадаць, што такога асабліва цікавага і незвычайнага вы там рабілі?

— Напрыклад, мы адначасова ігралі на сцэне дзве аднаактныя п’есы, а такога ўвогуле ніхто не рабіў. Ігралі мы і на англійскай мове — для еўрапейскага гледача. У спектаклі “Чорт і баба” я з гледачом працавала на імправізацыі, і ніколі не было аднолькавых паказаў: на тэатральным фестывалі ў Эдынбургу атрымала прэмію як лепшая актрыса за гэты спектакль. У “Дзе-Я?” што ні спектакль быў — то ўсё эксперымент, зараз словамі і не раскажаш. Мікалай Трухан вельмі любіў Беларусь, і хацеў, каб усё было толькі па-беларуску, і каб ніякіх лапцей, а наадварот — хацеў узняць беларускі тэатр, вывесці яго ў авангард. У яго былі такія задумкі!

— Як актрыса вы паспрабавалі многае, цяпер у вас перыяд акадэмічнага тэатра. А ёсць нешта, што вам яшчэ не даводзілася іграць?

— Не было ў мяне яшчэ высокай трагедыі. Калі Мікалай Пінігін паставіў “Дзве душы”, я адчула, што і гэта магу — там быў адпаведны эпізод, такім чынам мая планка акцёрская яшчэ трохі ўзнялася. Але такое зараз рэдка ставяць — час змяніўся, ці што. У нейкі момант, сапраўды, я адчула, што эксперыментаў мне болей ужо і не хочацца — хачу размаўляць з гледачом пра жыццё, пра душу, пра тое, як мы разумеем адзін аднаго ці не разумеем. І Купалаўскі гэта ўсё мне дае.