Сёмы раз не падвёў

№ 9 (1448) 29.02.2020 - 07.03.2020 г

Вяртанне на радзіму амаль праз восемдзясят гадоў
Прах славутага літаратара Змітрака Бядулі перавезены ў Мінск і будзе перапахаваны ў сталіцы. Пра гэта было абвешчана 27 лютага падчас прэс-канферэнцыі ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.

/i/content/pi/cult/787/16954/2_3.jpg

Дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Рыбакоў, сын Змітрака Бядулі Яфім Плаўнік, старшыня Фонду Марыі Магдалены Радзівіл Аляксандр Сапега, Часовы павераны ў справах Беларусі ў Швейцарыі Павел Мацукевіч падчас прэс-канферэцыі.

Фота Таццяны Матусевіч

Змітрок Бядуля (Самуіл Плаўнік), вядомы літаратар і дзеяч беларускага нацыянальнага руху першай паловы ХХ стагоддзя, памёр у эвакуацыі падчас Вялікай Айчыннай вайны 3 лістапада 1941 года, і быў пахаваны ў горадзе Уральску (Казахстан). Амаль праз восемдзясят гадоў пасля смерці нарэшце зрабілася магчымым вяртанне яго праху на родную зямлю Беларусі.

/i/content/pi/cult/787/16954/2_4.jpg

Аляксандр Сапега і Павел Мацукевіч падчас эксгумацыі праху Змітрака Бядулі ва Уральску.

фота з сайта Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры

Пытаннямі перапахавання пісьменніка на радзіме са згоды прадстаўнікоў яго сям’і займаецца Фонд Марыі Магдалены Радзівіл (Швейцарыя) на чале з членам Кансультатыўнага савета па пытаннях беларусаў за мяжой пры МЗС Беларусі Аляксандрам Сапегам. Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры выступае партнёрам у рэалізацыі перапахавання. Філіял музея, “Беларуская хатка”, знаходзіцца ў будынку, дзе жыў з 1914 па 1918 год Змітрок Бядуля разам са сваімі сёстрамі, а таксама гасцяваў Максім Багдановіч.

/i/content/pi/cult/787/16954/2_5.jpg

Першапачатковы выгляд надмагілля Змітрака Бядулі.

фота з сайта Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры

У фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры знаходзяцца каля 80 прадметаў, непасрэдна звязаных з жыццём і дзейнасцю Змітрака Бядулі. Пры эксгумацыі праху і дэмантажы помніка ва Уральску былі захаваныя шыльды з надмагілля з імем пісьменніка, якія таксама будуць перададзеныя ў фонды музея. Настаяцель царквы на гарадскіх могілках Уральска выступіў з прапановай ушанаваць месца першапачатковага пахавання Змітрака Бядулі, усталяваўшы пры царкве мемарыяльны знак у памяць аб ім. У краязнаўчым музеі ва Уральску і сёння захоўваецца шэраг прадметаў, звязаных з постаццю Змітрака Бядулі, у тым ліку ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, якім ён быў узнагароджаны.

Эксгумацыя адбылася 24 лютага, а ўжо ўвечары 26 лютага прах Змітрака Бядулі прыбыў у Мінск. Сын пісьменніка Яфім Плаўнік падкрэсліў, што ўспрымае перапахаванне бацькі, як вяртанне на радзіму, і спадзяецца, што прах класіка знойдзе сваё пачэснае месца ў беларускай зямлі. Яфім Плаўнік прыгадаў таксама абставіны пахавання Змітрака Бядулі ва Уральску ў 1941 годзе, выказаў падзяку ўсім, хто зрабіў магчымым вяртанне праху ў Беларусь, і адзначыў, што спробы здзейсніць гэта раней рабіліся ўжо шэсць разоў, а ўдалося толькі на сёмы.

Пакуль канкрэтнае месца перапахавання Змітрака Бядулі ў Беларусі не вызначанае, але вядома, што гэта адбудзецца ў Мінску.