“Харошкі” ў Амане

№ 9 (1448) 29.02.2020 - 07.03.2020 г

Як паведамляе прэс-служба Міністэрства культуры краіны, Дні культуры Рэспублікі Беларусь у Султанаце Аман запланаваны з 2 па 6 сакавіка.

Падчас мерапрыемстваў выступіць Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”. Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь з дапамогай уласнага збору рэалізуе выставачны праект “Узоры і сімвалы: спадчына беларускага арнаменту”. Міністэрства спорту і турызму Беларусі падрыхтавала прэзентацыю, што распавядае пра турыстычны патэнцыял нашай краіны.

Беларускую афіцыйную дэлегацыю ўзначаліць міністр культуры Юрый Бондар. У склад яе ўвойдзе таксама дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Сапоцька.

Цырымонія адкрыцця Дзён культуры адбудзецца 4 сакавіка на сцэне Дома музычных мастацтваў Каралеўскага опернага тэатра ў Маскаце. Гледачы ўбачаць нумары з залатога фонду “Харошак”, заснаваныя на багатым фальклорным матэрыяле і беларускай гісторыі. Сюрпрызам для публікі стане музычная “Арабская фантазія” ў выкананні аркестравай групы ансамбля.

Экспазіцыя Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь будзе працаваць да 31 мая. Дамінанта выставы — нацыянальны касцюм, а таксама — ручнікі, посцілкі, вышыўкі, прадметы этнаграфіі.