Час перамен — не заўсёды да лепшага

№ 8 (1447) 22.02.2020 - 29.02.2020 г

Наша кіно 80 — 90-х
Справядлівасць урэшце перамагла: ЧК — Чырвоны касцёл — вярнулі вернікам. Але наш Дом кіно і, адпаведна, Саюз кінематаграфістаў літаральна апынуўся на вуліцы. Раней мы ў тым Доме знаёміліся з шэдэўрамі сусветнага кіно, з працамі калег з саюзных рэспублік — параўноўвалі, вучыліся, пазычалі. Цяпер нам не было дзе збірацца, мы не бачылі новых фільмаў калег: чакай, пакуль іх пакажуць па ТБ.

Пра “вайну без вайны”

Творчае аб’яднанне “Летапіс” у кінастудыі па праспекце Незалежнасці, 93 займала ўвесь першы паверх, злева ад уваходу.

/i/content/pi/cult/786/16951/15_1.jpgТут грунтоўныя цікавыя кінапартрэты на фоне эпохі стварыў удумлівы Анатоль Алай: пра маракоў — свавольнага Марынэска і мяцежнага Сабліна; пра лётчыка Гастэлу, фельдмаршала Гурко, дыпламата Грамыку.

Дапытлівы Віктар Шаталаў — першы з нашых аператараў, хто здымаў пад вадой, — месяцамі плаваў на танкеры “Героі Брэста” па акіянах зямнога шара; пачынаючы з гарэзлівай стужкі пра Францыю “Спатканне з Марыянай” па маім сцэнарыі, стварыў цыкл карцін — своеасаблівы кінаальбом замежных вандровак. Для нас у 60 — 70-я — тое быў недасягальны свет!

Юрый Цвяткоў атрымаў Дзяржпрэмію БССР за беларускую “Ленініяну”, — па сутнасці, шэраг глыбокіх кінадаследванняў падзей і фактаў, малавядомых нам.

Сяргей Лук’янчыкаў з паэтам Рыгорам Барадуліным літаральна выкрыкнулі “Акафіст Уладзіміру”: пасмяротны паклон, 20 хвілін смутку і болю па адыйшоўшым у невараць Уладзіміру Караткевічу.

Але самым значным стаў цыкл фільмаў, дзе пераасэнсоўвалася, па-новаму асвятлялася магістральная тэма “Партызанфільма” — і мастацкага, і дакументальнага: Айчынная вайна.

“Я з вогненнай вёскі”, “У вайны не жаночы твар” — выдатныя балюча-публіцыстычныя карціны, шчодра і заслужана абсыпаныя прэстыжнымі прызамі і прэміямі, якія стварыў Віктар Дашук.

Некалі нас, студэнтаў рэжысёрскага факультэта, выкладчык сцэнічнай мовы Барыс Якаўлевіч Вішкароў азнаёміў з вянком санетаў Брусава, растлумачыў структуру паэтычнага “вянка”. Мы, як гаворыцца, “прынялі да ведама” — і на тым забыліся. А аднакурснік Валерый Рубінчык праз дзесяць гадоў выкарыстаў тую форму як сюжэтны стрыжань карціны пра “вайну без вайны”: аб падлетках, якія ірвуцца на фронт. Яна так і называлася: “Вянок санетаў”.

Ён дакладна азначыў паэтычную накіраванасць задумы, расказваў мне, як звярнуўся да Давіда Самойлава. Масціты паэт, пэўна, не паверыў у сур’ёзнасць праекта і адмовіўся. Тады Валерый падаўся да Бэлы Ахмадулінай: яна напісала і звонкім пявучым голасам прачытала няскончаны, як і было па сюжэце фільма, вянок: палову, шэсць вершаў. Яе голас гучыць у фільме Валерыя.

“Где те, которых нет...”

Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі — адзінае заахвочванне рэжысёра за фільмы, што мелі нейкі, так бы мовіць, “еўрапейскі” лоск. То дзякуй, камсамол!

А больш яго тут нават не прадстаўлялі на якое б там ні было званне. Навошта? Ведалі, што ў рэшце рэшт пакіне студыю, з’едзе.

Ледзь ён перабраўся ў Маскву, як атрымаў там званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР”, — па сутнасці, за працы, зробленыя ў Мінску і ацэненыя здалёк Масквой. А заахвочваць было за што.

Філасофская камедыя “Культпаход у тэатр” — такой тонкасці рэжысёрскіх знаходак, знешне някідкай ігры акцёраў, — быццам бы “між іншым”, — хай даруюць мне калегі, няма больш ані ў воднай працы “Беларусьфільма”.

“Адступнік”, “Далягляд з трыма купальшчыцамі” — захапляючыя, вытанчыныя па форме і кінамове карціны. На жаль, гэта апошнія працы мінчука на студыі, з якой яго літаральна выціснулі. Патрэбны доказы?

Вось яны.

З Валерыем і са мной у 1984-м студыя заключыла дагавор на сцэнарый пра трагічную ноч з 13 на 14 верасня 1823 года. Па сцэнарыі ў Бабруйскую крэпасць чакаўся прыезд цара Аляксандра І, і там вырашана было прымусіць яго падпісаць 1-ю Рускую канстытуцыю, а ў выпадку яго адмовы — у падземных казематах забіць. Акцыю дакладна распланавалі — усё ж вайскоўцы з вопытам змагання з Банапартам! Яе ўзначалілі шэсць будучых дзекабрыстаў. Але нічога не здарылася. Чаму? Вось гэта і з’явілася зместам даследавання сцэнарыя і будучага фільма Валерыя. Ён літаральна “гарэў” задумай! Пісалі натхнёна. У яго прытулак — пакойчык студыйнага інтэрната на вуліцы Мірашнічэнкі — збіраліся штовечар, як на працу.

Сцэнарый завяршылі, адшліфавалі, раздрукавалі, здалі.

І вось старшыня Дзяржкіно БССР — не проста рэдкалегія студыі, але сам старшыня! — выклікаў суаўтараў і заявіў: “Мы вам заказвалі фільм пра будучых першых рэвалюцыянераў, а вы апісалі ваганні і разгубленасць афіцэраў-дваран”. Карацей: нас “зарубілі”. Валерыю, як гаворыцца, “далі па руках”, перакрылі дыханне і натхненне згасла…

“Беларусьфільм” застаўся без карціны Рубінчыка, а між тым усімі ягонымі творамі па сёння ганарацца.

“Валодзя, — прызнаўся Рубінчык, ад’язджаючы назаўсёды, — я ў Маскве да нашай задумы ўжо не вярнуся”. Па яго парадзе я шмат чаго дапісаў і ператварыў сцэнарый у аповесць “Их портрет с обречённым императором”. У 2005-м яе выдалі тысячным тыражом.

І ў працяг. Той жа старшыня Дзяржкіно БССР зламаў руку і ў такім “загіпсаваным” выглядзе павёз за мяжу на Міжнародны кінафестываль “Дзікае паляванне…” — прадстаўляць кінематограф усяго СССР. Але Валерый толькі праз год выпадкова ад польскай кіназнаўцы пачуў пра тую “патаемную” акцыю: дапамагла “прыкметная прыкмета” персоны, якая прадстаўляла адзначаны прызам фільм.

Дасканалы кінатвор: гарманічнае спалучэнне драматургіі, аператарскага жывапісу, акцёрскіх увасабленняў, шчымлівай музыкі, фрагменты якой нязменны паплечнік Яўген Глебаў, з якім некалі ў 67-м я звёў рэжысёра, у будучым устаўляў у свае балеты… І ўсё аб’яднана талентам майго сябра з юнацтва.

Валерый рассказваў мне, як прыняў фільм аўтар рамана./i/content/pi/cult/786/16951/15_2.jpg

“Скончыўся прагляд, запалілася святло... Доўгая-доўгая паўза... я хвалююся... Караткевіч павярнуўся да мяне: “Гэта вельмі далёка ад таго, што я напісаў…” — Ізноў невыносна доўгая паўза. — “Але гэта — выдатны твор кінематаграфіі! Хлопцы, хто збегае за каньяком?”

Супрацоўнікі студыі, якая ўзрасціла Валерыя, рваліся ў здымачныя групы таленавітага майстра-земляка, называлі яго “Феллінчык” — пазнавальнае сугучча. А калегі… ён чужак сярод, здавалася б, сваіх.

Ад’ехаў Валерый. Фільмы, знятыя ў Маскве, прывозіў нам для паказу. Яны былі вынаходлівымі, уражвалі формай, кінамовай, прыёмамі, але здаваліся нейкімі халоднымі.

Карэнны мінчук, наязджаючы на радзіму, сяліўся ў гатэлі.

Пасля прэм’еры “Адступніка” Валерый, выканаўца галоўнай ролі Рыгор Гладзій, Барыс Луцэнка і я да ранку ў нумары Рубінчыка абмяркоўвалі фільм, перакусвалі, — праўда, ужо не было яго таты Давіда Ісакавіча, які ў мінулым пасля кожнай сынавай прэм’еры звычна ладзіў банкет для яго сяброў.

Рэжысёр Юрый Цвяткоў, які ў мастацкім кіно абраў адзіны напрамак, абраны жанр: музычнае кіно — не, не мюзікл, хутчэй лёгкі сюжэцік з песенькамі. Тут у Юры канкурэнтаў не было: “нізкі” жанр музычнай камедыі акрамя Цвяткова нікога не вабіў.

У аснове сцэнарыяў — то беларускія казкі, то правераныя п’есы — Аляксандра Астроўскага “Снягурка”, Янкі Купалы “Паўлінка”, — то сітуацыя, спецыяльна апісаная на праслаўленых “Песняроў” “залатога” складу.

Кампазітары — лепшыя меладысты Беларусі: Яўген Глебаў, Эдуард Ханок, галоўны “пясняр” Уладзімір Мулявін.

Фільмы прызабыліся, а вось музыка гучыць! Нядаўна гурт Максіма Расохі “Мінск-класік” заслужыў падтрымку спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі на рэалізацыю праекта “Спадчына радзімы”, а канкрэтна: на запіс і канцэртныя туры з праграмай “Музыка Яўгена Глебава для беларускага кіно” — у аснове мелодыі з фільмаў Валерыя Рубінчыка і Юрыя Цвяткова.

Амаль да адлёту ў нябыт у студзені 2011-га Юра ўзначальваў наш Саюз кінематаграфістаў: у ХХІ стагоддзі заставаўся самым аўтарытэтным яго членам. І дзяліўся марай: помнік Мюнхгаўзену скульптара Уладзіміра Жбанава паставіць ля цяперашняга Дома кіно ў пачатку сквера на бульвары Талбухіна — самае месца!

Ледзь я ўвайшоў у майстэрню Жбанава, — войкнуў: сядзеў Алег Янкоўскі ў трохкутным капелюшы з кнігай на каленях і гусіным пяром — тады скульптура, крыху большая за натуральную велічыню, існавала яшчэ ў пластыліне… Але з невялікім разрывам у датах не стала Юры Цвяткова, Алега Янкоўскага, Валодзі Жбанава. Клапаціцца не было каму. Помнік, ужо адліты ў бронзе, але нікім у нас не запатрабаваны, доўга стаяў пад балконам у двары музея Мінска, пакуль яго не набыў нехта руплівы з Масквы.

Мая аднакурсніца Дзіямара Ніжнікоўская — упэўнены прафесіянал — паспяхова экранізавала савецкую літаратуру на кіна- і тэлестудыі.

А ў 1994-м зняла серыял “Раман імператара”: гісторыю грахоўнага — пры жывой жонцы-імператрыцы, — кахання цара Аляксандра ІІ да маладой прыдворнай Екацярыны Даўгарукай. Больш за тое, ён прызнаў іх сумесных дзяцей. Цар разрываўся між законнымі ланцугамі і поклічам сэрца. Сувязь стала вядомай усяму прыдворнаму і сталічнаму “свету”. Карціна бы нізводзіла пачуцці памазаніка Божага да простых, чалавечых. Шыкоўныя інтэр’еры, касцюмы, дакладны падбор малавядомых акцёраў ды й увогуле — манаршы ад’юльтэр! Усё працавала, каб фільм стаў цікавым, прыкметным.

Заўсёдны паплечнік Ніжнікоўскай — першы на “Беларусьфільме” кинааператар-вгікавец Алег Аўдзееў. Гэта была яго апошняя карціна: Алегу Ціханавічу ішоў тады 70-ты год.

Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр

Фота з архіва аўтара і з Сеціва